Беларуска працуе ў МУС ЗША: «Ніколі не ведаеш, ці будуць размаўляць па-беларуску, калі прыедзеш у наступны раз»

Алеся Кіпель — дачка эмігранта, дзеяча беларускай дыяспары, даследчыка Вітаўта Кіпеля. Яна ніколі не жыла ў Беларусі, але свабодна валодае беларускай мовай, а ў амерыканскім Кангрэсе распавядае пра палітвязняў і зніклых.

Пра тое, ці лёгка атрымаць пасаду ў Міністэрстве ўнутраных спраў ЗША, навошта амерыканскай грамадзянцы беларуская мова і што ёй не падабаецца ў беларусах, Алеся Кіпель распавяла ў інтэрвію "Радыё Свабода".

— Алеся, вы нарадзіліся ў ЗША і ніколі не жылі ў Беларусі. Адкуль вы ведаеце беларускую мову?

— Мае бацькі, дзяды з Беларусі, таму ў хаце размаўлялі па-беларуску. У ЗША тады было некалькі беларускіх асяродкаў, дзе ў школках можна было вывучаць беларускую мову. Я наведвала такую школку ў беларускай царкве ў Брукліне ў Нью-Ёрку. Нас прыходзіла недзе ад 10 да 20 дзяцей, мы вывучалі беларускую гісторыю, граматыку, развучвалі вершы, песні. Ужо студэнткай я пераехала ў Вашынгтон. Сюды пачалі прыязджаць многія беларусы, я пазнаёмілася з Ірынай Красоўскай, мы размаўляем паміж сабой па-беларуску. Таму беларуская мова такой вось ніткай праходзіць праз маё жыццё.

— Калі вы першы раз трапілі ў Беларусь?

— У 1990 годзе. Я і іншая моладзь займаліся ў танцавальным гуртку «Васілёк», які вяла таксама імігрантка Ала Орса-Рамана. Мы выступалі на Беласточчыне, пазней нас запрасілі ў Беларусь. Яшчэ быў Савецкі Саюз, але межы сталі больш адкрытыя. Памятаю, пасля выступу ў Беларусі мы мусілі паехаць у Вільню, дык трэба было прасіць дазволу ў Гарбачова, каб праз мяжу пераехаць. Вядома, дазвол мы тады атрымалі, бо гэта ж амерыканцы прыехалі!

— Бацькі вам шмат распавядалі пра Беларусь, таму, відаць, нейкае ўяўленне пра краіну вы ўжо мелі. Якія ўражанні ў вас былі, калі прыехалі?

— Мінск быў значна прыгажэйшы, чым я сабе ўяўляла. Я апынулася ў Беларусі, калі мне было ўжо больш за трыццаць гадоў, дык я штосьці ўжо ведала пра краіну. Ва ўніверсітэце я вывучала савецкую палітыку, эканоміку, таму ўяўляла сабе, што ўсё там такое шэрае. А ўбачыла вельмі прыгожую краіну, прыгожую прыроду. Тады ўсе гэтыя беларускія вершы, якія я вучыла, сталі зразумелыя.

— Вы вучыліся ў прэстыжных амерыканскіх універсітэтах — Прынстане ў Нью-Джэрсі, Джорджтаўне ў Вашынгтоне. Ці ведалі там пра Беларусь? Ці вы неяк падкрэслівалі, што маеце беларускае паходжанне?

— Вядома, калі бацькі размаўляюць з моцным акцэнтам, то ўсе сябры ведаюць, што бацькі не нарадзіліся тут. Мы з братам распавядалі, што паходзім з Беларусі — тады гэта была частка Савецкага Саюза. Падкрэслівалі, што беларуская мова — не руская. На той момант мала хто з амерыканцаў ведаў пра Беларусь. Прасцей было патлумачыць, што Беларусь — сябра-заснавальніца ААН. Пасля распаду СССР больш амерыканцаў пачалі чуць пра былыя савецкія рэспублікі.

— Усе мае суразмоўцы, якія пераехалі ў ЗША, распавядалі пра тое, што тут нялёгка жыць. Вы тут нарадзіліся. Амерыка — краіна спаўнення мараў, ці ўсё ж тут таксама складана?

