Аргкамітэт „Глінянага Вялеса” пераносіць імпрэзу ўганаравання на канец лета

Аргкамітэт найстарэйшай беларускай незалежнай літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” не парушыў сваю традыцыю і ў сакавіку назваў імя свайго лаўрэата. Ім стаў празаік з Беласточчыны Міхал Андрасюк за кнігу “Поўня”.


Старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі Алесь Аркуш сказаў, што было вельмі складана сёлета вызначыць лаўрэата.

– Сёлета арганізацыйнаму камітэту літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” было складана вызначыцца з сваім лаўрэатам, бо як ніколі быў вельмі моцны шорт-ліст. Сёлета ў шорт-ліст патрапіла сем кніг. Сярод іх. Валянціна Аксак “Кава ў арліным гняздзе”. Гэта найноўшыя вершы паэткі. Леанід Дранько-Майсюк “…Усе бачылі нястачу віна…”. Апошнім часам Леанід Дранько-Майсюк пачаў пісаць дакументальныя кнігі пра дзеячоў беларускага адраджэння 20-30 гадоў, пераважна звязаных з Вільняй. Гэтая кніга прысвечана славутаму беларускаму ксяндзу, выдаўцы, гісторыку, публіцысту Адаму Станкевічу. Зборнік вершаў Ігара Кулікова “Храм ракі”. Ігар Кулікоў вядомы перакладчык літаратуры Індыі, у тым ліку і духоўных кніг. Кніга Анхелы Эспіносы Руіс “Калер крылаў”. Гэта паэтка з Гішпаніі, якая піша вершы па-беларуску. Кнігу ёй выдалі як узнагароду за лаўрэацтва прэміі Міхася Стральцова. Зборнік прозы Уладзіміра Сцяпана “Хвалі”. Доўгі час Уладзімір Сцяпан не выдаваў сваіх кніг прозы. Гэтую кнігу чакалі. Сапраўды кніга моцная і цікавая. Кніга Макса Шчура “Кінараман”. Макс Шчур лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца. Вельмі цікавы аўтар. Жыве ў Чэхіі. Як на маю думку, гэта адна з найлепшых ягоных кніг. Таксама ў шорт-лісце была кніга Міхала Андрасюка “Поўня”.

Найбольш сяброў аргкамітэта прэміі, якія выступаюць у якасьці журы, уразіла кніга Міхала Андрасюка. Больш за ўсё мы яе абмяркоўвалі, дзяліліся сваімі ўражаннямі. Кніга таксама вельмі цёпла была прынятая беларускім чытачом і крытыкамі. Міхал Андрасюк атрымаў летась другую прэмію ўзнагароды Гедройца. Шмат выйшла рэцэнзіяў у перыядычным друку. Таму такое было прынятае рашэнне – наш сёлетні лаўрэта Міхал Андрасюк.

Летась мы пазнёміліся з гаспадаром аграсядзібы “Запаветны востраў” Аляксандрам Цвіркам. Я дамовіўся з ім, што было б цікава зрабіць уганараванне нашай прэміяй менавіта на гэтай аграсядзібе на Глыбоччыне. Справа ў тым, што навакольныя аграсядзібы, якія паўсталі вакол возера Іпуць, аб’ядналіся ў такую супольнасць, якая называецца “Вялесаў шлях”. Было б знакава, было б цікава і было б адметна прэмію “Гліняны Вялес” уручыць на “Вялесавым шляху”. Але з-за падзеяў з пандэміяй каронавіруса ўзнікаюць праблемы. Мы планавалі гэтае ўганаванне на травень. Але выглядае, што тавень яшчэ будзе складаным месяцам. І таму сваю ўрачыстаць мы будзем пераносіць на лета, відаць, на канец лета, а магчыма нават і на восень.

Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” была заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літаратараў. Яна даецца за лепшую беларускамоўную мастацкую кнігу. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся: Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Андрэй Федарэнка, Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Барыс Пятровіч і інш. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

„Беларускае Радыё Рацыя“