У кастрычніку ў Варшаве адбудзецца канцэрт «Салідарныя з Беларуссю»

«Свабода без межаў» – пад гэткім лозунгам у Варшаве ўжо 9-ты раз адбудзецца канцэрт «Салідарныя з Беларуссю». Сёлета імпрэза адбудзецца не ўвесну, як было дагэтуль, а 2 кастрычніка, у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

На сцэне пад Палацам культуры і навукі ў Варшаве з’явяцца артысты з Польшчы, Беларусі ды Украіны. Для гледачоў выступяць Аня Русовіч (Польшча), «Enej» (Польшча), «Hańba!» (Польшча), «Дзецюкі» (Беларусь), «Shuma» (Беларусь) і «Воплі Відаплясава» (Украіна), а таксама «Амплітуда смеласці» (Беларусь).

«Нам важна, каб канцэрт адбыўся перад самымі выбарамі. Мы памятаем, што адбылося ў нашых суседзяў у 2010-ым годзе. Большасць канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі тады трапілі ў турму», – адзначыў старшыня ініцыятывы «Вольная Беларусь» Фелікс Тушка.

Канцэрт будзе магчымасцю для жыхароў і гасцей Варшавы, каб выказаць сваю падтрымку дэмакратычным пераўтварэнням у Беларусі. Акрамя гэтага адбудзецца шэраг суправаджальных мерапрыемстваў.

Праграма ўключае ў сябе: выставу працаў Вольгі Бабурынай (Беларусь), Вольгі Кузміч (Беларусь) і арт-групы «The Krasnals» (Польшча), а таксама перформанс мастака Алеся Пушкіна і серыю дэбатаў. Адбудзецца таксама паказ сучасных беларускіх дакументальных фільмаў (у тым ліку прэм’ера стужкі пра гурт «Krambambula» – «Свабоду не стрымаць»).

«Сёлета мы таксама запрасілі музычныя гурты і гасцей з Украіны. Мы хочам прыцягнуць увагу да складанай геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне. Жыхары Варшавы змогуць выказаць сваю салідарнасць з нашымі ўсходнімі суседзямі», – дадаў Фелікс Тушка.

Таксама будзе арганізаваны аўтобусны тур з Мінскa на канцэрт з бясплатнымі візамі. Падаць заяўку можна па спасылцы: https://goo.gl/NIvhOQ

Канцэрт можна будзе паслухаць у Беларусі ў эфіры радыё «Рацыя», а таксама ў Польшчы ў эфіры радыё «Campus». Акрамя гэтага, будзе зладжана анлайн-трансляцыя ў інтэрнэце. Уваход на канцэрт і ўсе суправаджальных імпрэзы вольны.  

Праграма мерапрыемства:

28.09 – Адкрыццё выставы «Свабода без межаў» – выстава беларускіх мастакоў Вольгі Бабурынай, Вольгі Кузміч і польскага арт-гурта «The Krasnals» 29.09 – Паказ фільма «Свабоду не стрымаць» у кінатэатры «Elektronik» 30.09 – Паказ беларускіх незалежных дакументальных фільмаў у Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве 01.10 – Дыскусія літаратараў з Польшчы, Беларусі, Украіны ды Расіі на тэму: «Заангажаваны мастак». Абмеркаванне будзе датычыць ролі, якую ў эпоху нявызначанасці ставіць перад мастаком грамадства 02.10 – Выступ музычнага гурта «Vuraj» (яшчэ пацвярджаецца) 03.10 – Панэльная дыскусія


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение