Амбасада ЗША ва Ўкраіне заклікала да «справядлівасьці адносна сям’і Паўла Шарамета»

У Міжнародны дзень спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў амбасада ЗША ва Ўкраіне заклікала «разам з украінскім народам» да «справядлівасьці адносна сем’яў Георгія Гангадзэ, Паўла Шарамета і іншых журналістаў, якія трагічна страцілі жыцьцё, сьмела шукаючы праўды».

Таксама амбасада заклікала Расею і «сілы, якія яна падтрымлівае», неадкладна вызваліць украінскіх журналістаў, затрыманых за працу на ўсходзе Ўкраіны і ў акупаваным Расеяй Крыме.

***

44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павал Шарамет, які працаваў у мэдыя Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасьць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасьля высьветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Да расьсьледаваньня падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасьці асноўнай вэрсіі забойства разглядалася помста за прафэсійную дзейнасьць. Сьледзтва таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, з асабістых матываў або памылкова (цэльлю магла быць грамадзянская жонка загінулага, уладальніца «Украінскай праўды» Алена Прытула, — менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).

Месяц таму прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што вызначыў тэрміны завяршэньня расьсьледаваньня справы аб забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета, але адмовіўся назваць прычыны яе засакрэчваньня.

svaboda.org