Аляксандр Фядута – лаўрэат прэміі Сапегі

Прэмію заснавалі ў Польшчы 12 гадоў таму адмыслова для ўшанавання беларусаў за заслугі ў развіцці грамадзянскай супольнасці і будове дэмакратычнай краіны.

Заснавальнікі ўзнагароды – Асяродак вывучэння Усходняй Еўропы ў Варшаве і Калегіум Усходняй Еўропы ўва Вроцлаве. Прэмію падтрымалі Варшаўскі, Вроцлаўскі, Ягелонскі і Беластоцкі ўніверсітэты, а таксама ўніверсітэт Адама Міцкевіча ў Познані.

Галоўны прынцып прэміі ў тым, што лаўрэат цягам года наведвае польскія ўніверсітэты з лекцыямі па беларускай тэматыцы, дазваляючы студэнтам розных універсітэтаў бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю. Асаблівасць прэміі ў тым, што кандыдаты могуць вылучаць сябе самі, дасылаючы заяву журы ўзнагароды.

Калі пераможца па выніках гадавога візіту ў Польшчы піша кнігу – яму дапамагаюць у яе выданні.

Аляксандр Фядута – доктар філалагічных навук, выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні.

Фядута стане трынаццатым лаўрэатам Сапегаўскай узнагароды. Дагэтуль прэміі атрымлівалі гісторык Валянцін Голубеў, літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, гарадзенскі гісторык Сяргей Токць, навукоўцы Аляксандр Жлутка, Уладзімір Ляхоўскі, Андрэй Ляховіч, Алесь Лагвінец, Пятро Рудкоўскі, Іна Соркіна і Аляксандр Смалянчук.


02-Sapieha-1.jpg

Леў Сапега, вялікі канцлер ВКЛ, віленскі ваявода, вялікі гетман ВКЛ, нарадзіўся ў 1557 годзе ў Астроўне на Віцебшчыне. У 1588 годзе Сапега распрацаваў і выдаў за ўласны кошт трэцюю рэдакцыю Статута ВКЛ.


Цырымонія ўручэння адбываецца ў Варшаўскім універсітэце кожны год 4 красавіка – у дзень нараджэння вялікага канцлера і вялікага гетмана ВКЛ Льва Сапегі.

ДД, “Белсат”