Беларускі голас Папы і Касцёлу: гутарка з супрацоўнікамі беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

У лютым 1931 г. пачало сваё вяшчаньне Ватыканскае радыё. Да лацінамоўных перадачаў зь цягам часу сталі дадавацца праграмы на іншых мовах. Сёньня Ватыканскае радыё мае 35 моўных рэдакцый, у тым ліку й беларускую. Яна была запачаткаваная ў 1950 г. дзеячам паваеннай эміграцыі ксяндзом Пётрам Татарыновічам.

Увосень 2015 г., у часе побыту ў Рыме, у мяне ўзьнікла жаданьне пабачыць, што ўяўляе зь сябе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, якая займае два пакоі ў Палацы Піа, вокнамі выходзячы на Замак Сант-Анджэла. Я цягам некалькіх дзён сустракалася зь яе супрацоўнікамі Аляксандрам Панчанкам і Янкам Мойсікам. Вынікам тых спатканьняў стала інтэрв’ю, у якім журналісты расказалі пра гісторыю рэдакцыі, асобаў, якія ў ёй працавалі, уласны шлях да Ватыкану, а таксама пра беларускае жыцьцё ў Вечным горадзе.


VatykanRadyjo2.jpg

Будынак, у якім знаходзіцца Ватыканскае радыё


Натальля Гардзіенка: Хацелася спачатку крыху пачуць пра гісторыю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Аляксандар Панчанка: 24 сьнежня 1949 г., перад Божым нараджэньнем, у этэры ўпершыню прагучала на беларускай мове пасланьне Папы Пія ХІІ. Папа пажадаў, каб гэтае пасланьне магло прагучаць для як мага большай колькасьці розных народаў. Тады было запрапанавана ксяндзу Татарыновічу падрыхтаваць гэты зварот па-беларуску, і ён яго агучыў.

А ўжо 6 студзеня 1950 г. на Ватыканскім радыё пачалі рэгулярна выходзіць беларускія праграмы, першапачаткова адзін раз на тыдзень. На старонках “Зьніча” Татарыновіч зьмяшчаў абвесткі: “Дарагія беларусы, Ваша мова дачакалася найвышэйшага прызнаньня. Цяпер яна можа гучаць на хвалях беларускага радыё Ватыкану. Вашыя радыёпрымачы павінны быць найлепшай якасьці і г. д.”. У мяне ёсць гіпотэза, што падштурхнуць ксяндза Татарыновіча да стварэньня рэдакцыі мог літоўскі біскуп Францішак Бучыс, зь якім ён вельмі сябраваў, калі прыехаў у Рым. Той дапамагаў яму выдаваць “Зьніч”, кансультаваў адносна зьместу выданьня і быў таксама галоўным рэдактарам Літоўскай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Н. Г.: Беларуская рэдакцыя й Радыё цалкам заўсёды былі ў гэтым будынку?

А. П.: Радыё працавала першапачаткова на тэрыторыі самога Ватыкану. І толькі ў 1970-м пераехала ў Палац Піа. Потым рэдакцыя перамяшчалася ўжо ў межах будынку, была за сьцяной у суседнім пакоі.

Н. Г.: Айцец Татарыновіч доўгі час працаваў на радыё адзін. Але з часам сталі зьяўляцца памочнікі. Што Вы пра іх ведаеце?

А. П.: Я чуў імя Яна Садоўскага, прыехаў айцец Кастусь Маскалік, пазьней, пад канец 1950-х, прыязджаў айцец Тамаш Падзява. Калі вызваліўся, прыяжджаў на радыё таксама айцец Язэп Германовіч, біскуп Часлаў Сіповіч дасылаў свае прамовы. У 1970-м ксёндз Татарыновіч пасьля 20 гадоў працы сышоў на пэнсію і займаўся іншымі справамі, перакладаў Сьвятое Пісаньне. Тады прыехаў у Рым айцец Леў Гарошка й да 1977 г. кіраваў рэдакцыяй. Ён быў чалавекам сьвету камунікацый. Яму на самай справе гэта падабалася. Айцец Аляксандар Надсан ва ўспамінах адзначаў, што калі Гарошка кіраваў місіяй у Лёндане, дык не на сваім месцы пачуваўся. А тут было яму нашмат лепш. Ён з радасьцю рабіў перадачы.

