Алег Латышонак: Ідэі БНР заўсёды былі жывыя на Беласточчыне

Малітвай у царкве Яна Багаслова ў Беластоку ды вялікім мерапрыемствам у Падляшскай філармоніі беларусы Падляшша ўшануюць сотую гадавіну з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Ідэі БНР заўсёды былі жывыя на Беласточчыне, нягледзячы на тое, што большасць з нашых продкаў тады ў пачатку 1918 года знаходзілася далёка ад роднай зямлі,» – кажа прафесар Алег Латышонак:

– Пад канец 1918 года, 20 снежня, у Шчытах адбыўся з’езд беларусаў Бельскага павета. Ён павінен быў прайсці ў Бельску, але нямецкія ўлады забаранілі і пагражалі арыштам удзельнікаў. Таму яны пераехалі ў Шчыты і там абвясцілі пра далучэнне Бельшчыны да беларускай дзяржавы. Волевыяўленне беларусаў Падляшша было яснае, і дакументы пра гэта знаходзяцца цяпер у архівах у Менску.

Варта нагадаць, што прэм’ер–міністрам абвешчанай Беларускай Народнай Рэспублікі быў нараджэнец Кузьніцы (цяпер Кузьніца Беластоцкая) Язэп Варонка, подпіс якога стаіць на ўсіх найважнейшых дакументах БНР. Варта прыгадаць і дыпламата БНР Янку Чарапука, і Мікалая Дзямідава з Гарадка.

Валянціна Лаеўская, “Беларускае Радыё Рацыя”