Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін адказвае мітрапаліту Паўлу і Марзалюку пра беларускую мову і Каліноўскага

Кіраўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, архіяпіскап Сьвятаслаў Логін з Таронта ў інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтаваў выказваньні экзарха РПЦ у Беларусі мітрапаліта Паўла пра нежаданьне вернікаў маліцца па-беларуску.

Таксама мы спыталіся ў архіяпіскапа, як БАПЦ ставіцца да Кастуся Каліноўскага і да спрэчак вакол яго перапахаваньня.


Пра заяву мітрапаліта Паўла аб тым, што ніхто ня хоча маліцца па-беларуску

— Нядаўна мітрапаліт Павел заявіў, што ў Беларусі вельмі мала ахвочых маліцца па-беларуску. Мітрапаліт паведаміў, што прапаноўваў людзям выбраць царкву і час для беларускіх набажэнстваў, і аказалася, што практычна ніхто ня хоча, знайшліся адзінкавыя людзі. Як бы вы пракамэнтавалі гэтыя заявы мітрапаліта Паўла?

— Па-першае, заява мітрапаліта Паўла паказвае, што ахвочыя маліцца па-беларускую ўсё ж ёсьць, хоць, як ён заяўляе, і мала.

Па-другое, тое, што такіх людзей мала, сьведчыць, што палітыка дзяржавы накіраваная на тое, каб беларуская мова не разьвівалася.

Такая самая і палітка афіцыйнай праваслаўнай царквы ў Беларусі — экзархату РПЦ. Беларускую мову рэдка пачуеш падчас казаньняў, а ў службах яе можна пачуць толькі ў некаторых гарадах, у Менску, напрыклад, у двух храмах. У Петрапаўлаўскім саборы, калі я там бываў, такая служба адбываецца па суботах а 7-й раніцы. Але, нягледзячы на гэта, там зьбіраецца даволі шмат людзей.


02-B09AE5B1-C720-40A6-9122-948E15A1D447_cx9_cy13_cw71_w1597_n_r1_st.jpg

Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін у штаб-кватэры Радыё Свабода ў Празе, 2018 год.


Я думаю, каб у Беларусі зьявілася свая царка, то і прапаганды сваіх мовы, абрадаў і сьвятых было б значна больш. Адпаведна і больш людзей хацелі б чуць беларускую мову падчас набажэнстваў.

Расейская царква кажа заўсёды тое, што ёй патрэбна. Так было заўсёды, гістарычна і кананічна. Падчас апошняга перапісу мільёны людзей назвалі беларускую мову роднай і мільёны заявілі, што дома размаўляюць на ёй. Таму я думаю, што вернікаў, якія хацелі б чуць родную мову ў царкве, значна больш, чым кажа мітрапаліт Павел. Проста няма ўмоваў, каб людзі маглі выяўляць свае жаданьні.


Пра заяву Ігара Марзалюка, што Каліноўскі — пачынальнік беларускага каталіцкага руху

— Апошнія паўтара тыдня ў Беларусі вяліся гарачыя спрэчкі пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага. Афіцыйны беларускі гісторык, прафэсар Ігар Марзалюк паспрабаваў падзяліць беларусаў на каталікоў і праваслаўных у стаўленьні да спадчыны і гістарычных пэрсанажаў, назваўшы Каліноўскага пачынальнікам беларускага каталіцкага руху. Як БАПЦ ацэньвае ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі?

— БАПЦ ставіцца да Кастуся Каліноўскага як да нацыянальнага героя Беларусі, нягледзячы на ягоную прыналежнасьць да Каталіцкай царквы.

Ён ваяваў не за нейкую веру ці за правы нейкай часткі грамадзтва, а, як сапраўдны беларускі шляхціц-ліцьвін, — за свой беларускі народ і сваю беларускую дзяржаўнасьць.

Сярод паўстанцаў Каліноўскага былі і праваслаўныя вернікі, і нават праваслаўныя сьвятары, якія ўзначальвалі аддзелы паўстанцаў на тэрыторыі сваіх парафій, аб чым пісалі самі расейцы.

Вядомыя адмоўныя выказваньні Кастуся Каліноўскага на адрас Праваслаўнай царквы, але яны тычыліся менавіта расейскай імпэрскай царквы. Такія ж словы патрыятычныя беларусы, у тым ліку і праваслаўныя, выказваюць у бок РПЦ і сёньня.


Дзе трэба пахаваць Каліноўскага

— А як вы ставіцеся да праблемы перазахаваньня парэшткаў Каліноўскага? Дзе і як яны павінны знайсьці супакой?

— Думаю, што беларускага змагара, забітага расейцамі, лепей было б пахаваць на тым жа знакамітым месцы, дзе ён ляжаў дагэтуль.

Калі была б перадача часткі парэшткаў Каліноўскага для пахаваньня іх у Беларусі, тады іх трэба было б пахаваць у некім пантэоне беларускіх герояў, якога, на жаль, пакуль няма. Дый цяперашнія ўлады ня зробяць такое перапахаваньне належным чынам.


Пра рэакцыю на канфэрэнцыю прыхільнікаў аўтакефаліі ў Чарнігаве

— Якой была рэакцыя на праведзеную у жніўні ў Чарнігаве канфэрэнцыю беларускай інтэлігенцыі ў падтрымку БАПЦ?

— Рэакцыя была рознаю. Беларускія сайты інфармавалі пра канфэрэнцыю, а прарасейскія сайты крытыкавалі.

У канфэрэнцыі бралі ўдзел людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, выкладчыкі ўнівэрсытэтаў зь Менску і рэгіёнаў, грамадзкія дзеячы, якія хочуць, каб наша царква існавала і была зарэгістраваная ў Беларусі.

Крытыкі сьцьвярджалі, што мы ідзем усьлед за Ўкраінай і ў тым жа кірунку. Пісалі таксама, што ўкраінская царква нам дапамагае, што, дарэчы, праўда.


03-848FE2B7-12EF-4999-83CC-0A07A3D75FB6_w1597_n_r1_st.jpg

Перадача ўдзельнікам канфэрэнцыі ў падтрымку беларускай аўтакефаліі ў Чарнігаве велізарнага беларускага сьцяга. 17 жніўня 2019 году.


Канфэрэнцыя паказала. што існуе патрэба ў прысутнасьці нашай царквы ў Беларусі і яе рэгістрацыі. Рэакцыя прарасейскіх сайтаў паказала, што іх аўтары ня хочуць, каб Беларусь была беларускай і каб існавала як дзяржава са сваёй нацыянальнай царквой. Іх галоўны страх агучыў некалі экзарх РПЦ у Беларусі мітрапаліт Павел, калі сказаў, што «аўтакефалія для нас — сьмерць».

Гэта і зразумела, бо калі паўстане Беларуская царква, РПЦ у Беларусі пачне зьмяншацца як колькасна, так і якасна. Я думаю, што гэты працэс будзе падобны да таго, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне. У царкве зьменіцца ня толькі мова, але і структуры, бо расейская царква менш думае пра вернікаў, а больш — пра свае структуры і герархію. А беларуская царква заўсёды была блізкая з народам.


Як БАПЦ уяўляе працэс свайго вяртаньня на бацькаўшчыну

— Вы кажаце «Калі паўстане Беларуская царква ў Беларусі». А як вы ўяўляеце рэальна, як яна можа зьявіцца ў сёньняшняй сытуацыі? Вядома, што за апошнія 20 гадоў былі розныя спробы, напрыклад у Горадзенскай вобласьці сьвятар хацеў пабудаваць храм і перайсьці са сваёй парафіяй у БАПЦ, але ўлады процідзейнічалі, прыцягвалі міліцыю і ў канечным выніку не дазволілі яму гэта зрабіць. І цяпер існуе толькі некалькі незарэгістраваных грамадаў БАПЦ у Беларусі. Вы адносіце зьяўленьне легальных структур БАПЦ у краіне да часу палітычных зьменаў? Або вы бачыце нейкі іншы шлях?

— Я думаю, што для гэтага неабходныя палітычныя зьмены. Гісторыя паказвае, усё нацыянальнае адраджалася тады, калі ўлада гэтага жадала.

Але пад палітычнымі зьменамі я маю на ўвазе неабавязкова пэрсанальныя зьмены. Я дапускаю магчымасьць, што нават калі прэзыдэнтам застанецца Лукашэнка, у яго і іншых чыноўнікаў могуць зьмяніцца погляды на Беларускую царкву.


Я думаю, што пытаньне рэлігіі паўстане і перад цяперашняй уладай. Пара ўжо зразумець, што краіне патрэбная свая царква, якая будзе маліцца за свой народ, за свой урад і за свайго прэзыдэнта



Апошнія гады мы бачым паступовыя зьмены ў Беларусі, калі дзяржава хоча неяк ідэнтыфікаваць беларусаў і адрозьніць іх ад грамадзян суседняй Расеі. Сёньня ўлады Беларусі ня маюць дакладнай нацыянальнай праграмы для адраджэньня ўсяго нацыянальнага. Але трэба зразумець, што галоўныя ня толькі мова і культура, але і рэлігія, царква. Нацыянальная царква можа адыграць вялікую ролю ў адраджэньні Беларусі. Без царквы, як мы ведаем з гісторыі, народ ніколі не існаваў. Апошнюю тысячу гадоў мы жылі з хрысьціянскай вераю.

Я думаю, што пытаньне рэлігіі паўстане і перад цяперашняй уладай. Пара ўжо зразумець, што краіне патрэбная свая царква, якая будзе маліцца за свой народ, за свой урад і за свайго прэзыдэнта. А чужая царква моліцца за чужы народ, чужое войска і чужую краіну.


04-B8A8A7B7-38BE-4CA8-9BB5-81C1D491F0BC_w1597_n_r1_st.jpg

Удзельнікі канфэрэнцыі ў Чарнігаве ў падтрымку беларускай аўтакефаліі. 17 жніўня 2019 году.


— Тым ня менш, вы спрабуеце весьці місію і ў сёньняшняй Беларусі.

— Так. Мы маем некалькі сьвятароў, некалькі грамадаў, праводзяцца рэгулярныя службы, трэбы, паніхіды. Нашы сьвятары рэгулярна моляцца ў Курапатах. Гэта неабходнасьць часу, хоча гэтага кіраўніцтва нашай царквы на эміграцыі ці не, людзі самі аб’ядноўваюцца ў структуры. Так што жаданьне і нашых вернікаў, і сьвятароў за мяжой, і шмат каго ў Беларусі — каб царква вярнулася дадому, адкуль яна некалі была выгнаная ў эміграцыю.


05-2E4287DA-7857-4400-8165-39C45F58172A_w1597_n_r1_st.jpg

Прадстаўнік Чарнігаўскай япархіі Праваслаўнай царквы Ўкраіны вітае архіяпіскапа Логіна перад пачаткам канфэрэнцыі ў Чарнігаве. 17 жніўня 2019 году.


Гэта працэс аб’ектыўны. Тое самае адбываецца ў іншых праваслаўных краінах, якія нядаўна здабылі незалежнасьць — у Македоніі, Чарнагорыі, Украіне. Улады могуць яго запаволіць праз нерэгістрацыю, але цалкам спыніць — не.


Як праваслаўны клір Беларусі ставіцца да аўтакефаліі

— Вядома, што на вашай канфэрэнцыі ў Чарнігаве прысутнічаў сьвятар РПЦ зь Беларусі Аляксандар Шрамко, які цяпер у забароне служэньня. Якая яго пазыцыя ў справе аўтакефаліі і чаму ён прыехаў на вашу канфэрэнцыю? Гэта выглядае незвычайна.

— Я думаю, што яго ў Чарнігаў прывяла цікавасьць сьвятароў беларускага экзархату да працэсаў адраджэньня нашай царквы ў Беларус, якія цяпер ідуць. Я думаю, што многія сьвятары гэтае адраджэньне падтрымліваюць. Проста яны ня маюць неабходных ведаў пра тое, як гэта будзе адбывацца. У Беларусі пра гэта нельга даведацца ні з радыё, ні з тэлебачаньня, ні з газэт. Пра БАПЦ там нічога ня кажуць.

Але мы ведаем, што беларускія сьвятары таксама хочуць большай незалежнасьці, што некалькі гадоў таму паказаў сход сьвятароў Менскай япархіі, калі ўдзельнікі прагаласавалі за аўтаномію. Тады нават мітрапаліт Павел іх падтрымаў, але Масква жорстка ў гэтым адмовіла.

Усё гэта трэба абмяркоўваць. Можа нават будзе мець месца супрацоўніцтва нашых цэркваў, калі сьвятары ня змогуць разам служыць. Ва Ўкраіне, напрыклад, сьвятары і нават мітрапаліты украінскай і маскоўскай цэркваў сустракаюцца і абмяркоўваюць розныя пытаньні.

Я спадзяюся, што і ў Беларусі гэты працэс будзе ісьці мірна, і ў рэшце рэшт нават экзархат прыйдзе да высновы, што Беларусі патрэбная незалежная царква.

Ну а якім будзе працэс аб’яднаньня — гэта пакажа час. Я думаю, што цяпер цікавасьць да гэтага ёсьць і ў беларускай герархіі, і ў сьвятароў.


Пра міжнародную падтрымку БАПЦ

— Якую міжнародную падтрымку вы маеце? Якія праваслаўныя царкоўныя структуры вас на сёньняшні дзень падтрымліваюць?

— Мы заўсёды былі і ёсьць у вельмі цесных стасунках з украінскімі цэрквамі — як ва Ўкраіне, так і на эміграцыі.

Гэта і пазыцыя Канстантынопальскага патрыярхату. Якія выдае дакумэнты, што даюць нашай царкве законныя падставы для існаваньня ў Беларусі. Летась была прынятая пастанова Канстантынопальскага патрыярхату пра тое, што тэрыторыя старажытнай Кіеўскай мітраполіі ніколі не належала да Маскоўскага патрыярхату, што яна заўсёды была пад юрысдыкцыяй Канстантынопалю.

Гэта для нас вельмі важна, бо ў кананічным сэнсе тэрыторыя Беларусі сёньня ня можа падпарадкоўвацца Маскоўскаму патрыярхату. Гэта для нас вялікая юрыдычная і кананічная падтрымка з боку ўсяленскага праваслаўя.

Сяргей Абламейка, svaboda.org