У Варшаве ўручылі прэмію імя Віктара Івашкевіча

У Дзень Волі сайт «Хартыі-97» уручыў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.

Лаўрэатамі прэміі 2014 году ў намінацыі «За асабістую мужнасць» сталі былыя палітвязні Эдуард Лобаў і Васіль Парфянкоў, а за «Смеласць у творчасці» рэжысёр Антон Цялежнікаў і спартовец ды музыка Віталь Гуркоў.

Цырымонія ўганаравання прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве.

Галоўны рэдактар charter97.org Натальля Радзіна ў часе ўганаравання сказала: «За 17 гадоў прэмію атрымала каля сотні мужных беларусаў — актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, музыкаў, мастакоў, людзей, якія змагаюцца за лепшую будучыню Беларусі. Цяпер наша прэмія носіць імя аднаго з лідараў беларускага Адраджэння Віктара Івашкевіча, які сышоў у 2013 годзе. Усё сваё жыццё Віктар Івашкевіч аддаў барацьбе за светлую будучыню Беларусі. Гэта быў мужны, самаадданы, прынцыповы, чэсны чалавек. Сёння памяць пра Віктара дае нам веру і сілу працягнуць ягоную справу».