Аповед беларускі з Гішпаніі, дзе бушуе COVID-19: «Спачатку я была легкадумная, як цяпер многія ў Беларусі»

«Гэта вайна» — так беларуская журналістка і гід Вольга Ўлевіч, якая 8 гадоў жыве ў Каталёніі, апісвае сытуацыю з пандэміяй каранавірусу ў Гішпаніі. Вольга, як і ўсе жыхары гэтай дзяржавы, ужо 11 дзён жыве ў жорсткім карантыне.

Яна апавядае Свабодзе, як з ростам сьмяротнасьці ад COVID-19 у Гішапніі радыкальна зьмянілася стаўленьне да пагрозы каранавіруснай інфэкцыі, і раіць беларусам не баяцца страціць грошы ды як мага хутчэй ісьці на карантын ці самаізалявацца. У Гішпаніі на 25 сакавіка былі больш за 42 тысячы людзей, інфікаваных COVID-19, 3434 чалавекі памерлі, у тым ліку 738 за апошнія содні.


Сьцісла

  • Адправіць краіну на карантын — вялікія грошы, на што ўлады Беларусі, і гэта ўжо ўсе ведаюць, ня пойдуць.
  • Мая думка зьмянілася ў адзін момант, з пачаткам карантыну.
  • Мы цяпер у вельмі цяжкім псыхалягічным стане. Лічбы толькі ўгару ідуць, у Мадрыдзе чэргі ў крэматорый.
  • Калі перад табой стаіць рашэньне, зьвязанае са стратай грошай, ня трэба баяцца гэтага. Усё роўна ўсё скончыцца тым, што давядзецца закрыць, толькі гэта прывядзе ўжо да страты чалавечага жыцьця.
  • 80- і 90-гадовыя гішпанцы вядуць актыўны лад жыцьця — абед у рэстарацыі, увечары ў кавярні футбол глядзяць. У выніку заражаліся. А беларускія пэнсіянэры і так жывуць як на карантыне.
  • Насамрэч гэта вайна. Ты бачыш лічбы загінулых, бачыш, што не спраўляюцца крэматорыі, бачыш новыя шпіталі, як у Кітаі.

«Спачатку я несур’ёзна ставілася, у мяне нават былі экскурсіі, калі ўжо было шмат інфікаваных»

Вольга Ўлевіч штодня апісвае сытуацыю з пандэміяй каранавірусу ў Гішпаніі на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

— Я спрабую праз сацыяльныя сеткі пераканаць людзей, каб яны хутчэй мянялі сваю думку. Спачатку таксама была бесклапотнай, глядзела, як у Італіі растуць лічбы ахвяраў, думала, што гэта ж італьянцы, якія, сапраўды, больш легкадумныя, чым гішпанцы. Хаця абодва паўднёвыя народы, але ёсьць паміж імі розьніца, часам вельмі істотная. Я думала, што гэта італьянцы могуць не выконваць карантын.


02-6DDED8B1-6403-4BFF-9F72-8508428256AC_w1597_n_r0_st.jpg

Вольга Улевіч


Калі ў Гішпаніі ўвялі карантын, у нас было каля 300 хворых. Карантын быў вельмі жорсткі — усе рэальна селі па дамах. Карантын пачаўся ў суботу, але многія людзі з Барсэлёны і Мадрыду яшчэ ў чацьвер і пятніцу выехалі ў свае дамы на моры. Дзяцей на 14-дзённыя вакацыі адправілі, і людзі вырашылі, што калі дзеці на вакацыях, то можна і для сябе зрабіць вакацыі. У выніку ў нас велізарная колькасьць выпадкаў каранавірусу — у гарадку на поўдні Гішпаніі, куды ўсе мадрыдцы прыехалі. А самая складаная сытуацыя цяпер у Мадрыдзе.