Зьявіўся айцец Робэрт Тамушанскі. І айцец Маскалік заставаўся, працаваў да вельмі позняга часу, пакуль не ад’ехаў у Лёндан.

Ад 2010 г. рэдакцыяй пачаў кіраваць рыма-каталіцкі сьвятар ксёндз Аляксандар Амяльчэня, які да гэтага часу быў прэс-сакратаром Касьцёлу ў Беларусі, кіраваў сайтам catholic.by. Ён ініцыяваў шмат зьменаў, у тым ліку й фармату вяшчаньня.

Н. Г.: А ці быў у радыё нейкі рэглямэнт, што павінны былі трансьляваць тыя нацыянальныя рэдакцыі?

А. П.: Арыентырам быў інфармацыйны бюлетэнь, які на радыё выходзіў кожны дзень на італьянскай мове. Паведамленьні й тэксты, якія ў ім зьмяшчаліся, трэба было перакладаць на іншыя мовы. Яны ж гучалі ў этэры. Я мяркую, што менавіта іх Пётра Татарыновіч потым нярэдка друкаваў у “Зьнічы”. Па панядзелках чыталіся навіны пра падзеі, прамовы Папы. У сераду пазнавальныя праграмы, бягучыя навіны й тэксты агульных аўдыенцый Сьвятога Айца. Па пятніцах — навіны пра касьцёльнае жыцьцё ў сьвеце. У нядзелю рыхтавалася пропаведзь і таксама прамова Папы, магчыма, “Анёл Панскі”.

Н. Г.: А колькі па часе займала тады адна перадача?

А. П.: Адна перадача ў той час мела працягласьць 14 хвілінаў. На сёньня маем штодзённы 19-хвілінны выпуск. Ён выходзіць а 19-й гадзіне па рымскім часе на кароткіх хвалях як асноўным канале вяшчаньня. Потым ужо дублюецца на ўсіх іншых: у інтэрнэце, праз спадарожнік. У першую частку выпуску, прыкладна 10 хвілінаў, уваходзяць актуальныя навіны. Мы рыхтуем таксама кожны тыдзень 5-хвілінны выпуск навінаў з Ватыкану для Першай праграмы Беларускага нацыянальнага радыё — асноўныя падзеі тыдню з Апостальскай сталіцы.

Н. Г.: У Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, відавочна, ёсьць архівы. Як можна ахарактарызаваць іхны зьмест, што у іх захоўваецца?

А. П.: У нас захоўваюцца тэксты тэматычных перадачаў, якія гучалі ў этэры, ад 1970-х гг. За 1980—1990-я гг. ёсьць і навіны штодзённыя, што выходзілі ў этэр. А цягам апошніх пяці гадоў мы наогул архівуем усё, што чытаем у этэры: і папярова, і аўдыёфайлы. У нас ёсьць сэрвэр, дзе мы захоўваем усе перадачы.

Н. Г.: З чаго складаецца Вашая праца ў рэдакцыі? Вы пішаце самі тэксты і самі агучваеце?

Пры Радыё існуе інфармацыйная служба, якая пастаўляе нам дакумэнты, тэксты прамоваў Папы ды іншых важных касьцёльных ярархаў, а таксама блізкія нам па тэматыцы навіны з усяго сьвету.

Н. Г.: Вы вольныя ў выбары матэрыялаў?

А. П.: Нашае прызначэньне — быць голасам Папы й Касьцёлу. Таму галоўнае месца ў праграмах займае ўсё, што зьвязана з Папам. Папа Францішак — вельмі актыўны Пантыфік, і пераважная большасьць навінаў тычыцца ягонай дзейнасьці: аўдыенцый, сустрэчаў, прамоваў, неспадзяванак, якія ён вельмі часта чыніць, наведвае кагосьці, тэлефануе й г. д. Мы стараемся пра гэта расказаць, прадставіць найбольш зразумела вучэньне пантыфіка, растлумачыць даступнай мовай. Іншая частка выпуску, гэта недзе 8-9 хвілінаў штодзённа, — тэматычныя рубрыкі. Кожны дзень тыдня ў нас разьмеркаваны й замацаваны за супрацоўнікамі нашай рэдакцыі. Выходзяць літаратурныя праграмы, катэхетычныя, гістарычныя, праграмы, прысьвечаныя духоўнасьці, мастацтву й музыцы. Сярод нашых аўтараў — вядомы мастацтвазназца Сяргей Харэўскі, радыёрэжысэр і прафэсійны дыктар Алег Вінярскі, канцлер курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзьмітры Пухальскі, грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні айцец Андрэй Крот, арганіст і музычны экспэрт Віктар Кісьцень.

