Беларуская нота ў амерыканскай трагедыі: граф з Мазыра, сябра Лі Харві Освальда

hu_logo-small.jpg

“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” падае слова “славуты” ў некалькіх значэннях: 1. Такі, пра якога ўсе ведаюць, агульнавядомы, праслаўлены; 2. Які набыў славу або дастойны яе, слаўны; 3. Які дасягнуў шырокай вядомасці, карыстаецца папулярнасцю.

Слава добрая ці ганебная — пра тое нічога не кажацца. Дый быць славутым і быць дастойным славы — зусім не тое самае.

У ангельскай мове існуюць два розныя канкрэтныя азначэнні: famous і infamous.

У беларускай мове не ўсё так адназначна.

У нашай гісторыі — таксама.

81 нумар “часапісу Беларусаў Паўночнай Амэрыкі”, газеты “Беларус”, за снежань 1963 года выйшаў з партрэтам Джона Кенэдзі ў жалобнай рамцы і рэдакцыйным артыкулам за аўтарствам Станіслава Станкевіча “Прэзыдэнт Кеннэды паў ад кулі злачынцы”. Тут, сярод іншага, выказвалася і адна з версіяў забойства: “Свае якасьці выдатнага палітыка й вялікага дзяржаўнага мужа Джон Кеннэды найлепш выявіў за гады на становішчы прэзыдэнта Амэрыкі і хіба найяскравей паказаў ён іх у часе леташняга г. зв. “Кубінскага крызісу”, калі сьмелаю, неспадзяванаю для ворага, пастановаю ён раскрыў хітры подступ атамнага агрэсара, сарваў зь яго аблыжную маску “голуба міру”, прымусіў скапітуляваць ды, на вачах усяго сьвету, адступіць у зьбянтэжаньні.

Ці ня гэтая Кубінская перамога й была галоўная прычына таго, што рука й куля забойцы была цяпер накіраваная на жыцьцё гэтага паважанага й прадбачлівага патрыёты свайго краю, імя якога пяройдзе ў гісторыю як імя аднаго зь вялікіх дзяржаўных мужоў Амэрыкі.

Джон Кеннэды быў заўсёды шчырым абаронцам права народаў на волю й дэмакратычнае народаўладзтва. Дзеля гэтага быў ён заўсёды спагадлівым, прыязным да ўсіх народаў паняволеных, а між імі й народу Беларускага. Ужо будучы на становішчы Прэзыдэнта Амэрыкі, Джон Кеннэды пераказаў Беларуска-Амэрыканскаму Задзіночаньню ў падарку свой партрэт з сваяручным прысьвячэньнем і подпісам. Партрэт захоўваецца ў вялікай пашане ў Беларускім Грамадзкім Цэнтры ў Нью Ёрку”.

Побач было змешчана факсіміле партрэта, падараванага БАЗА, ліст на ангельскай мове, высланы ад імя гэтай арганізацыі новаму прэзідэнту Ліндану Джонсану і Жаклін Кенэдзі, а таксама паведамленне пра заўпакойную святую літургію: “Уся беларуская калонія ў Нью-Ёрку й ваколіцах яго, старыя, маладыя й дзеці, паспяшылі ў нядзелю 31-га лістапада ў Кафедральны Сабор Св. Кірылы Тураўскага з сэрцамі, поўнымі смутку й жалю, каб аддаць Яму астатні доўг у шчырай малітве за супакой Ягонай Душы”.

Паніхіда была адслужаная і ў Нью-Брансвіку, падчас яе мясцовы аддзел беларускіх ветэранаў трымаў ганаровую варту; скончылася яна адспяваннем жалобнага маршу “Спі пад курганам герояў”…

Зразумела, уся шматнацыянальная Амерыка схіляла галовы ў жалобе ў тыя дні, але ў беларускай грамадзе гучала свая нота, асабістая: ужо было вядома, што меркаваны забойца пэўны час жыў у Мінску, а ягоная жонка наогул паходзіць з Беларусі.

Ад таго часу, больш як за паўстагоддзя, небагата дадатковага святла пралілося на гэтую амерыканскую трагедыю, што, у сваю чаргу, спрыяе з’яўленню кніг, фільмаў, серыялаў з новымі версіямі.

Так, у 2010 годзе пісьменнікі Цім Крынг і Дэйл Пэк выдалі раман “Зрух” (“Shift”) з наступнай ідэяй: амерыканскія спецслужбы быццам у 1960-я працавалі над праектам па кіраванні чалавечай свядомасцю, і хоць афіцыйна ён пацярпеў паразу — ці не мелі тыя доследы дачынення да падзеяў у Даласе?