Мая думка зьмянілася ў адзін момант, з пачаткам карантыну. Спачатку я несур’ёзна ставілася, у мяне нават былі нейкія экскурсіі, калі ўжо было шмат інфікаваных, але не было загінулых. Яшчэ прыяжджалі турысты, гулялі. Гэта было ўсё нібыта не пра нас. Тое самае стаўленьне я бачу цяпер у тых, хто жыве ў Беларусі ці Расеі. Праўда, многія самі сябе пасадзілі на карантын і зрабілі абсалютна слушна, бо адправіць краіну на карантын — вялікія грошы, на што ўлады Беларусі, гэта ўжо ўсе ведаюць, ня пойдуць.

Урад дзяржавы адказны за сытуацыю, да яго прыходзяць усе лічбы, ён павінен прымаць гэтае рашэньне. Мы ў Гішпаніі таму іх і выбралі як самых разумных, каб яны нам у гэтыя цяжкія часы паказвалі, як слушна жыць, як ратавацца, як запасацца.


«Нават пасьля двух тыдняў шпіталя інфікаваныя павінны яшчэ два тыдні сядзець дома»

Цяпер Вольга Ўлевіч знаходзіцца на карантыне ў сваім доме ў каталёнскім гарадку пад Жыронай:

— У гарадку, дзе я жыву, яшчэ тыдзень таму быў захварэлы на каранавірус. Працэс выздараўленьня вельмі доўгі — два тыдні мінімум, а то і больш. Тыя захварэлыя, якіх праз два тыдні выпісваюць са шпіталя, яшчэ два тыдні сядзяць дома на карантыне. Да канца яшчэ не вядома, што далей адбываецца. Нібыта лічыцца, што на працягу двух тыдняў пасьля выздараўленьня ты ўсё яшчэ можа быць носьбітам і заразіць.

Мы цяпер у вельмі цяжкім псыхалягічным стане. Больш за 10 дзён сядзім на карантыне, а лічбы толькі ўгару ідуць. За пазамінулую ноч памерла 500 зь нечым чалавек. У Мадрыдзе чэргі ў крэматорый, бо горад вялікі. За апошнія два дні ў Мадрыдзе памерлі 416 чалавек, з іх 90% — ад каранавірусу, але ёсьць і іншыя памерлыя, як у любы дзень. Цяпер іх кладуць у халадзільныя камэры ў Лядовым палацы. Крэмацыя адбываецца 3-4 гадзіны, за дзень можна прапусьціць 60-70 чалавек, а іх 416.


03-2E89CBC9-C496-4523-8E8E-3884C4CA54F3_w1597_n_r0_st.jpg

У вайсковым шпіталі Мадрыду


«У храмах няма службаў, памерлых не адпяваюць»

Беларуская журналістка кажа, што ўлады Гішпаніі нічога не хаваюць ад людзей:

— Заўтра лічбы ахвяраў будуць толькі большыя. Кожны дзень я прачынаюся і думаю, што страшна ўключыць тэлевізар. Спачатку было страшна пачуць, што памерлі 200 чалавек, потым што памерлі 400 чалавек. І гэта ўжо не пра Італію, а пра нас. 25 сакавіка былі 738 памерлых. Гэта нейкая нерэальная сытуацыя.

Спачатку ў сяброў зь Беларусі я назірала першую скептычную рэакцыю — маўляў, прыдумана ўсё, лечыцца хлёркай ці нечым яшчэ. Праходзіць пэўны час, чалавек больш паглыбляецца ў інфармацыю, бачыць грузавікі, якія вязуць памерлых старых у Бэргама, і ўсё разумее. Касуюцца Алімпійскія гульні, урачыстасьці на Вялікдзень, ня будзе ніякіх шэсьцяў, на пляцы ў Ватыкане ня будзе ніводнага чалавека. У храмах няма службаў, памерлых не адпяваюць. Зь імі не прыяжджаюць разьвітвацца, толькі некалькі чалавек — жонка ці дачка. Паміраюць у асноўным мужчыны.