Н. Г.: А нешта, што датычыць беларускай гісторыі, менавіта беларускія навіны, як было пры Татарыновічу, — такога цяпер няма?

А. П.: Апошнія пяць гадоў стала значна менш беларускай гістарычнай тэматыкі, каб не паўтараць тое, што друкуецца й публікуецца ў Беларусі. Мы пастараліся сфакусавацца менавіта на ватыканскім жыцьці, каб быць галоўнай крыніцай інфармацыі ў гэтым сэгмэньце.


Panczanka1.JPG

Аляксандар Панчанка й Натальля Гардзіенка ў часе інтэрвію. 2015 г. Здымак Н. Гардзіенкі


Н. Г.: Распавядзіце, калі ласка, пра сябе. Адкуль Вы й які быў Ваш шлях да радыё?

А. П.: Я нарадзіўся ў сям’і вайскоўца, таму мая сям’я вельмі шмат падарожнічала. Мой бацька — украінец, маці — беларуска. Нарадзіўся я ў Нямеччыне ў 1981 г., потым жыў у Расеі (Екацерынбургу), пакуль мой бацька вучыўся там, закончыў танкавае вучылішча й атрымаў прызначэньне ў Беларусь, у Печы — там я ўжо хадзіў у школу. Паступіў у БДУ на гістарычны факультэт у 1998 г. Потым працаваў у Музэі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Я быў актыўным парафіянінам у архікатэдры ў Менску, і калі ў Рыме зьявіліся стыпэндыі для моладзі, нас некалькі чалавек адправілі вучыцца. Так у мяне зьявілася магчымасьць вучыцца ў Папскім унівэрсытэце сьв. Тамаша Аквінскага (Анжэлікум).

Н. Г.: А якая была мэта такога навучаньня? Сьвятарства?

А. П.: Не. Гэта сьвецкая адукацыя. Мэта праекту, па якім мы вучыліся, — фармаваньне каталіцкіх лідараў, людзей з добрым навуковым бэкграўндам і арганізацыйнымі здольнасьцямі, каб яны працавалі на карысьць Касьцёлу ў Беларусі. Навукі вывучаліся розныя: ад вузка касьцёльных да такіх, як эканоміка, псыхалёгія. Але заўсёды праз прызму каталіцкага вучэньня. Навучаньне ішло на італьянскай. Некаторыя курсы былі па-ангельску. Я абараніў працу магістарскую й прысьвяціў яе постаці італьянскага палітыка Альчыдэ ды Гаспэры, аднаго з заснавальнікаў Эўрасаюзу, хрысьціянскага дэмакрата. Потым нам прапанавалі рабіць доктарскую, але мне хацелася чагосьці больш блізкага да Беларусі. І я ўзяўся за вывучэньне гісторыі нашай Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.


Panczanka2.JPG

Аляксандар Панчанка. 2015 г. Здымак Н. Гардзіенкі


Н. Г.: Але як гэтая рэдакцыя сталася Вашай?

А. П.: Калі яшчэ вучыўся, хадзіў у рэдакцыю, каб дапамагаць рабіць пераклады, у якасьці валанцёрства. Недзе праз год мне прапанавалі стаць яе штатным супрацоўнікам. І на сёньня гэта адзіная мая праца.

Н. Г.: А гэтага дастаткова, каб жыць у Рыме? Ці ёсьць у Вас сям’я?

А. П. Для жыцьця — дастаткова. Я маю жонку і двое сыноў: Альгерду тры з паловай гады, Арвіду — месяц.


VatykanRadyjo1.JPG

Пячатка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Здымак Н. Гардзіенкі


Н. Г.: Ці ёсьць у вас нейкая адваротная сувязь з слухачамі? Лісты, эмэйлы? Ці проста перадачы ідуць у космас?