А ў наступным, 2011, годзе Стывен Кінг апублікаваў навукова-фантастычны раман “11/22/63” (назва сама сведчыць пра змест), дзе адзін з герояў, нехта Джордж дэ Марэншыльд — асоба не прыдуманая аўтарам, а цалкам гістарычная, і ўжо адно гэта робіць твор, а таксама створаны ў 2016 г. па ім серыял вартымі ўвагі беларускага чытача і гледача.

Чаму? Здавалася б, “што ён Гекубе, што яму Гекуба”?

Аказваецца, жонка Лі Освальда Марына і час, праведзены ім у Мінску, — не адзіная сувязь самага рэзананснага палітычнага забойства XX стагоддзя з Беларуссю: Джордж дэ Марэншыльд, аўтар пасмяротна выдадзеных успамінаў “Lee Harvey Oswald as I knew him” (Lawrence (Kansas): University Press of Kansas, 2014), вядомы ў гісторыі як “найбліжэйшы сябра Освальда” (так называецца і кніга Бруса Адамсана — “Oswald’s closest friend: the George de Mohrenschildt story” (Santa Cruz (CA), 1995), нарадзіўся не абы-дзе, а менавіта ў Беларусі!

Гэты факт, які, бясспрэчна, стаўся б сенсацыйным як для следчых, так і для прэсы, абмінулі, прагледзелі, бо дэ Марэншыльд у дакументах быў запісаны “White Russian” — белагвардзеец, не беларус. Зрэшты, ягоная біяграфія дый сама роля “найбліжэйшага сябры” ва ўсёй справе засталіся да канца нявысветленымі ні тады, ні сёння — на радасць пісьменнікам, якія маюць свабоду для фантазій у пабудове новых тэорый змоваў.

Паспрабуем сабраць мазаіку біяграфіі дэ Марэншыльда хоць бы ў агульных рысах, наколькі тое дазваляюць адкрытыя крыніцы і выдрукаваныя матэрыялы, і зразумець, што ж за сяброўства было паміж ім і Лі Харві Освальдам.

Георгі Сяргеевіч (Джордж) дэ Марэншыльд нарадзіўся 17 (4) красавіка 1911 года ў Мазыры. Ягоны бацька, Сяргей Аляксандравіч фон Марэншыльд, быў мінскім павятовым маршалакам. У 1920 годзе ён быў арыштаваны за крытыку новых уладаў, але дзякуючы ўплывовым сябрам неўзабаве вызвалены. Налета Сяргея фон Марэншыльда арыштавалі зноў і гэтым разам выслалі пажыццёва ў Сібір, але ён нейкім чынам здолеў, нават з сям’ёй, збегчы ў Польшчу. Жонка неўзабаве памерла ад брушнога тыфу, якім заразілася падчас уцёкаў. У Польшчы сям’я жыла бязбедна дзякуючы сталаму прыбытку ад сямейнай гаспадаркі, што заставалася па іншы бок мяжы, у Беларусі.

Дзмітры, брат Джорджа дэ Марэншыльда, былы афіцэр імператарскага флоту, пасля рэвалюцыі далучыўся да антыбальшавіцкай групоўкі, быў таксама ўвязнены і асуджаны на смерць. І яму пашанцавала: стаўся часткаю абмену вязнямі і ў жніўні 1920 г. эміграваў у ЗША. Там Дзмітры зрабіў добрую кар’еру, працаваў у Кіраўніцтве стратэгічных службаў (Office of Strategic Services, OSS), быў — ні больш ні менш — адным з заснавальнікаў Радыё “Свабодная Еўропа”.

Трэба адзначыць, што род Марэншыльдаў наогул меў даўнія сувязі з Амерыкай. Паводле сямейнай легенды, адзін з прадстаўнікоў роду, барон Хіленфелт (Hilienfelt), з балтыйскіх шведаў, браў удзел у вайне за незалежнасць краіны.

