Агмень беларушчыны на старонках замежнага друку

Сярод ганаровых замежных гасцей, якія 14 лістапада 1926 года звярталіся з прывітальным словам да ўдзельнікаў міжнароднага форуму ў сталіцы Савецкай Беларусі, быў паэт Уладзімір Жылка (1900—1933): «Рэдакцыя часопіса “Прамень” і беларускае студэнцтва ў Чэхаславакіі, якое паслала мяне сюды, горача вітае Першую Беларускую Акадэмічную Канферэнцыю. Беларускі працоўны народ, які раней быў прыгнечаны сацыяльна і нацыянальна, цяпер будуе сваю рэспубліку. І там, у нас на Захадзе, дзе ідзе цяжкае змаганне ня толькі за сваю культуру, але і за нацыянальнае існаванне, за права “людзьмі звацца”, там к здабыткам беларускай навукі асабліва прыслухоўваюцца. Кожны новы крок, кожны новы поспех беларускай культуры з’яўляецца там, на Захадзе, новай сілаю, новай зброяй у руках беларускіх мас, якія ў апошнія гады паднялі сцяг змагання…»


«Часопіс паступовага студэнцтва»

Сёння, калі стараннямі навукоўцаў узноўлены жыццяпіс аўтара «Вершаў аб Вільні», пракладзены магістральныя шляхі вывучэння беларускай прысутнасці ў Чэхаславакіі міжваеннага перыяду, на чарзе стаіць дэталёвы разгляд усіх нюансаў нацыянальнай культурнай працы за мяжой, што немагчыма без звароту да чэшскіх архіваў і бібліятэк.

Адным з найбольш плённых перыядаў у творчасці Уладзіміра Жылкі быў час вучобы ў 1923—1926 гадах на філасофскім факультэце Карлавага ўніверсітэта ў Празе. Духоўны спадчыннік Максіма Багдановіча выдатна праявіў сябе ў  розных іпастасях: паэт, перакладчык, крытык, арганізатар студэнцкага руху. У якасці рэдактара часопіса «Прамень» Уладзімір Жылка запрошаны ў Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу, выступае на гэтым форуме, бярэ ўдзел у працы літаратурнай секцыі, а пасля застаецца ў сталіцы БССР, прымае савецкае грамадзянства, акунаецца ў плынь дзяржаўнага будаўніцтва, урэшце — узыходзіць на сваю Галгофу...

У 1920—1930 гадах беларуская моладзь з Заходняй Беларусі і Латвіі імкнецца патрапіць у Чэхаславакію — «Еўропу ў  мініяцюры». Колькасна нешматлікае беларускае студэнцтва, рассеянае па розных навучальных установах гэтай еўрапейскай краіны, здолела стварыць унікальны прэцэдэнт нацыянальнай арганізаванасці і творчай ініцыятывы за мяжой, дзейснага міжнароднага супрацоўніцтва. Студэнцкія згуртаванні адлюстроўвалі ўвесь спектр грамадска-палітычных памкненняў моладзі: Аб’яднанне беларускага паступовага (прагрэсіўнага) студэнцтва, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Вольная грамада і інш. Іх рупарамі станавіліся новыя перыядычныя выданні: «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Іскры Скарыны» і г. д.

«Прамень» пазіцыянаваў сябе як «часопіс паступовага студэнцтва». Неперыядычнае выданне, якое выходзіла ў Празе ў 1926—1927 гадах і цягам часу карэкціравала сваю назву — «Новы прамень», «Наш прамень». Паводле традыцыйных вызначэнняў, гэта грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. Адказным рэдактарам-выдаўцом фармальна значыўся чэх Іван Сэканіна — камуніст, выпускнік юрыдычнага факультэта Карлавага ўніверсітэта, сябра вядомага паэта Іржы Волькера. У рэчаіснасці рэдагаваў «Прамень», плённа апрабоўваў у ім уласную творчую практыку Уладзімір Жылка.

