Беларуская настаўніца ў Польшчы пра заробкі і школьны страйк

З 8 красавіка ў Польшчы праходзіць «strajk nauczycieli» — забастоўка настаўнікаў. У ёй бярэ ўдзел да 80% школ па ўсёй краіне. Настаўнікі патрабуюць падвышэньня заробкаў і прэстыжу прафэсіі. Свабода пагутарыла зь беларускай Дар’яй Якуш, якая працуе ў польскай школе, пра страйк, розьніцу ў сыстэмах адукацыі і заробкі.


01-91D1774E-C651-4B8D-8736-3CE775510AE8_w1597_n_r1_st.jpg


Пратэст на Замкавым пляцы ў Варшаве ў падтрымку агульнанацыянальнага страйку настаўнікаў, 12 красавіка 2019


«Хацела быць настаўніцай з маленства»

Дар’я Якуш нарадзілася ў Барысаўскім раёне. З маленства хацела быць настаўніцай.


02-AE15353B-A330-4064-A292-42E73DDFF679_w1597_n_r0_st.jpg

Дар’я Якуш у Ерусаліме


«Мяне цягнула да дакладных навук. Думала паступаць на праграмістку, але перашкодзіў кепскі зрок. Праграмісты ж увесь час сядзяць за кампутарам, а настаўнікі болей камунікуюць», — кажа яна.

Яна паступіла ў БДПУ на спэцыяльнасьць «Настаўнік матэматыкі і інфарматыкі». У 2016 годзе, за месяц да выпуску, дзяўчыну адлічылі за грамадзкую актыўнасьць. Дар’я была сяброўкай руху «За свабоду», а таксама ўдзельнічала ў міжнародных абменах, якія і сталі падставай для адлічэньня.


03-699C852C-50B0-41C2-B88C-BE53EDEAEE49_w1597_n_r0_st.jpg

Дар’я на атрыманьні ступені бакаляўра


У выніку навучаньне дзяўчына працягнула ў Польшчы, у Кракаўскім пэдагагічным унівэрсытэце — стала стыпэндыяткай праграмы Стэфана Банаха. Нягледзячы амаль на пяць гадоў навучаньня ў беларускай ВНУ, у Польшчы дзяўчыну прынялі толькі на другі курс бакаляўрэату. Але яна здала ўсе прадметы і давучылася за 1 год.

Працадаўцы баяліся моўнага бар’ера

Галоўная розьніца паміж навучаньнем у Беларусі і ў Польшчы для Дар’і — свабода.

«Ніхто не правярае тваю наведвальнасьць на лекцыях, — кажа яна. — Але ў той жа час у Беларусі было вельмі шмат практыкі ў школах. Часам яна цягнулася па 2 месяцы».

Сёньня яна працуе ў звычайнай познанскай школе, дзе выкладае інфарматыку дзецям 1–8 клясаў. Працуе на 0,86 стаўкі. У Польшчы стаўка — гэта 18 гадзін, у Беларусі — 20.

Працу шукала зь цяжкасьцю. Вакансій было шмат, але працадаўцы баяліся моўнага бар’еру.

«Я тады была ў Польшчы толькі два гады, а прафэсія настаўніка шчыльна зьвязаная з маўленьнем. У мяне быў і застаецца акцэнт, але спэцыфічную лексыку я вывучыла падчас вучобы».


04-5FD8FF9E-7558-4756-B337-DF978C023B15_w1597_n_r0_st.jpg

Дар’я падчас адпачынку


Колькі зарабляе стажор у Польшчы

Галоўная прычына страйку ў Польшчы — нізкія заробкі настаўнікаў. Афіцыйная статыстыка даводзіць, напрыклад, што сярэдні заробак стажора — 530 даляраў, але Дар’я кажа, што на самой справе гэта ня так.

«Мой заробак — 1500 злотых на рукі, гэта амаль 400 даляраў. Палову зь іх я плачу за пакой у Познані. На жыцьцё застаецца каля 200 даляраў. Гэтых грошай вельмі не хапае. Адкладаць нешта не атрымліваецца. Калі б я мела магістарскую ступень і большы досьвед працы, то магла б атрымліваць каля 1900 злотых. Але гэтага ўсё роўна мала».

