Брытанскія беларусы — за мову, бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню»

У Беларускім Доме ў Лондане адбыўся 69-ы Агульны гадавы з'езд Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. 

Заслухаўшы справаздачу кіраўніцтва, з'езд пераабраў старшынёй Мікалая Пачкаева і абраў абноўлены склад Галоўнай Управы. 

Як паведаміў Мікола Пачкаеў "Радыё Свабода", сярод ухвалаў з'езду — шэраг зменаў у статут (пачатковая версія якога датуецца 1948 годам), прынятых паводле асаблівай працэдуры, запатрабаванай брытанскім заканадаўствам.

Сярод гэтых зменаў — замацаваны прынцып адданасці беларускай мове, бел-чырвонаму-беламу сцягу і гербу «Пагоня» ў якасці нацыянальных сімвалаў. Іншая змена ў Статуце замацоўвае, што Згуртаванне ставіць на мэце «падтрымліваць незалежную і дэмакратычную Беларусь на грунце прынцыпаў дэкларацыі незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка», а таксама развіваць супрацу з тымі арганізацыямі ў свеце, якія падзяляюць такія каштоўнасці і мэты.

«Можна зазначыць, што ў беларускай эміграцыі на Захадзе бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» заўсёды безальтэрнатыўна былі нацыянальнымі беларускімі сімваламі, і ніколі не ставілася пад пытанне, якая мова — нацыянальная мова беларусаў, а Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі яднала ў Вялікабрытаніі беларусаў на грунце прынцыпаў 25 Сакавіка і падтрымлівала Раду БНР на выгнанні ад самага свайго заснавання ў 1946 годзе, — сказаў Пачкаеў. — Аднак цяпер у Брытанію прыязджае шмат беларусаў з былога СССР, з рознымі поглядамі і культурнай і моўнай арыентацыяй. Згуртаванне жадае надалей прыцягваць як мага шырэйшае кола новых асобаў да ўдзелу ў беларускім грамадска-культурным жыцці ў Брытаніі, захоўваючы аднак нязменна падмуркі свайго светагляду. У тлумачальнай нататцы зазначана, што гэтыя змены маюць на мэце падкрэсліць, што ЗБВБ «гуртуе людзей, для якіх важная беларуская гісторыя, мова, традыцыі ды нацыянальныя сімвалы, падтрымоўвае незалежную і дэмакратычную Беларусь на падмурках прынцыпаў Дэкларацыі 25 сакавіка 1918 года. Раней асноўным крытэрам было беларускае паходжанне. Таксама дададзена, што арганізацыя супрацоўнічае з іншымі арганізацыямі і людзьмі, якія падзялаюць «погляды ЗБВБ».