Беларуска з-пад Падуі: У першы тыдзень карантыну італьянцы яго ігнаравалі

Сьмяротнасьць ад каранавіруснай інфэкцыі ў Італіі працягвае расьці. За папярэднія суткі 793 чалавекі загінулі ад COVID​-19. Усяго ў краіне ад новага каранавірусу памерла 4825 чалавек — больш чым у якой іншай краіне. Выпускніца Падуанскага ўнівэрсытэту, экскурсавод і бібліятэкар Ганна Гардаш, якая зь сям’ёй жыве пад Падуяй, расказвае, як за апошнія дні зьмянілася стаўленьне італьянцаў да пандэміі каранавіруса.

— Што адбываецца ў мястэчку Карэцоля (Correzzola), дзе вы жывяце?

— У нас карантын, усе сядзяць па хатах. Бібліятэка каля Вэнэцыі, дзе я працую, зачыненая на карантын. Таму я з сынам сяджу дома, а мой муж езьдзіць на працу.

— Ці захварэў нехта з вашых блізкі і знаёмых на каранавірус?

— Пакуль, дзякуй Богу, не. Але ў знаёмых маіх знаёмых такія людзі ўжо ёсьць. Мы, вядома, сочым за сытуацыяй, перажываем, чытаем навіны. Але ў апошнія дні яны такія трагічныя, што я інстынктыўна стараюся ад іх дыстанцыявацца і чытаць менш. Вядома, перажываю за мужа, які вымушаны езьдзіць на працу.

— Цяпер у сьвеце шмат хто задаецца пытаньнем, чаму ў Італіі такая вялікая колькасьць ахвяраў. Кітайскія лекары крытыкуюць невыкананьне італьянцамі рэжыму карантыну і мяккасьць гэтага карантыну. Пішуць, што ў гатэлях адбываюцца вечарынкі, людзі ня носяць маскі, займаюцца спортам.

— Так, гэта праўда. У першы тыдзень карантыну людзі паставіліся да яго несур’ёзна. У першыя выхадныя пасьля яго ўвядзеньня шмат хто забраніраваў сабе гатэлі ў гарах, многія гулялі па набярэжных, займаліся спортам. У прынцыпе, і сёньня працягваюць гэта рабіць, але ўжо менш.

— Няўжо і сёньня на поўначы Італіі некаторыя людзі дазваляюць сабе ігнараваць карантын?

— Я адкажу так. Усе мае суседзі сядзяць па дамах, гэта я бачу са свайго акна. Усе, за выключэньнем тых, хто павінен езьдзіць на працу. Але наш гарадок невялікі, тут жыве 5 тысяч чалавек. Мае сябры ў большых гарадах таксама сядзяць па хатах. Але яны пішуць, што ўсё роўна знаходзіцца шмат тых, хто выходзіць на шпацыр або на прабежку, людзі езьдзяць на роварах. Таму ад 20 сакавіка, зачынілі дарожкі для бегу ўздоўж каналу, каб людзі ня бегалі, бо яны гэта да забароны спакойна рабілі. Таксама ад гэтага дня зачыненыя грамадзкія паркі, дзе людзі займаліся спортам.

— Ці можна на поўначы Італіі зьяўляцца ў грамадзкіх месцах бяз масак?

— Так, можна. І гэта таму, што іх нельга нідзе знайсьці, іх няма ў аптэках.

— У Чэхіі, адкуль я вам званю, ад 19 сакавіка забаронена зьяўляцца на вуліцах бяз масак. Іх тут таксама катастрафічна не хапае, таму людзі іх шыюць самі.

— Не, у нас такой забароны няма.

— Ці задумваюцца італьянцы пра неэфэктыўнасьць ураду, пра яго запозьненую рэакцыю і пра яго магчымую зьмену?

— Мне здаецца, што ўрад дзейнічаў даволі своечасова. А вось людзі спачатку недаацэньвалі пагрозу.

— А ці ёсьць у Італіі сёння развагі пра магчымыя зьмены ў жыцьці краіны і чалавецтва, якія прынясе з сабой пандэмія?

— Пакуль што вельмі мала. Усе канцэнтруюцца на трагічнай сытуацыі, якая тут, на поўначы, склалася.

Сяргей Абламейка, svboda.org