А.П.: Лісты прыходзяць: просьбы распавесьці пра нешта, падзякі. Прыходзяць справаздачы ад аматараў радыёспорту, якія слухаюць нашыя праграмы й ставяць адзнакі, як ідзе радыёсыгнал, пра што яны пачулі ў этэры. Асноўным каналам камунікацыі зьяўляецца нашая старонка ў Фэйсбуку. На ёй мы таксама зьмяшчаем фотарэпартажы.

Н. Г.: На паліцы ў рэдакцыі стаіць бел-чырвона-белы сьцяжок. Якія дачыненьні мае вашая рэдакцыя й афіцыйная Беларусь сёньня? Ці вы абыходзіце гэтую тэму?

А. П.: Не. Сымбалі, якія вы тут бачыце, захоўваюцца яшчэ са старых часоў. І ніхто іх выкідваць не зьбіраецца, таму што яны адносяцца на нашай гісторыі. Мы ідзем у сугуччы з тымі дыпляматычнымі намаганьнямі, якія прыкладаюць прадстаўнікі Ватыкану ў Беларусі. Таму да ўладаў мы ставімся так, як ставіцца Папа — заўсёды з павагай, з добрымі ініцыятывамі, якія маюць спрыяць таму, каб у розных сфэрах жыцьця нашага беларускага грамадзтва быў прагрэс, было разьвіцьцё, і ў пазітыўным ключы гэтаму садзейнічаць.

Н. Г.: У Рыме ёсьць нейкая колькасьць беларусаў, якія тут жывуць, вучацца. Ці Вы падтрымоўваеце зь імі кантакты?

А. П.: Мы ня надта часта перасякаемся. Калі я прыехаў у Рым, тут паўстала маленькая каталіцкая суполка, у якую ўваходзілі сьвецкія вернікі й сьвятары, што вучыліся ў розных унівэрсытэтах. Можна сказаць, што мы аб’ядналіся па рэлігійным прынцыпе. У рамках гэтай суполкі мы зьбіраліся кожны месяц на Сьвятую Імшу, потым пілі гарбату й г. д. Здаралася, што ладзілі пілігрымкі па санктуарыях італьянскіх, якія нейкім чынам зьвязаныя зь Беларусьсю. Напрыклад, мы наведвалі вайсковыя могілкі ў Монтэ-Касіна. Потым многія студэнты заканчвалі вучобу й ад’яжджалі, нас стала зусім мала, 4-5 чалавек. І ўжо, калі зьбіраемся, то зусім рэдка ды ня так урачыста, як было раней. Я ведаю, што ёсьць некаторыя беларусы, якія падтрымліваюць сувязь з Русікумам. Пры ім існуе парафія Сьвятога Антонія, дзе праходзіць літургія ва ўсходнім абрадзе, і яе некаторыя наведваюць. Нядаўна мы пазнаёміліся з адной беларускай, якая тут жыве даўно. Яна замужам за італьянцам і прыходзіла да нас, працавала як валанцёрка, перакладала навіны. Мы мелі такую ідэю: можа, калі-небудзь зрабіць нарыс пра беларускія месцы тут — могілкі, карціны, сымбалі ў Рыме, зьвязаныя з гісторыяй Беларусі. Я калісьці рабіў нават праграму на гэтую тэму з цыклю “100 пытаньняў і 100 адказаў”. Яна называлася: “Што беларусу наведаць у Рыме”. Арганізаванага беларускага жыцьця ў Рыме, мне здаецца, няма. Ну а тое, што Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё — гэта месца адзінай беларускай прысутнасьці ў Ватыкане, дык гэта дакладна.


Mojsik1.JPG

Янка Мойсік і Натальля Гардзіенка ў часе інтэрвію. 2015 г. Здымак Н. Гардзіенкі


Н. Г.: Спадар Янка, а як Вы апынуліся на Радыё?