Інтарэсы настаўнікаў у страйку прадстаўляе Зьвяз польскіх настаўнікаў, які выступае галоўным арганізатарам. Перамовы зь ім вядзе віцэ-прэм’ер Бэата Шыдла.

Першапачатковае патрабаваньне настаўнікаў было — павысіць заробкі альбо на 1000 злотых «чыстымі» (каля 260 даляраў), альбо на 30% у два этапы.

Як выглядае забастоўка

8 красавіка дырэктары школаў, дзе адбываецца страйк, афіцыйна абвясьцілі бацькам: дзяцей ня трэба прыводзіць у школу, бо заняткаў ня будзе. Але настаўнікі прыходзяць у школу ў свае працоўныя гадзіны.

«Мы не запаўняем дзёньнікі, не правяраем кантрольныя, а проста прысутнічаем у кабінэтах: размаўляем, гуляем у настольныя гульні і нават вяжам. Бацькі да страйку ставяцца з паразуменьнем — ведаюць, што заробкі ў настаўнікаў вельмі малыя», — кажа Дар’я.


05-73149E38-F597-4CF8-9916-72C434812C75_w1597_n_r0_st.jpg

Так цяпер выглядае кляса ў Польшчы


Час забастоўкі быў абраны невыпадкова: з 15 красавіка ў Польшчы пачынаюцца выпускныя іспыты.

«Гэта яшчэ адзін інструмэнт ціску на ўладу, — тлумачыць Дар’я. — Але складаецца ўражаньне, што галоўная мэта чыноўнікаў — правесьці іспыты. Пакуль тыя ня скончацца, яны нават ня зьвернуць увагу, што апроч выпускнікоў ёсьць і іншыя дзеці. І ў гэтых дзяцей заняткаў цяпер няма».

З 18 па 23 красавіка ў Польшчы будуць велікодныя вакацыі. Калі пасьля іх урад ня пойдзе насустрач настаўнікам, будуць ладзіць вялікі круглы стол.


06-722F32E7-D79A-4F9F-B8E8-50AF0DE2A80C_w1597_n_r0_st.jpg

Польскія настаўнікі нават вяжуць падчас забастоўкі


Дар’я ня проста бярэ ўдзел у страйку. Яна ўваходзіць у камітэт, які каардынуе забастоўку ў ейнай школе і камунікуе са Зьвязам настаўнікаў.


07-A7168DFE-03C1-448C-979C-22EB933163AF_w1597_n_r0_st.jpg

У кабінэтах з надпісамі Strajk — настаўнікі, якія бастуюць


«Адчуваю моцную салідарнасьць з маімі калегамі. Можа, Польшча не мая родная краіна, але яна дала мне працу і адукацыю. Я хачу лепшага для сябе і сваіх вучняў».

За страйк настаўнікі не атрымліваюць заробкі.

«У траўні я атрымаю хіба што 500 злотых. Так, гэта вельмі мала, але я нешта прыдумаю. Здавацца ня буду, напэўна, знайду падпрацоўку», — упэўненая беларуска.

Параўнаньне зь Беларусьсю: паперак мала, тэлефоны пад забаронай

Дар’я працуе ў даволі малой па польскіх мерках школе: на 310 вучняў — 40 настаўнікаў. У клясе ў сярэднім каля 20 чалавек.

Па словах суразмоўцы, польскія школы няблага абсталяваныя. У кожным кабінэце ёсьць інтэрактыўная дошка. Дар’я вучыць дзяцей на новых кампутарах. Мэбля таксама лепшая, чым у Беларусі.

Польскія настаўнікі хочуць пазбавіцца ад папяровай працы. Але, як прызнаецца Дар’я, «у Польшчы паперак вельмі мала, калі параўноўваць зь Беларусьсю».

Ёсьць два асноўныя дакумэнты, якія мусіць рыхтаваць настаўнік. Гэта плян тэмаў, якія настаўнікі праходзяць з вучнямі, і патрабаваньні да дзяцей: што яны павінны ўмець і на якую адзнаку. Справаздачы пішуцца толькі тады, калі ёсьць вучні на індывідуальным навучаньні.

