«А зарабляю я ў шпіталях як капелан». Інтэрв’ю з айцом Сяргеем Стасевічам — беларускім святаром у Лондане

Як хлопец з Івацэвіч трапіў у Лондан? Што даводзіцца рабіць, трымаць парадак у «беларускім анклаве» ў Фінчлі? І з чым звязаныя ягоныя спадзяванні на будучыню беларускай справы? Айцец Сяргей Стасевіч адказаў на пытанні «Нашай Нівы».

— Як вы трапілі ў Лондан?

— У гады свайго студэнцтва ў Беларусі я пазнаёміўся з айцом Аляксандрам Надсанам, які ў той час прымаў на навучанне беларусаў грэка-католікаў з мэтаю, каб яны вывучалі тут тэалогію і былі нечым карысныя Царкве. Я паехаў у Лондан да яго таксама з гэтай самай мэтай у 1999 годзе, а ў 2000 годзе ён знайшоў для мяне стыпендыю для навучання ў Рыме, у папскім Грэчаскім калегіуме. І ён мяне выправіў у Рым, у тую самую навучальную ўстанову, дзе быў вучыўся сам. Там я адбыў сваё навучанне на працягу пяці гадоў і ў студзені 2006 года прыехаў сюды, у Лондан. Тут айцец Надсан мяне прыняў, і ў тым самым годзе я быў высвячаны на дыякана, пазней — на святара. І вось ад 2006 года я жыву ў Лондане, хаця застаюся святаром беларускай царквы і беларускім грамадзянінам, душпастырам беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Наша царква — адзіная беларуская царква ў гэтай краіне і адна з дзвюх у Заходняй Еўропе. Яшчэ ёсць царква грэка-каталіцкая ў Антверпене.

— Чым вы займаецеся? Якія вашы абавязкі?

— Мне ў спадчыну ад маіх папярэднікаў, перш за ўсё айца Надсана, а таксама ягонага папярэдніка біскупа Чэслава Сіповіча, застаўся вялікі беларускі рэлігійна-культурны цэнтр. Ён быў адчынены ў 1948 годзе, і яму ўжо 80 гадоў. Сёння цэнтр складаецца з інстытуцый, розных па сваім статусе. Гэта бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны, наш рэлігійны цэнтр «Марыян-хаўс», дзе я жыву, і новая царква, што мы збудавалі. Я займаюся непасрэдна іх штодзённай дзейнасцю, побытавымі справамі. Займаюся ўтрыманнем гэтых будынкаў, іх прыбіраннем, трохі садоўніцтвам, і самастойна, і з дапамогай іншых беларусаў. Высаджваем кветкі, падразаем кусты.

Я выступаю як у якасці аднаго з апекуноў бібліятэкі і музея, у афіцыйным статусе, так і як святар беларускай місіі. Розныя рэчы робім у залежнасці ад таго, што гэта за падзея — прымаем гасцей з Беларусі, даследчыкаў. У бібліятэцы ёсць праграма для даследчыкаў — рэгулярна прыязджаюць самыя розныя людзі, якія жывуць у нас, працуюць з дакументамі і з кнігамі. У нас ёсць магчымасць працаваць як з архівамі, так і з калекцыяй бібліятэкі.

Таксама я працую капеланам у некалькіх шпіталях Лондана. Гэта мая другая сфера дзейнасці.

— Што цікавага ў гэтай дзейнасці? У Беларусі амаль нічога пра гэта не ведаюць.