Дзядзька Джорджа дэ Марэншыльда, Фердынанд, працаваў першым (па іншых звестках, другім) сакратаром расійскагa царскага пасольства ў Вашынгтоне. Ён быў у складзе дыпламатычнай дэлегацыі, якая прыбыла ў сталіцу ЗША з адной мэтай: пераканаць прэзідэнта Вудра Вільсана перастаць быць староннім бокам у Першай сусветнай вайне і абвясціць вайну Нямеччыне. З паспяховым выкананнем місіі ў 1917 годзе малады Фердынанд фон Марэншыльд зрабіўся надта ж папулярнай постаццю ў амерыканскім істэблішмэнце, сярод палітыкаў і бізнесменаў. Ён узяў шлюб з унучкаю самога Вільсана, дачкою міністра фінансаў ЗША Уільяма Макэду (William Gibbs McAdoo). Праўда, кар’ерны ўзлёт быў не толькі хуткім, але і кароткатэрміновым: неўзабаве Фердынанд памёр.

Жыццё самога Джорджа дэ Марэншыльда інтрыгоўнае і поўнае загадак. Ані не верыцца, што ягонай больш-менш поўнай і хоць бы часткова праўдзівай біяграфіі няма не тое што на беларускай — нават на ангельскай мове, нягледзячы на тое, што ніводны аповед пра забойства Кенэдзі не можа абысціся без згадкі гэтага імені. Дый як расказваць пра чалавека, якога, як трапна заўважыў рэдактар кнігі “Lee Harvey Oswald as I knew him”, найлепш можна ахарактыразаваць словамі з “Пляменніка Рамо” Дэні Дзідро: “Гэта — суплёт высокага й нізкага, клёку й неразважнасьці; у ягонай галаве, напэўна, дзіўным чынам перапляліся ўяўленьні пра сумленнае і ганебнае, бо ён не ганарыцца добрымі якасцямі, якімі надзяліла яго прырода, і не саромеецца дурных уласцівасцяў, атрыманых у падарунак ад яе”?

Большая частка дакументаў, звязаных з дэ Марэншыльдам, была недаступная даследчыкам; толькі ў апошні час іх пачалі рассакрэчваць. Пераважна біяграфічныя звесткі браліся з стэнаграмаў Камісіі Уорэна, г.зн. тое, што расказвалі сам дэ Марэншыльд і ягоная жонка (чацвёртая) — Жанна, руская, народжаная ў Кітаі. Звесткі тыя ніхто не пераправяраў, а таму дзе праўда, а дзе фантазіі, сказаць немагчыма. То за што купілі — за тое і прадаем.

Па смерці маці Джордж з бацькам пераехалі ў Вільню, дзе ў сям’і была маёмасць. Тут ён скончыў у 1929 г. гімназію, а ў 1931 г. — Польскую кавалерыйскую акадэмію. Ступеню магістра ён атрымаў у “Інстытуце вышэйшых камерцыйных доследаў”, а доктара навук — у Льежскім універсітэце ў 1938 г.

І бадай адразу пасля заканчэння вучобы Джордж дэ Марэншыльд эміграваў у Злучаныя Штаты, змяніўшы бацькоўскае фон на дэ. У літаратуры яго часта будуць менаваць калі баронам, а калі графам, і адно гэта ўжо дастатковая падстава крытычнага стаўлення да тытулаў. Вось толькі дэ Марэншыльд, як выглядае, меў значна больш небяспечныя шкілеты ў сваёй шафе. Сам уезд у ЗША аказаўся пад пагрозаю, бо брытанскія спецслужбы паведамілі амерыканскім калегам падазрэнні, маўляў, той працуе на нацыстаў. Таму непрацяглы час за дэ Марэншыльдам назірала ФБР, але ў краіну ўсё ж пусцілі з прычыны адсутнасці доказаў.

Такім чынам, у траўні 1938 года Джордж дэ Марэншыльд ужо ў Нью-Ёрку. Дзякуючы братавым кантактам і бацькаваму капіталу, прывезенаму з сабой (каля 10 тысяч даляраў; у 2017 г. гэта адпавядае больш-менш $167 тысячам), красамоўны банвіван, ён лёгка завёў уласныя знаёмствы ў самых высокіх колах; адно з іх — з сямействам Бувіе, пасябраваў з маленькай Жаклін (будучай Кенэдзі). Пазней дэ Марэншыльд будзе згадваць яе як разумную і вельмі самастойную дзевяцігадовую дзяўчынку, якая клікала яго “дзядзя Джэрдж” і сядзела ў яго на каленях. А для следчых тое застанецца адзінай і таму надта падазронай сувяззю Лi Харві Освальда з Кенэдзі — праз нашага героя.

