Беларускі хлапец – чэмпіён Антарыё

Сёлетні Кубак Антарыё, а зь ім і тытул Чампіёна Антарыё ў шасейных роварных гонках  выйграў канадыйскі спартовец беларускага паходжаньня Антось Варабей.

17990886_1115209348590921_242330585600781664_n.jpg

Каля 13 год таму вучань аднае са школаў Таронта Антось Варабей (сын Ірыны Варабей), улюбёны ў роварны спорт і даравіты ў выяўленчым мастацтве (напісаная ім у шаснаццацігадовым узросьце ікона Сьвятога Кірылы Тураўскага ўпрыгожвае алтар беларускай царквы ў Таронта), захварэў на рак. 

Некалькі месяцаў Антось праходзіў праз хіміятэрапію і вырашыў для сябе, што, прынамсі, стане рабіць тое, што любіў найбольш, нават калі яно і сталася б апошнім у жыцьці – упарта круціў педалі, ня слухаючы ўсялякіх ''што ты робіш?!'', ''не калеч сябе!''.

Доктар, што лячыў Антося, расказаў хлапцу гісторыю аднаго вядомага ўсяму сьвету раварыста, які таксама перамог лімфому, пасля чаго знайшоў сябе ў спорце, дасягнуўшы у ім самых высокіх вынікаў. Антось паверыў у лепшае... Ягоныя малады арганізм, воля, упартасць і канадыйская медыцына перамаглі.

За адвагу і стаўленьне да хваробы Антось атрымаў прэмію Nigel Williams Award «For Personal Strength And Courage» ("За персанальную сілу і мужнасьць") ад Упраўленьня школамі Таронта, якая ўручаецца адзiн раз на год толькi аднаму вучню з усяго трохмільённага Таронта. А пасьля перамогі над хваробаю Антось заняўся роварам сур'ёзна.

Ва ўнівэрсытэце, дзе Антось вывучаў ляндшафтную архітэктуру, ён разам зь сябрамі стварыў клюб горнага ровара, і ўжо праз год яны выйгравалі працяглую сэрыю гонак Кубка ўнівэрсытэтаў Антарыё тры гады запар. А ў персанальным заліку Антось асабіста выйграваў Кубак Антарыё сярод студэнтаў. Посьпехі паўплывалі на рашэньне Антося пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працягнуць прафесійную спартовую кар’еру – ён вырашыў заняцца шасейнымі гонкамі.

20915117_10102157633942289_6497093310087055351_n.jpg

Упартая праца над сабою, самаадданасьць падчас трэніровак не прымусілі доўга чакаць. Антось узыходзіў на подыюм у 24-гадзінных гонках у сольным разрадзе па горным ровары. Выйграваў шмат гонак у сваёй правінцыі, у Канадзе і ў Паўночнай Амэрыцы. Прадстаўляў Канаду супраць лепшых гоншчыкаў сьвету ў гонках «Spring Challenge». Антось аб’езьдзіў на ровары Канаду, большасьць штатаў ЗША, Коста-Рыку, выспу Табага, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кітай, Аўстрыю, Славаччыну, Польшчу.

Сёлета Антось разам са сваімі сябрамі-спартоўцамі стварыў у Таронта канцэптуальна новую каманду "Toronto Hustle". Ён з'яўляецца найстарэйшым у ёй, а таксама капітанам, трэнерам (''гуляючым трэнерам'') і юрыдычным саўладальнікам.

У першы ж сезон каманда пабрала ўсе прызы ў Антарыё. 20 жніўня Антось выйграў заключны этап Кубка Антарыё і, такім чынам, усю серыю гонак Кубка-2017. 

У камандным заліку Кубак Антарыё таксама выйграла ягоная каманда "Toronto Hustle". Акрамя названага Кубка Антось пасьпеў выйграць некалькі гонак па-за межамі правінцыі (ў Канадзе і ЗША). Цікава, што самы малодшы сябра "Toronto Hustle" стаў чэмпіёнам Канады сярод юніёраў! 

Дзеля больш дакладнага ўсьведамленьня узроўню спартовых дасягненьняў Антося Варабья трэба заўважыць, што насельнiцтва Канады, дзе роварны спорт вельмі папулярны, – 36,3 млн.

2 верасьня 2017 г. у дзень свайго 32-годдзя Антось зрабіў сабе падарунак і паставіў акордную кропку ў сёлетнім гоначным сезоне – выйграў "саколку лідэра" і ізноў узышоў на подыюм, заняўшы 2-е месца ў прэстыжных шматдзённых гонках "Green Mountain Stage Race" (штат Вэрмонт, ЗША). 

Цяпер наш спартовец разам з сябрамі працуе над канцэпцыяй пашырэньня сваёй каманды да статусу клуба. 

Ведаючы пра Антона крыху больш, чым пададзена у гэтым артыкуле, маю сказаць, што гэта вельмі мужны і валявы чалавек. Ягоныя медалi, прызы здабыты ня толькi потам, але й крывёю у прамым сэнсе гэтага слова – ёсьць здымак, на якім Антось з закрываўленымi тварам, рукамi, каленямi і ўвесь пабiты пасля таго, як вылез з чарговага "завалу".

Да ўсяго сказанага вышэй трэба дадаць адну прынцыповую рэч: Антось зьяўляецца перакананым прыхільныкам руху ''Спорт бяз допінгу''. 

Антось пазiцыянiруе сябе як канадыец беларускага паходжаньня. За гэта ягоныя сябры, прыхільнікі клiчуць яго The Most Belarusan. Няхай шаноўны чытач паспрабуе сам перакласьцi гэтае словазлучэньне.

Дарэчы, Антон сiмпатычны i... яшчэ непабраны.

Няхай колы ровара нясуць цябе, Антось, да чарговых перамогаў абмінаючы ''завалы'' на шашы. Здароўя і энергіі табе на наступны мільён міляў!

Алесь Кот, Таронта
фота “Радыё Свабода”