— У Беларусі служэнне капеланаў мала развітае, хаця я ведаю, што ў мяне ёсць калегі, каталіцкія і грэка-каталіцкія святары, якія, напрыклад, наведваюць турмы. Нельга назваць іх капеланамі, хаця, здаецца, у Гародні ёсць каталіцкі капелан…

Мяне зацікавіла дзейнасць святара ў сістэме аховы здароўя пасля майго ўласнага досведу лекавання ў Берасцейскай абласной бальніцы. Ужо будучы святаром, я трапіў з хваробай нырак у гэты шпіталь, самы лепшы ў Берасцейскай вобласці. Ён вельмі вялікі, там людзі з усяго рэгіёна. Там была праваслаўная капліца — невялікі пакой. Яна была ўвесь час зачыненая. Там было напісана, што ў пэўныя дні там адбываецца малебен, адбываецца яшчэ нешта. Аднойчы я пабачыў, як гэтая капліца была адчыненая і была перапоўненая людзьмі. Людзі стаялі яшчэ навонку, і, калі святар прачытаў Евангелле, людзі цягнулі рукі, каб дакрануцца. Напэўна, так імкнуліся дакрануцца да самога Хрыста людзі падчас хваробы. Я тады падумаў: як гэта патрэбна, насамрэч. Чаму гэтага так мала ці няма?

Ужо тут я даведаўся, што ў Вялікабрытаніі існуе вельмі разгалінаваная сістэма каталіцкіх капеланаў. Я паспрабаваў прайсці праз «рэкрутацыю», быў прыняты і пачаў год таму працаваць як капелан у вялікім шпіталі ў цэнтральным Лондане — гэта шпіталь Універсітэцкага каледжа Лондана. Ён адзін з самых вялікіх у Вялікабрытаніі і вядомы ён тым, што ў ім памёр Аляксандр Літвіненка. Туды паступаюць людзі з усёй краіны з самымі складанымі выпадкамі захворванняў. Спачатку я працаваў толькі ў адным месцы, пазней мяне папрасілі працаваць яшчэ ў мясцовым шпіталі ў Барнэце, тым, дзе скончыў свой жыццёвы шлях айцец Аляксандр Надсан.

Мы наведваем вернікаў як па ўласнай ініцыятыве (у нас ёсць спіс вернікаў-каталікоў), так і тых, хто папрасіў. Таксама мы наведваем тых, хто памірае, каб зрабіць сакрамент святога намашчэння. Нас таксама выклікаюць пасля смерці каталіка ў шпіталі. Святар прыходзіць перад усімі іншымі. Толькі пасля малітвы святара і акраплення святой вадой цела адвозіцца ў морг.

Служэнне хоць і нялёгкае, але вельмі цікавае. Мне даводзіцца сустракацца з самымі рознымі людзьмі, самых розных, так бы мовіць, нацыянальнасцяў. Хаця тут гэта гучыць дзіка. Я размаўляю на некалькіх мовах, і мне ўдаецца спалучаць усё гэта ў сваім служэнні.

— За кошт чаго вы існуяце і за кошт чаго існуе беларускі цэнтр?

— У нашых дамах ёсць памяшканні, якія здаюцца кватарантам, я атрымліваю даволі сціплую фінансавую субсідыю з Рыма і асабіста зарабляю ў шпіталях праз Нацыянальную сістэму аховы здароўя.

— Чым яшчэ вы займаецеся? Чым цікавіцеся?

— Цягам апошніх трох гадоў я навучаўся завочна ва Універсітэце кардынала Вышынскага кананічнаму праву, і мне трэба закончыць навучанне, напісаўшы працу на ліцэнзіят кананічнага права. Гэта такі выклік, які стаіць перад мною.

Я цікаўлюся беларускімі справамі, сачу за навінамі з Беларусі. Цікаўлюся гісторыяй, мастацтвам, у прыватнасці, сакральным мастацтвам. Магчыма, дызайн інтэр’еру — гэта маё хобі. З рэалізаваных праектаў — дом «Марыян-хаўс» і царква.

— Раскажыце, калі ласка, пра будаўніцтва царквы. Як адбылося ўвасабленне ідэі ў тое, што зараз можна пабачыць?