Янка Мойсік: Мой першы кантакт з Ватыканскім радыё быў у 1982 г., калі я жыў у Вене. Я тады выехаў з Польшчы праз складаныя ўмовы, якія ў той час узьніклі ў краіне. У Вене, як праваслаўны, часта хадзіў ва ўкраінскую грэка-каталіцкую царкву. У той час я дакладна не разумеў розьніцы паміж праваслаўем і ўніяцтвам. Тады ў Вену прыехаў айцец Тамушанскі, тагачасны кіраўнік Ватыканскага радыё, і стаў мне гаварыць пра працу ў Радыё, пытаўся, ці я ведаю беларускую мову. Я закончыў беларускі ліцэй у Бельску, і Тамушанскі сказаў: “То прыяжджай”. Я прыехаў у Рым 13 чэрвеня 1983 г. і з гэтага часу пачаў працаваць у рэдакцыі. Тады былі толькі айцец Тамушанскі й айцец Маскалік. Літаральна пару месяцаў перад маім прыездам пакінула працу ў рэдакцыі ўкраінка Вольга Браско — перайшла ва Ўкраінскую рэдакцыю. Калі я прыйшоў, перадачы былі пяць разоў на тыдзень, але праз два-тры месяцы мы ўжо мелі шэсьць праграмаў на тыдзень. Яны доўжыліся тады 14 хвілінаў. Беларусь была падсавецкая, таму мы ў сваіх праграмах больш увагі зьвярталі на рэлігійнае жыцьцё ў Беларусі. Тут вельмі дапаможнымі былі апрацаваньні айца Льва Гарошкі, асабліва ягоныя камэнтары да нядзельных Эвангельляў і на вялікія сьвяты. Таксама дасылаў скрыпты доктар Віктар Сянкевіч з Гішпаніі, які потым перасяліўся ў Каліфорнію.

У нас быў такі прынцып — штодня якісьці цыкль. Напрыклад, у нядзелю было тлумачэньне Эвангельля дня. У панядзелак я пісаў пра гісторыю Сьвятой Зямлі, пра яе месцы культу і г. д. Праграмы да 1989 г. былі асабліва зьвернутыя на рэлігійныя тэмы, бо Ватыканскае радыё — гэта радыё Папы. Трэба было гаварыць пра штодзённую дзейнасьць Святога Айца, пра ягоныя аўдыенцыі ці пра разважаньні Папы перад малітвай “Анёл Панскі” ды іншае. Гэта займала каля 30 адсоткаў часу.

У 1989 годзе адбыліся калясальныя зьмены: мы пачалі мець супрацоўнікаў зь Беларусі. Першай супрацоўніцай была Алеся Ўнукоўская, якая цяпер у Нью-Ёрку. Беларусь стала адкрытай краінай, я быў на 1-м кангрэсе беларусістаў у 1991 г., даў беларускім СМІ шмат інтэрв’ю. Маё выступленьне было два разы перадаванае на беларускім тэлебачаньні.


Mojsik2.JPG

Янка Мойсік. Здымак Н. Гардзіенкі


Н. Г.: Вы выдавалі тут бюлетэнь “Хрысьціянскія навіны”. Раскажыце, калі ласка, пра яго.

Я. М.: Зь Беларусі пасьля 1989 г. мне прысылалі магчыма з 30 розных бюлетэняў. Узьнікла думка: а можа і нам пачаць нешта выдаваць? Так склалася, што ў 1989 г. прыехалі ў Рым два студэнты з Польшчы — Юрка Ляшчынскі (цяпер праграмны дырэктар “Радыё Рацыя”) і Мікола Ваўранюк (журналіст “Нівы” й супрацоўнік “Радыё Рацыя”). Яны нам дапамагалі ў праграме і з імі мы пачалі: выпусцілі першы, другі, трэці нумар... Наклад быў 250 асобнікаў. Я нават дасылаў яго ў беларускія міністэрствы. Вельмі хутка прыйшлі добрыя рэцэнзіі, напрыклад, з “Радыё Свабода” і з Беларусі. Быў такі ўздым. Але неяк вельмі супраць гэтага паставіўся Тамушанскі. Таму я мусіў рабіць усё цішком, каб ён ня бачыў. І недзе ў 1994 г. я спыніў выдаваць бюлетэнь.

Н. Г.: А матэрыял Вы адкуль бралі?

Я. М.: Матэрыял я шукаў усюды. У “Божым шляхам” шукаў, многа дапамагаў прафэсар Антон Мірановіч зь Беластоку, ужо ўспомнены др. Сянкевіч, час ад часу айцец Аляксандар Надсан. Сам пісаў шмат, асабліва пра дзейнасьць Папы й пра падзеі ў Ватыкане.

