БАС адсвяткаваў юбілей

Арганізатары «Басовішча» адсвяткавалі сваё 30-годдзе. Мерапрыемства мела форму вечарыны для былых і цяперашніх сяброў. Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы было пакліканае маладымі людзьмі як адзіная незалежная тады арганізацыя беларусаў у Польшчы.

Гэта быў 1988 год, аднак першыя спробы заснавання БАСа студэнты з Беласточчыны рабілі ў пачатку 80-х гадоў. Кажа Ян Гаворка, які першы ад імя БАСа падаў заяву на рэгістрацыю ў МУС Народнай Польшчы.

– Мы сустракаліся ў Беларускім клубе ў Варшаве і там мелі свае тэмы. І можна сказаць, што на базе тых размоў нарадзілася такая мара – стварыць арганізацыю студэнтаў. Справакавала нас да такіх дзеянняў паўстанне «Салідарнасці»: мы пабачылі, што можна штосьці зрабіць.

Тады ўлады адмовілі. Пасля сямі гадоў ад першай заяўкі на рэгістрацыю беларускім студэнтам у Польшчы ўдалося зарэгістраваць сваю арганізацыю, кажа Яўген Вапа – першы старшыня БАСа:

– Тое, што дабіліся рэгістрацыі ў канцы 88-га года, перад тым, пакуль яшчэ ўзнік круглы стол, дамовы, сведчыць пра нашу напорыстасць і разуменне аднаго: нам, беларусам, як адзіным сярод нацыянальных меншасцяў Польшчы ўдалося зарэгістраваць першую незалежную арганізацыю любой меншасці. 

Заснавальнікі і цяперашнія сябры Беларускага аб’яднання студэнтаў сустрэліся ў 8 снежня з нагоды юбілею. Самая галоўная дзейнасць БАСа сёння – гэта арганізацыя фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Радэк Дамброўскі, “Беларускае Радыё Рацыя”,
фота Міры Лукшы, “Ніва”