Далей пачаліся частыя пераезды, не проста змены месцаў працы, а кардынальныя перамены галінаў дзейнасці. У 1939 годзе Джордж дэ Марэншыльд уладкаваўся ў Х’юстане ў кампанію “Humble Oil”, адным з заснавальнікаў якой быў Прэскатт Буш, бацька і дзед будучых прэзідэнтаў ЗША. У 1941 г. на прапанову сваяка барона Майдэля (таксама вядомага пранацысцскімі поглядамі) наш герой пачаў працаваць у ягонай фірме Film Facts, Inc. у Нью-Ёрку — быццам над дакументальным фільмам пра рух супраціву ў Польшчы. Пазней уладкаваўся ў нейкага Піера Фраіса, які меў кантакты з французскімі спецслужбамі і сам, як пазней прызнаваўся Камісіі, збіраў звесткі адносна заангажаваных ў пранямецкую дзейнасць калегаў. Далей Джордж дэ Марэншыльд паехаў у Мексіку, займаўся там цукровым бізнесам, але праз дзевяць месяцаў урад абвясціў яго persona non grata і загадаў пакінуць краіну. Тлумачыў гэта “граф” проста: рэўнасцю аднаго з мясцовых генералаў да кабеты, якая аддавала перавагу яму.

Трэба сказаць, Джордж меў поспех у жанчынаў і ўмела карыстаўся ім. Да сваёй апошняй жонкі, Жанны, ён быў жанаты тройчы: Дораці (1942—1944), Філіс (1947—1949) і Уайна (1951—1956) — і выходзіў са шлюбу штораз багацейшым. Так што ў нафтавы бізнес было што ўкладаць.

У 1944 г. дэ Марэншыльд вярнуўся ў Тэхас, паступіў у мясцовую Школу геалогіі на нафтавую інжынерыю, праз год атрымаў дыплом і з’ехаў працаваць у Венесуэлу. У 1946 г. вярнуўся ў Штаты, але толькі каб з’ехаць зноў: гэтым разам на Гаіці — наладжваць уласны бізнес. Ён наогул шмат вандраваў: Нігерыя, Тагаленд, Мексіка, Гана, Куба. З Марэншыльдам заўсёды была камера: калі не здымаць уласныя фільмы (няма звестак хоць бы пра адзін такі), дык рабіць здымкі цікавых тэрыторый. Вандроўкі быццам бы былі ўсе звязаныя непасрэдна з працаю, але абазнаным людзям складана было не заўважыць, што наведваліся краіны, дзе амерыканская выведка мела, як кажуць, свой інтарэс.

Жыццё тым часам як бы прыспешвала свой бег. 1957—1958 гг. — два падарожжы ў Югаславію; зноў жа, нібыта звязаныя з працаю, але за гэты час дэ Марэншыльд двойчы на лодцы намагаўся наблізіцца да выспы, дзе знаходзілася рэзідэнцыя Ціта — і абодва разы мусіў спешна паварочваць пад папераджальным агнём аховы. Па вяртанні Джордж сустракаўся з Уолтанам Мурам, чалавекам ЦРУ ў Даласе, і падрабязна расказаў пра ўсё бачанае. Яны яшчэ будуць сустракацца неаднойчы.

Затым — даўгое падарожжа па краінах Афрыкі нібыта ў пошуках філатэлістычных знаходак. А ў 1959 годзе — чарговая паездка ў Мексіку, дзе на адным з раўтаў адбылося знаёмства і кароткая гутарка з Анастасам Мікаянам.

У 1960 годзе памёр сын Джорджа Сяргей: кістозны фіброз. Неўзабаве дэ Марэншыльд заснаваў і ўзначаліў Cystic Fibrosis Fund у Даласе, стварыў Нацыянальную фундацыю гэтага ж прызначэння — між іншага, з Жаклін Кенэдзі ў ролі ганаровай старшыні. Тады ж Джордж з жонкаю паведамілі сябрам, што прыгнечаныя смерцю сына і хочуць перасекчы пешкі ўсю Паўднёвую Амерыку. І зніклі.

Існуюць розныя здагадкі, дзе насамрэч і з якімі мэтамі бавіла час спадарства дэ Марэншыльдаў (называецца, напрыклад, Гватэмала, дзе ў той час ЗША рыхтавалі ўварванне на Кубу). Значна цікавей, што існуюць і розныя версіі адносна таго, калі менавіта яны вярнуліся ў ЗША і, у прыватнасці, у Далас.