— Маё дзяцінства праходзіла ў вёсцы Сасноўка Пружанскага раёна, якая была ў Гарадзечанскім сельскім савеце. Гарадзечна калісьці было сялом, а цяпер зусім нязначны населены пункт. Яно слаўнае тым, што там адбылася адна з бітваў 1812 года, калі расейцы адступалі перад напалеонаўскім націскам, яны далі там бой. У гэтым Гарадзечне існавала царква памяці гэтай бітвы, каменная, у стылі класіцызму. У маім дзяцінстве яна была ў руінах. І вось гэтую царкву я запомніў, яна была для мяне такім сімвалам разбуранага, знішчанага храма. У дзевяностыя гады яе аднавілі. Цяпер яна дзейнічае як праваслаўны храм. Гэта такі храм майго дзяцінства, які я заўсёды хацеў аднавіць. Для мяне заўсёды была натхненнем вось тая царква, хаця тое, што мы збудавалі ў Лондане, — гэта не зусім тая царква майго дзяцінства…

Я ведаў, што каб пабудаваць новую царкву ў Лондане, трэба будаваць нешта незвычайнае. Цэрквы з цэглы, каменю, цэменту — яны нікога не цікавяць. А чаго ў Лондане і ў Брытаніі няма, дык гэта драўляных храмаў. Калі мы паглядзім у рэтраспектыве на сакральную архітэктуру Беларусі, то ўбачым, што тое адметнае, чаго не было больш нідзе, — гэта нашыя драўляныя храмы, якіх вельмі мала засталося. Яны вельмі ўсе цікавыя, а тое, што знішчана, было яшчэ больш цікавым — сумная такая праўда.

І вось ідэя пабудовы драўлянага храма ў Лондане мяне захапіла, і я яе змог рэалізаваць, пазнаёміўшыся з маладым таленавітым архітэктарам, што паходзіў з Ганконга, які быў проста нашым суседам. Мы пазнаёміліся і пачалі працаваць разам у гэтым рэчышчы. Будучы маладым энтузіястам, ён быў адкрыты на любыя прапановы. І вось мы прыдумалі сучасны праект натхнёны драўляным дойлідствам Беларусі, якое мы з ім разам вывучылі. Наш праект павінен быў быць вельмі асаблівы, бо рабіўся для паўночнага Лондана, для былой загараднай мясцовасці, дзе ціха, спакойна і шмат зеляніны. Наш будынак добра ўпісваецца ў прыгарадны пейзаж, у архітэктурную схему вуліцы. І таму праект быў адразу ўхвалены, мы не мелі ніякіх праблемаў з уладамі пры яго рэалізацыі. Гэта мой Храм, мая Беларусь. Раз мы тут беларусы, мы зрабілі такі храм, які б быў пазнавальным і сучасным. У ХХІ стагоддзі нельга будаваць якіясь рэплікі старых будынкаў. Яны заўсёды будуць прайграваць, выглядаць як падробка. Наш будынак не на што не падобны.

— Колькі часу заняло ўвасабленне ідэі пабудовы царквы?

— Тры гады ад першых эскізаў.

— Вы казалі, што яшчэ айцец Надсан хацеў пабудаваць у Лондане беларускую царкву.

— Калісьці я знайшоў у архіве архітэктурныя эскізы. Там быў план нейкай царквы. Калі я са здзіўленнем прачытаў, што гэта план беларускай царквы на Холдэн-авеню, я быў вельмі ўражаны, таму што яна была брыдкая — у стылі каталіцкіх храмаў сямідзясятых гадоў, якія выглядалі вельмі функцыянальна. Гэта быў гіганцкі будынак — зусім недарэчная для нас пабудова. Нічога дзіўнага, што гэты праект ніколі не быў рэалізаваны, але хтосьці пра яго думаў. Ёсць сведчанні, што ідэя пабудовы сваёй уласнай царквы была.

Наш цэнтр увесь час развіваўся: заснавальнікі дома для манахаў «Марыян-хаўса» прыйшлі да ідэі набыцця асобнага будынка для бібліятэкі і музея, затым яны набылі будынак для школы Кірылы Тураўскага і выхоўвалі тут беларускіх дзяцей, хлопцаў. Таксама натуральна было б збудаваць царкву, бо зямлі хапала. Але да яе ніколі не дайшло. І я бачыў у гэтым сваю місію — гэта ўжо было наканавана зрабіць нам, у ХХІ стагоддзі, тое, што мае папярэднікі не здолелі зрабіць, таму што тады не было такіх архітэктараў, як цяпер. Беларускіх архітэктараў у нас тут не было ў грамадзе, на жаль.