«Журналісты запатрабавалі, каб давалі разгорнутую інфармацыю пра кожнага памерлага»

Вольга Ўлевіч тлумачыць, як узаемадзейнічаюць СМІ і ўлады падчас пандэміі ў Гішпаніі:

— Журналісты запатрабавалі, каб было некалькі прэсавых канфэрэнцыяў на дзень, каб давалі разгорнутую інфармацыю пра кожнага памерлага (усе паталёгіі) — міністры прыслухаліся і сталі даваць інфармацыю часьцей і больш падрабязна.

Цяпер ніхто нікуды ня ходзіць, увялі велізарныя штрафы. Карантын абвешчаны да 12 красавіка, да Вялікадня, але гэтым ніводная краіна не абмяжуецца. Добра, калі на месяц ці паўтара, а не на месяцы. Бы мы да піку яшчэ не дайшлі. А дойдзем да яго з большай лічбай, чым Італія.

Я — індывідуальная прадпрымальніца, працую ў турыстычнай сфэры. Я закрылася, не працую. Цяпер я абсалютна без даходу. На пяты дзень пасьля ўвядзеньня карантыну ўрад пастанавіў накіраваць 200 тысяч мільёнаў эўра ў эканоміку Гішпаніі, каб заплаціць тым, хто пойдзе на карантын, каб плаціць дапамогу беспрацоўным.

Гэты крызіс часовы. Нас рыхтуюць, што ён можа працягнуцца 3-4 месяцы, паўгода, да верасьня. І потым усе перазапусьціцца. Уладальнікаў прадпрыемстваў просяць захоўваць працоўныя месцы за людзьмі, выплачваць ім фінансавую дапамогу. Уведзены мараторый на іпатэчныя крэдыты.

Кіраўнік ураду зьвярнуўся да ўладальнікаў жытла, якія яго здаюць, каб яны не высялялі людзей, якія страцілі працу і ня могуць плаціць за арэнду. Гішпанцы — не беларусы, тут амаль ніхто ня мае грошай у запас. Іншы мэнталітэт. Чалавек, які страціў працу, можа месяц пражыць, а другі — наўрад ці.


«Ня бойцеся страціць грошы. Закрыцца ўсё роўна прыйдзецца»

Абапіраючы на гішпанскі досьвед, Вольга дае некалькі парадаў беларусам:

— Ня бойцеся страціць грошы. Я на сабе гэта праверыла. Калі перад табой стаіць нейкае рашэньне, як правіла, зьвязанае са стратай грошай, — закрыць прадпрыемства, страціць грошы, ня трэба баяцца гэтага. Усё роўна ўсё скончыцца тым, што давядзецца закрыць, толькі тады гэта ўжо прывядзе да страты чалавечага жыцьця. Прыміце рашэньне на карысьць бясьпекі жыцьця. А закрыць усё роўна давядзецца. І гэта трэба зрабіць ужо цяпер.

Як мне здаецца, беларусы зарыентаваліся, і многія на прыватным узроўні прынялі рашэньне — дзяцей у школу не пускаюць, самаізаляваліся. Трэба, каб гэта адбылося на дзяржаўным узроўні. Можа, сапраўды ня ўсё закрываць, але даць людзям маскі, рэсьпіратары, трымаць дыстанцыю 2 мэтры паміж працоўнымі месцамі. Антысэптыкі паставіць. Я ведаю, што ў многіх месцах гэта зроблена.


«Куды ходзіць беларускі пэнсіянэр? Раз ці два на тыдзень у краму? Дык гэта і ёсьць карантын»

Вольга Ўлевіч тлумачыць высокую сьмяротнасьць ад каранавірусу ў Італіі і Гішпаніі тым, што там вельмі шмат старых людзей, якія вядуць актыўны лад жыцьця:

— З раніцы 80-90-гадовыя — у бары, абед — у рэстарацыі, увечары — у кавярні футбол глядзяць. Яны тусаваліся і ў выніку заражаліся. А беларускія пэнсіянэры і так жывуць як на карантыне. Куды ходзіць наш пэнсіянэр? Раз ці два на тыдзень у краму. Дык гэта і ёсьць карантын. Зараз нас пасадзілі на карантын, і ён палягае ў тым, што мы ня маем права нікуды хадзіць, акрамя як у краму. Калі раней нам не абмяжоўвалі колькасьць паходаў у краму, то цяпер ёсьць нормы. Накупіў і сядзі дома, думай пра іншых. Калі табе ня страшна захварэць, падумай, што ты можаш быць носьбітам, ты як таксіст для гэтага каранавірусу.