Паводле адной з версіяў, у 1961 г. Джордж быў запрошаны на абед Уолтанам Мурам (з ЦРУ) і менавіта тады пачуў пра існаванне Лі Харві Освальда, на той час яшчэ жыхара Мінска. У сваёй жа кнізе “Lee Harvey Oswald as I knew him” дэ Марэншыльд пісаў: “На пачатку лета 1962 г. пачалі разыходзіцца чуткі ў расейскамоўнай грамадзе Даласа і Форта Уортса пра незвычайную пару — Освальдаў. Муж нібыта былы амерыканскі марскі пехацінец, які збег у Савецкі Саюз і жыў у Мінску, горадзе, дзе я правёў сваё дзяцінства. Ён вярнуўся ў Злучаныя Штаты, цяпер жанаты з рускай. Хоць меў ён рэпутацыю чалавека няветлівага і эксцэнтрыка, мне было цікава пазнаёміцца з імі абаімі і даведацца, якім было іх жыццё ў Мінску”.

Так ці інакш, але спатканні з супрацоўнікам ЦРУ Мурам адбыліся сапраўды. Як пазней расказваў Джордж, была дасягнутая дамоўленасць: ён даведваецца пра жыццё Освальда ў Мінску, а за гэта ЦРУ праз свае кантакты дапамагае яму атрымаць нафтавы кантракт на Гаіці, дзе гаспадарыў Франсуа Дзювалье.

У рускамоўнай грамадзе Даласа дзівіліся, што можа яднаць арыстакрата, які вольна валодаў шасцю мовамі, з беднымі і малаадукаванымі Освальдамі. Тым не менш ніхто не мог адмаўляць, што Джордж зрабіўся найбліжэйшым сябрам Освальда і меў на яго велізарны ўплыў: дапамагаў знайсці працу і зняць жытло, браў на спатканні ў клубы і на імпрэзы, даваў парады што да сямейнага жыцця з Марынаю і дачкою, адным словам, быў тым аўтарытэтам, чые словы ўспрымаліся як безумоўнае і неаспрэчнае кіраванне да дзеяння.

Напэўна, дэ Марэншыльд па-сапраўднаму цікавіўся жыццём Освальда, ягонымі ідэямі, выслухоўваў і спакойна абмяркоўваў іх. Як ён напісаў у сваёй кнізе, “я ўспрымаў яго як сябра, амаль як сына. Магчыма, я ідэнтыфікаваў яго з маім памерлым сынам, падсвядома, зразумела, але што да ўзросту — то ён насамрэч мог-бы быць маім сынам”.

Блізасць гэтых двух чалавек падцвярджае здымак, атрыманы Джорджам: Освальд, апрануты ў чорнае, трымае ў адной руцэ снайперскае ружжо, а ў другой радыкальную газету “The Militant” і подпіс: “Джорджу, Лі Харві Освальд. 5 красавіка 1963 г.”.

А 10 красавіка была зроблена спроба замаху на адыёзнага генерала Эдвіна Уолкера, якога Освальд лічыў фашыстам за радыкальныя погляды. Як толькі пра гэта зрабілася ў горадзе вядомым, дэ Марэншыльд, па словах жонкі Лі Харві, прыбег да іх дадому і спытаў, як той мог не патрапіць і ці схаваў ён зброю.

У чэрвені 1963 г. дэ Марэншыльды пераехалі на Гаіці: выгадны кантракт быў атрыманы (відаць, праробленай з Освальдам працай у ЦРУ засталіся задаволеныя); там іх і заспела навіна пра забойства Кенэдзі. Джордж паведаміў у амбасаду пра свае кантакты з Освальдам, і ў 1964 г. яны вярнуліся ў Амэрыку, каб даць паказанні Камісіі Уорэна.

Версіі забойства былі розныя: і агучаны газетаю “Беларус” “кубінскі след”, і савецкі КДБ, і правыя радыкалы. Былі прыхільнікі і яшчэ адной версіі — нафтавай. У студзені 1963 г. Джон Кенэдзі прапанаваў Кангрэсу правесці закон, які б значна змяншаў ільготы нафтавых кампаній. Гэта скараціла даходы тэхаскіх нафтавікоў больш-менш на трыста мільёнаў у год. Так што грунт у такой версіі быў.

Больш, чым Джорджа і Жанну дэ Марэншыльдаў, распытвалі хіба толькі Марыну, удаву Лі Харві, але Камісія прыйшла да высновы, што сяброўства з Освальдамі і забойства Кенэдзі — толькі выпадковыя супадзенні.

Дэ Марэншыльды з’ехалі, але канчаткова вярнуліся ў Далас у 1967 годзе. Праз два гады Джордж пачаў выкладаць у мясцовым Бішап-каледжы французскую і рускую мовы. Але гісторыя на тым не скончылася.

