Навіны беларускага замежжа

16.05.2008
ЗША ўвялі санкцыі супраць чарговых беларускіх кампаній

Улады ЗША 15 траўня аб’явілі аб эканамічных санкцыях супраць трох беларускіх прадпрыемстваў “Беларускі нафтавы гандлёвы дом”, “Лакакраска” і “Шкловалакно”. “Актывы гэтых кампаній у ЗША, калі такія будуць знойдзены, будуць замарожаны” - гаворыцца ў Бюлетэні Міністэрства фінансаў ЗША. Амерыканскім юрыдычным і фізічным асобам забараняецца падтрымліваць узаемадачыненні з данымі фірмамі. Такім чынам на “чорным спісе ЗША” ужо 4 беларускія прадпрыемствы. Нагадаем, што 13 лістапада былі ўведзены санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім”.

16.05.2008
С. Шушкевіч узнагароджаны Голубам міру

У польскім Гданьску былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч атрымаў пераходнае адзначэнне, узнагароду Голуб міру. Яна ўручаецца за заслугі ў барацьбе за мір і правы чалавека. Узнагарода была заснаваная з нагоды 60-годдзя прыняцця Дэкларацыі правоў чалавека.Прэмію Станіславу Шушкевічу ўручыў былы прэзідэнт Польшчы і старшыня легендарнага прафсаюзу “Салідарнасць”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Лех Валенса.

15.05.2008
Прэс-канферэнцыя праваабарончых арганізацый адбылася ў Вільні

У Віленскім Доме правоў чалавека прайшла прэс-канферэнцыя праваабарончых арганізацый у сувязі з падзеямі апошніх месяцаў у Беларусі. Удзельнікі канферэнцыі апісалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і падкрэслілі, што тое, што сёння адбываецца ў Беларусі - гэта зваротны ход маятніка.

15.05.2008
Выстава графіка Юрыя Якавенкі “LINEA MAGICA”

У Вільні ў мастацкай галерэі “Meno Nisa”, што на вул. Басанавічаўс, 1 (J.Basanaviciaus 1), адкрылася выстава твораў гарадзенскага мастака-графіка Юрыя Якавенкі „Linea Magica". Апякуецца мастаком славуты фотамайстар Рымантас Дзіхавічус. На адкрыцці адбылася прэзентацыя мастацкага альбому Юрыя Якавенкі. Альбом можна набыць у мастацкай галерэі. Выстава будзе працаваць да 30 траўня. Тэлефон галерэі: +370-5-2313811.Паводле газеты “Свабода”

13.05.2008
Памятная дошка ў Штутгофе

У былым канцэнтрацыйным лагеры Штутгоф будзе ўсталяваная дошка ў памяць беларусаў, якія страцілі жыццё ў згаданым месцы. Пра гэта “Польскаму радыё” сказаў Генеральны консул Беларусі ў Гданьску Руслан Есін.Паводле дыпламата, з ініцыятывай усталявання мемарыяльнай дошкі выступіла консульская ўстанова. Рада Дзяржаўнага музея Штутгоф падтрымала ініцыятыву беларускага боку. У выніку сумеснай працы Генконсульства ў Гданьску і музея Штутгоф удалося ўстанавіць прозвішчы 1002 беларусаў, загінулых у фашысцкіх засценках.

13.05.2008
У ААН паступае ўсё больш скаргаў ад беларусаў

З упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН у Камітэт ААН па правах чалавека прыйшло паведамленне аб рэгістрацыі скаргі брэсцкай актывісткі апазіцыі Жанны Абрамавай.

12.05.2008
Канцэрт нацыянальнасцяў у Маскве

7 траўня ў Канферэнц-залі Маскоўскага Дзяржаўнага Інстытута Міжнародных Стасункаў Міністэрства Замежных Спраў Расейскай Федэрацыі (МДІМС МЗС РФ) адбыўся вялікі Канцэрт нацыянальнасцяў інстытута, арганізаваны Радай зямляцтваў МДІМС сумесна з Студэнцкім звязам, у якім з дапамогай зямляцтваў узялі ўдзел прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Нямеччыны, Грузіі, Ізраіля, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Славакіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны ды Францыі.

12.05.2008
Швецыя працягне падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі

Працяг падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ ў Беларусі стане адным з прыярытэтаў новага старшыні ў Савеце Еўропы - Швецыі. Нагадаем, гэтая краіна ўзначаліла галоўны распарадчы орган Савета Еўропы - Кабінет міністраў - 7 траўня. "Дэмакратычнае развіццё Беларусі турбуе Еўропу, - адзначаецца ў дакуменце, размешчаным на афіцыйным сайце СЕ. - Беларусь можа стаць сябрам Савета Еўропы, як толькі будзе гатовая выканаць усе неабходныя для сяброўства ўмовы і абавязацельствы".

12.05.2008
Беларускае зямляцтва ў Маскве правяло кінафестываль да Дня Перамогі

З 26 па 30 красавіка ў Маскоўскім Дзяржаўным Інстытуце Міжнародных Стасункаў Міністэрства Замежных Спраў Расейскай Федэрацыі (МДІМС МЗС РФ) адбыўся першы штогадовы кінафестываль, прысвечаны Дню Перамогі. Ягоным ініцыятарам выступіла беларускае зямляцтва МДІМС, а арганізатарам – нядаўна створаная, але дынамічна развіваюшчаяся Рада зямляцтваў МДІМС. Асноўны слогана кінафестывалю – “Абыякавасць – злачынна”.