— Праблемы ёсць паўсюль. У Амерыцы сёння трэба вельмі шмат працаваць, каб мець добрае жыццё, дом. Гэта такі наш спосаб жыцця — мы вельмі мала адпачываем. Калі я была партнёрам у адвакацкай фірме Steptoe & Johnson LLP, працавала не сорак гадзін на тыдзень, а ўсе восемдзесят: і ў суботу, нядзелю, па вечарах. Многім еўрапейцам гэтага не зразумець, бо мы не выязджаем штогод на шэсць тыдняў у адпачынак. Тут добра, калі хоць тыдзень будзе вольны.

— Ці цяжка было стаць партнёрам у адной з найстарэйшых і самых вядомых адвакацкіх фірмаў у ЗША? Чым менавіта займаліся?

— Я займалася судовымі справамі, якія тычацца імпарту ў Амерыку. Але, мяркую, гэта не такая цікавая тэма. А партнёрам тут стаць цяжка, асабліва жанчыне.

— Нават цяпер?

— У такіх фірмах, як мая, толькі 20% партнёраў — жанчыны. Хоць сканчаюць юрыдычны факультэт пароўну мужчын і жанчын. Гэтая статыстыка ў такіх фірмах, як мая, не змяняецца ўжо 25 гадоў. Вядома, аніякай дыскрымінацыі тут няма, але ўсё роўна вельмі мала жанчын дасягаюць тут такой высокай прыступкі.

— Чаму вы тады вырашылі змяніць працу?

— Скажу так: больш за 30 гадоў працавала ў той самай сферы. Захацелася зменаў — вырашыла, што яшчэ не позна і што было б карысна пайсці на дзяржаўную службу.

— Чаму Міністэрства ўнутраных спраў ЗША?

— Перадусім варта патлумачыць, што я працую як адвакат-дарадца на дзяржаўнай службе. Але хоць і можна перакласці амерыканскі Department of the Interior як «Міністэрства ўнутраных спраў», то пад нашай юрысдыкцыяй іншыя справы, чым у адпаведных ведамствах у іншых краінах. У ЗША гэта: нацыянальныя паркі, адносіны з індзейскімі плямёнамі, шахты на дзяржаўных землях, аддзел па рыбах і жывой прыродзе, кіраванне энергіяй у дзяржаўных марскіх водах, рэгуляванне правоў арэнды на нафту і газ у дзяржаўных марскіх водах, рэгуляванне карыстання марскімі мінераламі, якія знаходзяцца пад марскім дном. Наш сімвал — амерыканскі бізон; гэты факт мне, дарэчы, вельмі падабаецца. А пасада ў мяне не высокая. Экалагічныя прадметы для мяне новыя, дык мушу цяпер шмат вучыцца.

— Відаць, з вашым досведам было проста атрымаць пасаду дарадцы ў МУС ЗША?

— Не, атрымаць пасаду было цяжка. Тут скептычна ставяцца, калі партнёр у адвакацкай фірме кажа, што хоча пайсці на дзяржаўную службу — заробак не такі самы. Трэба было іх пераканаць, што гэта лагічны крок і што не буду расчараваная.

— Пра Беларусь нейкім чынам даводзілася размаўляць?

— Не, нагодаў пакуль было мала. Хутчэй у тэматыцы працы майго бацькі Вітаўта Кіпеля як геолага.

— Вы старшыня Беларуска-Амерыканскага Задзіночання ў Вашынгтоне. Чым вы займаецеся?

— У Вашынгтоне БАЗА займаецца палітычнымі справамі. Гэта і таму, што сталіца, і таму, што ўсе сябры нашай арганізацыі зацікаўленыя ў гэтым. Ходзім у амерыканскі Кангрэс, у Дзярждэпартамент, арганізуем акцыі, нагадваем пра правы чалавека, зніклых. Збіраемся выдаць новы альбом пра жыццё беларускай дыяспары, бо папярэдні з'явіўся пяць гадоў таму. Сур’ёзныя кнігі не маем магчымасці выдаваць, бо не маем столькі часу і фінансаў. У нас складкі па $35 на год, з гэтага і фінансуем дзейнасць. Вось вырабілі значкі з бел-чырвона-белым і амерыканскім сцягамі. Два гады таму рабілі паказ фільма «Беларуская мара» і дыскусію тут, у Вашынгтоне. Большая частка наведнікаў былі амерыканцы. Таксама ў Вашынгтоне ёсць Central and East European Coalition, якая складаецца з беларусаў, украінцаў, літоўцаў, славакаў — усяго 18 такіх нацыянальных групаў. Разам ходзім па офісах у Кангрэсе і тлумачым, што адбываецца ва Украіне, у Беларусі, Расіі.

— Ці знікае ўвага да Беларусі?

