Беларусы Нью-Ёрка адзначылі ўгодкі аднаўлення незалежнасці святочнай імпрэзай

Сяргей Навумчык, Вітаўт Кіпель, Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк

23 жніўня (нядзеля) у Беларускім цэнтры ў Нью-Ёрку на Атлантык-Авеню, 401 адбылася ўрачыстая імпрэза, прысвечаная Дню аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Беларусі (25.08.1991). У гэты дзень Дэкларацыі аб незалежнасці ад 27 ліпеня 1990 г. быў нададзены статус канстытуцыйнага закона.

Пра падзеі таго часу распавёў Зянон Пазьняк — непасрэдны іх удзельнік, лідар апазіцыі ў Вярхоўным Савеце. Са святам прысутных вітала госця з Канады — старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвіла.

Сп. Галіна Пазьняк па мастацку пранікнёна задэкламавала патрыятычныя вершы Ларысы Геніюш.

У другой палове імпрэзы адбылася прэзентацыя новых кнігаў, якія сваёй тэматыкаю непасрэдна звязаныя са святкаванне і ўдала дапоўнілі ягоную праграму.

Госць з Прагі, журналіст Беларускай рэдакцыі "Радыё Свабода", намеснік старшыні Рады БНР сп. Сяргей Навумчык прадставіў свае дзве новыя кнігі пра падзеі 1994 і 1995 гадоў ў Беларусі, калі аднаўлялася наша дзяржаўнасць і як пачыналася станаўленне маладой краіны. Ён таксама быў актыўным удзельнікам тых падзеяў.  

Лідар Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) Вячка Станкевіч

Вядучая імпрэзы - старшыня Бруклінскага аддзела БАЗА сп. Таццяна Красоўская прадставіла слова прысутнаму госцю - выбітнаму дзеячу беларускай эміграцыі ў ЗША сп. Вітаўту Кіпелю. Яна адзначыла, што менавіта беларуская эміграцыя захоўвала ў савецкія часы ідэю незалежнасці Беларусі і кожны год сьвяткавала ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. 

Моладзь прыйшла ў вышыванках

Сп. Кіпель прапанаваў увазе прысутных сваю кнігу ўспамінаў «Жыць і дзеіць», што выйшла сёлета ў Мінску.

Ён падкрэсліў, што галоўны сэнс кнігі і адлюстраванага ў ёй ягонага асабістага жыцця якраз і ёсць гэтая ідэя змагання за незалежнасць Бацькаўшчыны. Усё, што рабіла эміграцыя, было накіравана дзеля таго, каб гэты дзень настаў.

Адмыслова на імпрэзу ў Нью-Ёрк прыехаў рэдактар кнігі, журналіст "Радыё Свабода" Сяргей Шупа, які таксама ўзяў слова і выказаў ўдзячнасць сп. Кіпелю за ягоную працу і тое, што ўсё гэта цяпер занатавана для гісторыі.