12.05.2008
Беларускія грамадзяне ў Лівіі звярнуліся па дапамогу ў Расійскую амбасаду

Міністэрства замежных спраў Беларусі сочыць за сітуацыяй у Бейруце і знаходзіцца ў сталым кантакце з пасольствамі Расеі і Ўкраіны ў Ліванскай Рэспубліцы.Як паведаміў БелаПАН дзяжурны МЗС, інфармацыі ад грамадзян Беларусі, жадаючых выехаць з гэтай краіны, пакуль не паступала. Ён дадаў, што Беларусь не мае сваё пасольствы ў Ліване; найблізкае беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва знаходзіцца ў Сірыі.

08.05.2008
Беларусь трэцяя ў спісе сяброў Расіі

Згодна з апытаньнем, зладжаным Усерасійскім цэнтрам вывучэння грамадзкай думкі, найбольш сяброўскія адносіны ў Расіі на сёння склаліся з Кітаем, якому аддалі свае сімпатыі 23% апытаных. На другім месцы апынулася Нямеччына — за яе аддалі галасы 17% апытаных. Ворагамі №1 у рускіх на сёння — ЗША і Грузія — так мяркуюць па 25% апытаных), на трэцяе месца патрапіла Украіна (21%). У апанентах у Расіі ходзяць Вялікабрытанія, Польшча, краіны Балтыі ды іншыя дзяржавы. Беларусь у спісе ворагаў на 12-м месцы з адным адсоткам галасоў рэспандэнтаў.

08.05.2008
БНП ушанавала памяць загінуўшых беларусаў

6 траўня грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці ўшанавала памяць памерлых і загінуўшых беларусаў. Тых, хто па волі лёсу апынуўся на чужыне.У Варшаве ўшанавана памяць Марыі Ямант, Яна Булгака, Яна Жамойціна, а. Мітрафана Будзькі, а. Вячаслава Аношкі, Якуба Ясінскага, Тадэвуша Корсака, Станіслава Булак-Балаховіча.У Кракаве сябры БНП наведалі магілу Алеся Гаруна.Вечная слава і памяць героям! Паводле БНП

08.05.2008
У Кракаве пачаліся V Дні Беларускай культуры

8 траўня ў Кракаве ў пяты раз пачаліся Дні беларускай культуры. Да 9 траўня ў старадаўняй польскай сталіцы будуць выступаць беларускія гісторыкі, літаратары, дзеячы культуры.У праграме мерапрыемства заяўленыя такія вядомыя асобы, як Лявон Баршчэўскі, Алесь Краўцэвіч, Артур Клінаў, Андрэй Дынько. Удзельнікі абмяркуюць стан беларускай культуры на мяжы ХХІ стагоддзя, распавядуць пра будаўнічыя работы ў старой частцы Гродна. Адбудзецца таксама паказ фільма "Тутэйшыя", які зняў Валер Мазынскі па вядомай п'есе Янкі Купалы.

07.05.2008
Латышонак і Вапа атрымалі высокія ўзнагароды

Кавалерскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы атрымалі прадстаўнікі Беларускай меншасці ў Польшчы.Гэта гісторык Алег Латышонак і старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа. На ўрачыстасці ў Варшаве гэтыя ўзнагароды ім уручыў польскі прэзідэнт Лех Качынскі.Беларусы былі адзінай нацыянальнай меншасцю ў Польшчы, якая мела сваё падполле і ў 80-я гады мінулага стагоддзя ўдзельнічала ў змаганні за дэмакратыю.Паводле сайта “За свабоду!”

07.05.2008
Польскія вучні здаюць выпускны іспыт па беларускай мове

6 траўня другі дзень выпускных экзаменаў у Польшчы. Вучні апошніх класаў здаюць пісьмовыя іспыты па замежнай мове. Між тым амаль 300 абітурыентаў ліцэяў з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляскім і Гайнаўцы замест гэтага здаюць вусны іспыт па беларускай мове. Пісьмовы экзамен па роднай мове яны будуць здаваць пазней, 21 траўня. Ад дадзенага абавязку звольнены фіналісты і лаўрэаты алімпіяды па беларускай мове, якія закончылі навучанне з найвышэйшай адзнакай – 6. У бельскім ліцэі такіх выпускнікоў 12, а ў гайнаўскім – 8.

07.05.2008
ЗША: Беларускія ўлады баяцца ўласнага народу

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША абвяргае паведамленні пра амерыканскую шпіёнскую сетку ў Беларусі.“Яны знаходзяць любыя апраўданні, спрабуючы адвярнуць увагу ад таго, што з’яўляецца сапраўднай праблемай” – заявіў намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартаменту ЗША Том Кэйсі. – Гэтыя абвінавачанні, ці то новыя, ці старыя, з’яўляюцца хлуслівымі і беспадстаўнымі. Яны ўяўляюць сабой вельмі нязначную нагоду для скарачэння нашага персаналу”.


Вынікі пошуку 4449 - 4464 з 4546
Пачатак | Папярэдняя | 277 278 279 280 281 | Наступная | Апошняя