Хочаце памерці — памірайце, але ёсьць іншыя людзі. Паліцыя ў маленькіх гарадках разаслала паведамленьні, што людзі нясуць нават крымінальную адказнасьць, калі праз парушэньне карантыну памрэ стары, зь якім разам жывуць. Калі сын жыве з маці, якой 76 гадоў, то яна (гэта ўжо пацьверджана тысячамі выпадкаў) не перанясе каранавірусу, таму ці дзеці, ці сядзелка панясуць крымінальную адказнасьць, калі яны яе заразяць праз парушэньне карантыну. Не цяпер, вядома, а потым гэтыя дзеяньні будуць ацэненыя як злачынна безадказныя ці з выпадковасьці... Непрадуманыя, безадказныя дзеяньні могуць прывесьці да сьмерці старога.

Вайна. Насамрэч гэта вайна. Ты бачыш лічбы загінулых, бачыш, што не даюць рады крэматорыі, бачыш новыя шпіталі, як у Кітаі, — на 5 500 тысяч чалавек у Мадрыдзе, дзе самая складаная сытуацыя. Як ні дзіўна, не такая страшная сытуацыя ў Барсэлёне, турыстычным горадзе. А вось у вёсцы Ігуаляда пад Барсэлёнай цяпер каля паловы сьмерцяў у Каталёніі. Гэтая вёска пад сьвятой гарой Мансэрат ачэпленая на пэрымэтры, туды нельга ўехаць, зь яе нельга выехаць ужо больш за 10 дзён. Мы ўсе сядзім дома, вуліцы патрулююць паліцэйскія машыны. Калі ты едзеш на працу, мусіш дакумэнт прадаставіць. І правераць, ці сапраўды туды едзеш.


«Беларусы ня вераць Лукашэнку і робяць усё насуперак таму, што ён кажа»

У Гішпаніі людзі давяраюць уладам і СМІ, прыслухоўваюцца да парадаў і рэкамэндацый уладаў, канстатуе Вольга Улевіч:

— У Беларусі ўсё наадварот. Калі «бацька» ў тэлевізары сказаў, што ніякага каранавірусу няма і трэба садзіцца на трактар, людзі рэагуюць наступным чынам — значыць, усім капец, трэба дома сядзець. А калі б Лукашэнка выступіў і сказаў: «Дзеці, не хадзіце ў школу, людзі, не хадзіце на працу, усім дазваляю нічога рабіць», то людзі адразу б на працу пабеглі і ў школы. У нашых людзей іншая псыхалёгія. Нам кажуць адно, а мы, выкарыстоўваючы ўвесь свой гістарычны досьвед, прымаем супрацьлеглыя рашэньні. А ў Гішпаніі, як сказалі ўлады, так людзі і выконваюць. Гэта, дарэчы, вельмі дапамагае жыць, нават у мірны час.


05-CD152A46-75AC-4FEB-99B5-117F8F416F9B_w1597_n_r0_st.jpg

Бязьлюдны аэрапорт Барсэлёны


Мяне пытаюцца, а калі турыст усё ж прыедзе? Хай прыедзе, але закрытыя ўсе гатэлі, іх пераабсталёўваюць пад шпіталі. Закрытыя ўсе рэстараны. Адкрытыя толькі крамы з прадуктамі. Закрыты сабор Саграда-Фамілія, даўно закрытыя дамы Гаўдзі, усе футбольныя матчы і канцэрты скасаваныя. Калі турыст будзе бадзяцца па вуліцах, да яго праз 5 хвілінаў пад’едзе паліцыя і тут жа адправіць на карантын, толькі невядома куды, бо гатэлі закрытыя...

Ганна Соўсь, svaboda.org