Айцец Аляксандр адразу ўхваліў праект царквы і вельмі любіў хадзіць вакол мадэлі царквы, якая стаяла ў музеі. Ён пабачыў мадэль, і мы разам з ім блаславілі ўчастак пад пабудову і паставілі на ім крыж, але, на жаль, ён памёр перад тым, як будаўніцтва распачалося.

— Ці шмат нашых суайчыннікаў у Брытаніі наведвае беларускую царкву?

— Нашы суайчыннікі не вельмі наведваюць нашую беларускую царкву, таму што яна грэка-каталіцкая. Вядома, што і ў Беларусі нашая канфесія сёння — меншасць. Нашы парафіяне ў большасці навярнуліся з праваслаўя. Я сам перайшоў у грэка-каталіцкую царку свядома, калі стаў студэнтам у Мінску. Я заўсёды шукаў беларускую царкву і тады, у 1994 годзе, прыйшоў да высновы, што такой царквой была менавіта наша грэка-каталіцкая царква.

Хаця прыходзіць да нас вельмі мала беларусаў, але прыходзяць іншыя людзі, не звязаныя з Беларуссю, — вернікі ўсходняга абраду з іншых краін. Так, грэка-католікі са Славакіі маюць рэгулярную службу ў нашым храме са сваім святаром.

Як адзін з двух беларускіх святароў у Заходняй Еўропе, я не абмяжоўваю сваю дзейнасць толькі Вялікабрытаніяй. Я удзяліў некалькі шлюбаў у Літве і Польшчы, а таксама святых хростаў у Польшчы. Калі трэба, я на просьбы вернікаў езджу ў іншыя краіны і там займаюся душпастырствам.

У новай беларускай царкве ў Лондане, якая працуе з 2016 года, былі ахрышчаны двое дзяцей брытанскіх беларусаў, а таксама некалькі славакаў, якіх славацкі святар хрысціў. Яшчэ ніводнага шлюбу ці пахавання ў нас не было.

Як у самой Беларусі ідэя беларускай царквы з беларускамоўным набажэнствам не вельмі папулярная і знаходзіцца на перыферыі рэлігійнага жыцця, так і тут няма чаго спадзявацца, што тая невялікая колькасць беларускіх эмігрантаў, якія жывуць у Вялікабрытаніі, будзе масава наведваць наш храм. Але гэта не значыць, што мы не павінны тут існаваць: у нас ёсць гістарычныя падставы і матэрыяльная магчымасць тут існаваць. Нам трэба быць адкрытымі да таго, што будучыня нам прынясе, і мы гатовыя да таго, каб да нас прыйшло больш людзей. Магчыма, тыя, хто з’яўляецца хрысціянамі фармальна, знойдуць Бога ў будучыні. Такое маё спадзяванне.


05-stasevich1-wakvs.jpg

Вясёлка — інсталяцыя ля ўваходу ў шпіталь, сімвал надзеі на перамогу над вірусам.


— Як вы ўспрымаеце эпідэмію каранавіруса? Як вы яе перажываеце?

— Больш за ўсё людзі, якіх я наведваю ў шпіталі, шкадуюць, што не змаглі належным чынам адправіць на той свет свет сваіх родных. Удзел у пахаванні — гэта тое, як мы спраўляем сваю жалобу. Сёння людзі не могуць гэтага зрабіць у поўнай меры. Цяперашнія пахаванні асабліва сумныя, нешматлюдныя. Сваякі тых, каго хаваюць, часта самі знаходзяцца ў шпіталі. І мы яшчэ не ведаем, як гэта адаб’ецца на псіхіцы людзей. Немагчымасць развітацца належным чынам са сваімі роднымі — гэта вялікая траўма.

Вольга Сяховіч, nn.by