5 верасня 1976 г. ён напісаў ліст да свайго старога знаёмага, а цяпер дырэктара ЦРУ — Джорджа Г. У. Буша: “Дарагі Джордж, выбачай за ліст, пісаны ад рукі. Магчыма, ты зможаш вырашыць сітуацыю, у якой я апынуўся. Мая жонка і я ўвесь час пад наглядам; наш тэлефон праслухоўваецца; за намі паўсюль сочаць. Або ў гэтым замяшанае ФБР, або яны не хочуць чуць маіх скаргаў. Мы на мяжы з вар’яцтвам.

Я паводзіўся як ідыёт ад часу смерці маёй дачкі Надзі, якая памерла ад кістознага фіброзу. Я спрабаваў пісаць, ідыёцкі і беспаспяхова, пра Л. Х. Освальда і напэўна раззлаваў нямала людзей”.

А яшчэ праз два месяцы Джордж трапіў у псіхіятрычны шпіталь, дзе яго лекавалі электрашокавай тэрапіяй. Як сцвярджала Жанна, у мужа была моцная дэпрэсія.

Журналіст Уільям Олтман, выступаючы перад Камісіяй па забойствах, пазней казаў: “Я не мог даць веры сваім вачам. Чалавек змяніўся кардынальна. Ён нерваваўся, тросся. Гэта была напалоханая, вельмі напалоханая асоба. Я быў у шоку, бо ведаў дэ Марэншыльда як чалавека, які перамагаў у тэнісных матчах, заўсёды загарэлы, які бегаў штораніцы, быў здаровы як бык”.

З гэтым журналістам Джордж дэ Марэншыльд ездзіў у Брусэль, спрабуючы знайсці выдаўцоў для сваёй кнігі пра Освальда, але марна. Вярнуўся ў ЗША ён папулярнай асобай: на стале чакала візітоўка ад следчага з Камісіі, у якой з’явіліся новыя пытанні ў справе забойства Кенэдзі, а таксама прапанова ад журналіста Эдварда Эпштэйна ўзяць інтэрв’ю, заплаціўшы чатыры тысячы даляраў за чатыры дні.

29 сакавіка 1977 г. Джордж спаткаўся з Эпштэйнам у гатэлі на Палм-Біч. Паводле сведчанняў журналіста, той, сярод іншага, прызнаўся, што “ніколі не быў платным супрацоўнікам ЦРУ, але час ад часу аказваў ім розныя паслугі, прыкладам, як у Югаславіі ў 1957 г., калі трэба было даследваць узбярэжжа”.

Яны дамовіліся спаткацца пасля абеду, у 3 гадзіны папаўдні. Джордж вярнуўся ў гатэль.

Пазьней следства пастанавіла, што Джордж дэ Марэншыльд у 3:45 уставіў сабе ружжо ў рот і націснуў курок…

Газета “New York Post” выйшла з загалоўкам: “Ключавы сведка па справе ДжФК забіў сябе”.

Жонка Джорджа дэ Марэншыльда і ягоныя сябры не далі веры версіі самагубства: не такі гэта быў чалавек, казалі яны. Яны не ведалі, што Джорджаў ЦРУшны кантакт у Даласе, Уолтэр Мур, непасрэдна падначальваўся Рычарду Хелмсу (будучаму дырэктару ЦРУ), а ў той акурат час адказваў за так званы праект MKUltra. Гэта была праграма па выкарыстанні наркотыкаў дзеля маніпулявання свядомасцю і падсвядомасцю людзей, далёкадасяжная мэта праекта — сціранне памяці і поўная змена асобы, для чаго выкарыстоўваліся наркотыкі і электрашокавая тэрапія. Так што аўтары згаданага ў пачатку дэтэктыва “Зрух” мо і не былі далёкімі ад ісціны, і можа, нават праз гады можна было, аднавіўшы следства, нешта высветліць, але… Але цела дэ Марэншыльда было крэміраванае.

Рассакрэчаныя апошнім часам паперы з Нацыянальнага архіва, датычныя забойства Джона Кенэдзі, наўрад ці адкажуць, хто забіў прэзідэнта ЗША або якія былі прычыны смерці (забойства? самазабойства?) Джорджа дэ Марэншыльда. Але вось аднавіць прагалы ў біяграфіі апошняга, выправіць недакладнасці мусяць дапамагчы.

Гэтага вартае жыццё беларускага графа з Мазыра Джорджа дэ Марэншыльда.

Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч, “Будзьма беларусамі!”

Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.