«Мне трэба падрыхтаваць плян заняткаў і сваёй працы для такіх дзяцей», — кажа Дар’я.


08-45F4439F-3555-4735-A41B-305A41F5CB97_w1597_n_r0_st.jpg

Настаўнікі гуляюць у настольныя гульні


Для дзяцей няма спэцыяльных пропускаў у школу. Бацькі ж мусяць запісвацца ў адмысловы журнал. Калі прыходзіць нехта невядомы, дык такому чалавеку прапаноўваць паразмаўляць з адміністрацыяй школы.

У Польшчы афіцыйна забаронена карыстацца ў школе тэлефонамі — гэта прапісана ў статуце. Правіла працуе і на ўроках, і на перапынках. За парушэньне могуць нават зьняць балы за паводзіны.

«Калі пабачыш, што вучань карыстаецца тэлефонам, то спачатку робіцца заўвага. У наступны раз тэлефон забіраюць, і забраць яго ў сакратарыяце могуць толькі бацькі», — кажа Дар’я.

Але гэтае правіла гнуткае. Калі ёсьць патрэба скарыстацца тэлефонам — сфатаграфаваць нешта, патэлефанаваць бацькам — гэта можна зрабіць з дазволу настаўніка.

«Я чытала камэнтары да навіны, што ў Беларусі забароняць тэлефоны ў школах. Людзі абураліся. А тут гэта норма».


09-4F9DEE4F-B282-4F33-9911-CF0567CE9E7D_w1597_n_r0_st.jpg

Гэты значок стаў сымбалем забастоўкі


У Польшчы настаўнікі ня маюць абавязку хадзіць на спартовыя мерапрыемствы. Усё выключна добраахвотна. У выбарах настаўнікі таксама не бяруць актыўнага ўдзелу.

«Галасаваньне можа праходзіць у школах, а настаўнікі могуць быць сябрамі камісій. Але ўсё па жаданьні», — кажа Дар’я Якуш.

У Польшчы няма сыстэмы вучнёўскіх дзяжурстваў. Кабінэты прыбіраюць спэцыяльныя людзі, а ежу ў школу, дзе працуе Дар’я, прывозіць кейтэрынг.

«Я памятаю, што ў маёй беларускай школе мы пасьля ўрокаў мылі падлогу. А за 15 хвілін да канца ўроку вучні ішлі ў сталовую накрываць на стол. У Польшчы такога няма», — кажа Дар’я Якуш.

Палякі ня вучацца на настаўнікаў, бо гэта непрэстыжна

Маладыя палякі ня вельмі імкнуцца ў пэдунівэрсытэты. Дар’я кажа, што разам зь ёй у магістратуры пачыналі вучыцца 22 чалавекі, але ўжо праз пару месяцаў засталося 14.

«Людзі часта самі забіраюць дакумэнты і пераходзяць на завочнае. Або мяняюць спэцыяльнасьць. Асабліва часта гэта адбываецца пасьля практык у школе, — кажа яна. — Усе ведаюць, што ў настаўнікаў малыя заробкі. Таму і выбіраюць іншыя спэцыяльнасьці».

Большасьць настаўнікаў у Польшчы — сярэдняга і сталага веку. Моладзі вельмі мала, асабліва сярод настаўнікаў інфарматыкі і матэматыкі, дзеліцца назіраньнямі беларуска. Маладыя людзі разумеюць, што можна працаваць, напрыклад, у IT-кампаніі, дзе заробкі вышэйшыя ў некалькі разоў.

Дар’я таксама часам думае навучыцца вэб-дызайну ці пачаць адміністраваць сайты. Але радыкальна мяняць прафэсію не зьбіраецца.


10-595C5D41-BE4B-4A7B-BFE5-97BC029683F5_w1597_n_r0_st.jpg

Дарʼя на адпачынку


«Я заўсёды хацела працаваць у школе. І, пераадолеўшы шмат перашкодаў, я зьдзейсьніла сваю мару. Я гэтаму рада і пакуль што пра іншую галіну ня думаю».

КТ, “Радыё Свабода”