Часопіс быў паслядоўным у падборы аўтараў, беларускіх і замежных. Пры публікацыі апавядання нямецкага камуніста Іаганеса Бехера «Казнены» (1927, № 1; пераклад А. Д.) не без гонару адзначалася: «Гэтае апавяданне прыслана па просьбе рэдакцыі вядомым пралетарскім пісьменнікам Бэхэрам з Бэрліну».

«Прамень» паслядоўна выказваў адкрытае захапленне поспехамі будаўніцтва новага ладу ў БССР, дэманстраваў сваё крытычнае стаўленне да прадстаўнікоў беларускай палітычнай эміграцыі ў Чэхаславакіі. Праграмныя тэзісы выдання былі агучаны ў зачынным артыкуле першага нумара — «Ад рэдакцыі», падмацаваны вершам Леапольда Родзевіча «Песня ратая» («Гэй ратаі, мы маем моц кайданы рваць!»), а таксама шэрагам артыкулаў грамадска-палітычнага характару: «Сялянскі саюз і яго антысялянская роля», «Некалькі ўваг аб становішчы ў Польшчы», «Трошкі аб беларускай партыі эсэраў», «Аб беларусізацыі» і інш.

Уласна літаратурную частку нумара складалі паэтычныя і празаічныя творы: вершы Іржы Волькера ў Жылкавым перакладзе — «***На шпітальнай пасцелі праменні падуць» і «Песня кахання» («Кажаш, што толькі ў тваіх вачох — цэлы свет…»); арыгінальныя вершы Уладзіміра Жылкі — «Альбігоец», «Прастытутка»; апавяданне Волькера «Служка» ў мастацкім перастварэнні Л. Макашэвіча (псеўданім Жылкі).

Цікавы выдавецкі лёс апошніх згаданых твораў. Назва верша «Прастытутка» была знята ў паэтычным зборніку «З  палёў Заходняй Беларусі» (Мінск, 1927), ад таго часу твор вядомы па першым радку — «***Каму жыццё атруты келіх», што, на нашу думку, істотна змяняе (калі цалкам не скажае) аўтарскую задуму, робіць расплывістай і завуаляванай мастацка-вобразную цэльнасць верша, згладжвае яго палемічную завостранасць. Апавяданне «Служка» да з’яўлення публікацыі ў часопісе «Полымя» (2015, № 5) ніколі больш не перадрукоўвалася і не станавілася аб’ектам літаратуразнаўчага аналізу.

Літаратурная частка часопіса «Прамень» (1926, № 1), у якой Уладзімір Жылка выступаў як аўтар, перакладчык і рэдактар (можна меркаваць, пачуваў сябе гаспадаром становішча), адметная сваёй канцэптуальнасцю, лагічнай сувяззю і  паслядоўнасцю выяўлення розных мастацкіх сродкаў, наяўнасцю адмысловага дыяпазону выяўлення пачуццяў. Для беларускага паэта гэта была ўнікальная магчымасць апрабацыі паэтыкі розных творчых напрамкаў, крышталізацыі індывідуальна-аўтарскага пошуку. Жылкаў рэдактарскі вопыт, ідэйна-эстэтычныя прыярытэты не маглі не паўплываць на беларускую культурную чыннасць у Чэхаславакіі, найбольш ярка прадстаўленую ў спадчыне Ігната Дварчаніна, Тамаша Грыба, Францішка Грышкевіча і інш. Пры гэтым практычна некранутым увагай застаецца творчы абсяг літаратурнага «падлеска», шматлікіх спроб пяра, якія не сталі заўважнай з’явай, але адыгралі сваю ролю ў фарміраванні шматузроўневай парадыгмы нацыянальнай рэалізаванасці ў замежжы.


Невядомае імя — Рыгор Кудаса

На старонках часопіса «Новы прамень» надрукаваны некалькі вершаў Рыгора Кудасы: «На аксамітным дыване» (1926, № 1), «Дзень на усходзе» (1927, № 1). Імя аўтара ніколі не згадвалася сярод беларускай грамады ў Чэхаславакіі. Раскрыць таямніцу дапамагла нечаканая знаходка. У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва намі былі выяўлены рукапісы вершаў Рыгора Тананкі, дасланыя ў рэдакцыю віленскай газеты «Беларуская ніва»: «У траўневу ноч», «Песня», «На аксамітным дыване», «Раніца», «З родных малюнкаў». Месцам іх напісання пазначаны Praha i Řičany; час стварэння — снежань 1925-га — студзень 1926 года. Тэкст верша «На аксамітным дыване» адназначна сведчыў: Рыгор Кудаса і Рыгор Тананка — адна і тая ж асоба. Відаць, малады аўтар вырашыў апрабаваць свае паэтычныя практыкаванні ў  беларускіх выданнях розных краін — Чэхаславакіі і Польшчы.

Рыгора Тананку згадваў у кнізе «Пути-дороги» (Мінск, 1973) Георгій МухаМухноўскі, былы студэнт у Чэхаславакіі, у тую пару вядомы як Юрка Муха. Сярод моладзевых згуртаванняў існавалі і  Саюз студэнтаў — грамадзян БССР, і  т.  зв.  «марксісцкая група». У склад праўлення «Саюза…», сярод іншых, уваходзілі Рыгор Тананка і Мікола Шыманка. Студэнцкая моладзь упэўнена дэкларавала не толькі ўласныя ідэйныя перакананні, але і бачанне сваёй пасляўніверсітэцкай будучыні.

Мікола Шыманка быў з ліку тых, каму пашчасціла выжыць у віхурах рэпрэсіўных 1930-х і наступнага ваеннага ліхалецця. Дзякуючы яму мінскія архівы істотна папоўніліся матэрыяламі пра беларускую прысутнасць у Чэхаславакіі 1920—1930-х гадоў, а таксама беларуска-чэшскія культурныя сувязі гэтага часу. У лісце ад 22 лютага 1963 года Мікола Шыманка пісаў з Гродна ў Мінск да Алеся Есакова, вучонага сакратара музея Янкі Купалы: «З былых студэнтаў, якія потым рознымі шляхамі папалі ў Савецкі Саюз, пасля вайны я сустрэўся ў Мінску толькі з адным чалавекам — Тананка Рыгорам Іванавічам, які ў  той час (здаецца, у 1954 ці 1955 гг.) працаваў аграномам у саўгасе “Уваравічы” Гомельскай вобласці. Пісаў я ў саўгас і ў міністэрства сельскай гаспадаркі, але адказы атрымаў адмоўныя: выбыў невядома куды».

Некаторыя старонкі жыццяпісу Рыгора Тананкі асвятляюць архівы Чэшскай Рэспублікі. Нарадзіўся 30 лістапада 1904 года ў вёсцы Лукі Навагрудскага павета Мінскай губерні. У Чэхаславакію прыехаў 10 верасня 1923 года з атэстатам за 8 класаў Навагрудскай гімназіі.

Захавалася прашэнне Рыгора Тананкі, накіраванае ў Міністэрства замежных спраў Чэхаславакіі 12 лістапада 1923 года: «Уся сістэма рэпрэсій польскай улады, накіраваная на заглушэнне нацыянальнага духу беларускага народа, распаўсюдзілася і на мяне, як на беларуса і як на асобу палітычна нядобранадзейную з пункту гледжання польскай улады. З  прычыны таго, што я быў ініцыятарам многіх арганізацый нашай беларускай моладзі і заклікаў сваю моладзь да барацьбы з польскім засіллем, я быў пераследаваны польскай адміністрацыяй. Каб пазбегнуць рэпрэсій з боку акупантаў, я збег з  Польшчы, але першыя мае ўцёкі не ўдаліся; я быў злоўлены і пасаджаны ў польскую турму ў Кракаве. Потым пераводзілі па турмах Варшаўскай, Беластоцкай, Навагрудскай, Баранавіцкай і Нясвіжскай. Калі рэпрэсіі сталі проста немагчымымі для перанясення звычайным чалавекам, я збег з турмы другі раз. Гэтыя ўцёкі мне ўдаліся, і я апынуўся ў  Чэха-Славакіі, без кавалка хлеба, абарваны і без прытулку. З прычыны усяго вышэйсказанага пераканаўча прашу Міністэрства Замежных Спраў аб аказанні мне прытулку і дазволу права на жыхарства ў Чэха-Славацкай Рэспубліцы». Праўдзівасць слоў Рыгора Тананкі пацвердзілі сваімі подпісамі пяцёра студэнтаў-беларусаў (Жук, Бурак, Шах, Буська, Яноўскі), заверыў дакумент старшыня Беларускай грамады ў Празе Мікола Вяршынін. Вучыўся Тананка ў Вышэйшай школе земляробства і лесаводства (Vyšší Škola zemědelského a lesního inženyrství), выпускны іспыт вытрымаў 20 чэрвеня 1928 года.