— Я не думаю, што зацікаўленасць Беларуссю знікае. Для амерыканскай палітыкі тыпова, што калі ёсць крызіс, трэба з ім змагацца. У Беларусі пакуль спакойна, таму Дзярждэпартамент імкнецца мець лепшыя дачыненні з Беларуссю. Але ў іх вочы расплюшчаныя, яны разумеюць, што Лукашэнка не змяніўся. Націскаць на яго амерыканская адміністрацыя не будзе, пакуль ім няясна, што рабіць з Пуціным, які будзе ягоны наступны крок. Наша БАЗАўская пазіцыя ў Дзярждэпартаменце такая, што трэба націскаць, нельга забывацца пра беларускіх палітвязняў, пра зніклых, пра тое, што Лукашэнка ніякіх крокаў не зрабіў, якіх ад яго вымагалі. Слухаюць нас ці не — гэта ўжо іншая справа, але наша пазіцыя такая.

— Вашу арганізацыю не падтрымліваюць аніякім чынам амерыканскія ўлады. Ці з урадам, беларускай амбасадай у Вашынгтоне маеце нейкія дачыненні?

— Мы туды лісты пішам вельмі часта (смяецца). Калі нейкія парушэнні падчас выбараў ці смяротнае пакаранне адбываецца. Але калі Лукашэнка яшчэ не прыйшоў да ўлады, у нас былі добрыя дачыненні, часта хадзілі ў амбасаду на мерапрыемствы. Спадзяюся, некалі зноў гэтак будзе.

— Як часта вы цяпер наведваеце Беларусь? Якія змены заўважаеце?

— Апошні раз была два гады таму назад на Шостым з'ездзе беларусаў свету з дакладам. Акурат былі Дзяды, я пайшла з кузынкай на могілкі ў Мінску. Іду па адной сцежцы — тут Вінцук Вячорка, там хтосьці яшчэ. Мая кузынка здзівілася: «Ты ў Мінску не жыла, а ўсіх ведаеш!».

Ніколі не ведаеш, ці будуць размаўляць па-беларуску, калі прыедзеш у наступны раз. У першыя гады атрымання незалежнасці было чуваць больш беларускай мовы. Але цяпер сітуацыя крыху паляпшаецца — з'яўляецца больш гэтай беларускасці. Краіна таксама стала больш еўрапейская.

— Вы — амерыканка, маеце амерыканскае грамадзянства і наўрад ці плануеце пераязджаць у Беларусь. Навошта вам беларуская мова?

— Бо гэта наша родная мова. А мова — гэта частка ідэнтычнасці народа. Беларуская мова старая, вельмі багатая. Наша гісторыя таксама багатая, яна іншая, чым у балтыйскіх народаў, палякаў, украінцаў, расійцаў. Мы маем сваё — і варта гэтым ганарыцца. Што нас яднае ў Амерыцы? Ангельская мова. Без яе тут цяжка чагосьці дасягнуць, паступіць ва ўніверсітэт, знайсці добрую працу, ісці наперад. І гэтаксама ў іншых краінах.

— Ці ёсць у амерыканцаў стэрэатып наконт беларусаў?

— Амерыканцы надта многа пра Беларусь не ведаюць. Але беларусы самі ствараюць такі стэрэатып, што цягам столькіх гадоў праз Беларусь усялякія войскі праходзілі, столькі было ўсяго, што беларусы будуць цярпець, цярпець, але ўсё вытрымаюць. І што беларусы вельмі спакойныя, таму ніякай вайны ў нас не будзе.

— Як думаеце, з гэтай прычыны беларусы так доўга церпяць Лукашэнку? Амерыканцы, напэўна, столькі б не пагадзіліся яго цярпець.

— Хто яго ведае, ці цярпелі б амерыканцы ў падобных умовах. У беларусаў ёсць такая рыса — і з гэтай прычыны краіна не знікла пасля столькіх выпрабаванняў. Так, усе ціхенька церпяць, але, можа, гэта і ўратуе народ.

— А ці ёсць у вас нешта беларускае?

— Часам вось таксама сяджу і цярплю (смяецца).

— Што вам не падабаецца ў беларусах?

— Што мы не найлепшыя, што нехта лепшы за нас. Што я не на першай прыступцы стаю, а на другой. Здаецца, у нас такая ментальнасьць, што іншы — лепшы за нас. Калі б мы больш разумелі ўласную вартасць, мяркую, Лукашэнка б не быў столькі гадоў на сваёй пасадзе.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение