Бабруйчанін, асуджаны за абразу Лукашэнкі, з'ехаў з Беларусі

Бабруйчанін Раман Стацэвіч, асуджаны за абразу Аляксандра Лукашэнкі, пакінуў Беларусь, паведамляе праваабарончы ТГ-канал MAYDAY.

На пачатку траўня мужчына размаўляў у відэачаце "Рулетка" з выпадковым суразмоўцам і неасцярожна выказаўся на адрас Лукашэнкі. Той выявіўся экс-супрацоўнікам міліцыі, які цяпер "дапамагае АУС выкрываць асоб, якія распаўсюджваюць ідэі падарваць аўтарытэт прадстаўнікоў улады і ідэю ўтварэння хаосу і хваляванняў у нашай Рэспубліцы Беларусь". Ён выставіў запіс гутаркі з Раманам у сваім YouTube-канале "Дзед Барадзед". Пасля гэтага на бабруйчаніна пачалі крымінальную справу.

У жніўні яму прысудзілі два гады "хіміі", але пракуратура апратэставала прысуд як празмерна мяккі. У лістападзе суд замяніў яму пакаранне на адзін год калоніі агульнага рэжыму.

На днях стала вядома, што Раман Стацэвіч выехаў з Беларусі з дапамогай фонду BYSOL.

euroradio.fm