Н. Г.: Раскажыце, калі ласка, пра Тамушанскага. Мы даволі мала пра яго ведаем. Што ён за чалавек быў, чым займаўся?

Я. М.: Як я ведаю, ён называўся Ёзэф Робэрт Патры. Ня ведаю, у якім годзе зьмяніў прозьвішча на Тамушанскі. Ён гаварыў, што ягоныя дзяды паходзяць недзе з-пад Наваградку. Ягоная маці была немка, таму айцец Тамушанскі вельмі добра гаварыў па-нямецку. А бацька — амэрыканец. Тамушанскі вучыўся ў духоўнай сэмінарыі айцоў базыльянаў у Таронта, потым жыў у манастыры. Ён меў кантакты зь сьвятаром Янкам Тарасэвічам, і той яго ўгаварыў, каб пакінуў манастыр і стаў дыяцэзіяльным сьвятаром. У выніку Тамушанскі прыехаў у Лёндан, дзе вучыўся ва ўнівэрсытэце. Разам з вучобай пачаў працаваць у лёнданскім беларускім цэнтры разам з айцамі Надсанам, Сіповічам, Гарошкам і г. д. Тады ў Лёндане было даволі шмат беларускіх каталіцкіх сьвятароў, а ў Рыме не было нікога, акрамя Татарыновіча. Калі Татарыновіч адышоў ад справаў, прыехаў на ягонае месца ў 1970 г. архімандрыт Гарошка й стаў кіраўніком праграмы. А сьледам зьявіўся недзе ў 1974 г. і айцец Тамушанскі, каб дапамагаць Гарошку. Тады было іх трое: Тамушанскі, Маскалік і Гарошка. Архімандрыт Леў Гарошка хварэў на сэрца. Паехаў у Парыж, зрабіў апэрацыю й памёр на апэрацыйным стале.

Такім чынам, з 1978 г. Тамушанскі стаў кіраўніком беларускай праграмы Ватыканскага радыё. Тамушанскі любіў езьдзіць па Эўропе й да арабскіх краінаў, асабліва ў Туніс. У канцы 1980-х гг. ён часта браў на два-тры дні білет і гатэль ды ляцеў. Ягонае сэрца было там. Ён мне ня раз казаў, што як закончыць працу на радыё, паедзе жыць у арабскую краіну. На жаль, не атрымалася. Айцец Тамушанскі часта езьдзіў у Лёндан, заўсёды сьвяткаваў там свае “ўрачыстасьці”: 3 чэрвеня — сьвятога Робэрта і 3 сьнежня — гадавіну свайго сьвятарства. І ў 1996 г. паехаў сьвяткаваць 33-ю гадавіну свайго рукапалажэньня ў сьвятарства ў Лёндан і там дрэнна пачуўся. Раніцай наступнага дня прыехаў на працу на радыё, а тут людзі бачаць, што ён дрэнна сябе адчувае й завезьлі яго ў больніцу. Наступнага дня, 10-га сьнежня, звоняць адтуль, што памёр. Тады айцец Надсан прыехаў і служыў хаўтурную літургію ў Русікуме. Пахавалі Тамушанскага на рымскіх могілках Порта Пія. Было шмат народу на пахаваньні. Недалёка ад яго ляжыць і заснавальнік беларускай праграмы айцец Пётра Татарыновіч. Тэрмін арэнды яго магілы скончыўся, і цяпер паўстала пытанне пра яго перапахаванне.

Н. Г.: Вы праваслаўны й працуеце на каталіцкім радыё, гэта ня ёсьць перашкодаю? Як тут да гэтага ставяцца?

Я. М.: Ніколі нічога дрэннага мне не казалі, усё было добра. Я нават з Папам Рымскім неаднойчы сустракаўся, разоў з дзесяць. З усімі, гэта значыць са сьв. Янам Паўлам ІІ, Бэнэдыктам XVI і Францішкам. І ніколі пытаньне веравызнаньня не ўзьнікала. Першы раз была аўдыенцыя з нагоды 35-годзьдзя Беларускай рэдакцыі. І магчыма зь пяць хвілінаў я гутарыў з Папам, якому расказаў пра гісторыю нашай праграмы, яе зьмест. Сьвяты Айцец на заканчэньне ўдзяліў сваё блаславеньне.

Гутарыла Наталля Гардзіенка