Пераўтварэнне тэксту

Ад прадстаўніка «марксісцкай групы» лагічным было б чакаць публіцыстычнай, вострай сацыяльнай скіраванасці вершаў, адпаведнай палітычнай платформе «Беларускай нівы», афіцыйнай трыбуны Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Між тым для ўсіх твораў Р. Кудасы характэрны выключна лірычны настрой, імкненне зафіксаваць аўтарскую імпрэсію, індывідуалізм светабачання. Перад намі ўзоры пейзажнай лірыкі, не пазбаўленыя натхнення, але ў мастацкім плане яшчэ вартыя сур’ёзнай шліфоўкі.

Верш «На аксамітным дыване» вылучаецца з гэтай нізкі ўнутранай дынамікай, метафарычнасцю, сімпатычнай лёгкасцю пісьма. Яго рукапісная даціроўка тая ж, што ў часопісе «Новы прамень», — 23 студзеня 1926 года; але ў рукапісе ўдакладнена і месца з’яўлення гэтага опуса на свет — Praha.

Рэдактар пражскага выдання добра папрацаваў над выпраўленнем хібаў рукапісу: прыбраў рудыменты дыялектнага маўлення, стрыножыў збыткоўнасць аўтарскай пунктуацыі, дылетанцкую захопленасць клічнікамі і шматкроп’ем. Карэкціроўцы падвергліся радкі, прысвечаныя метафарызацыі «думкі», што ліецца «Мімавольна на папер. // Настрой радасна смяецца. // Смех кладзецца да літэр». Эстэтычная акцэнціроўка, тэмбральная афарбоўка была выверанана і ў заключных акордах, далёкіх ад чысціні гучання ў рукапісным варыянце: «Зачарован ўвесь дазвання // Ад прыроды гэных дзіў». Пасля скрупулёзнай рэдактарскай праўкі верш Рыгора Кудасы «На аксамітным дыване» загучаў наступным чынам:

На аксамітным дыване
Сонца сьмехам гладзіць рунь.
То прысядзе, то прыўстане
Там над лесам вецер — вунь!
Круціць кудзеры нямыя,
Сон пужае баравы,
У праменьнях сонца мые
Грывы шоўкавай травы.
Потым: мчыцца... мчыцца ... даляй
Аж на нівы к нам праз лес.
Глянь! Вунь, вунь жывою хваляй
К ім на грудзі проста ўлез.
Бач, на нівах, як сьмяецца,
Вяжа сьмехам каласы;
Бы гайдаецца, здаецца,
Учапіўшыся ў аўсы.
Проста люба тут дзівіцца
Дзівам пекным гэных дзіў.
Зачарован бы, здаецца,
На мяжы ляжу ля ніў.
Думка льецца... льецца ... льецца
Мімавольная, бяз мер.
Настрай радасна сьмяецца,
Сьмех кладзецца на папер.
На аксамітным дыване,
На мяжы ляжу ля ніў.
Зачарованы дазваньня
Хараством радзімых дзіў.

Узноўлены невялічкі фрагмент цікавай творчай мазаікі мінулага, асабістых лёсаў пераконвае ў неабходнасці далейшай пошукавай працы, зладжанага міжнароднага супрацоўніцтва.

Мікола Трус (Беларусь), Сяргей Кнырэвіч (Чэхія), „Літаратура і мастацтва“