Беларусы ў Піцеры: Тут вайны больш, чым ва Украіне

«Расія здавалася нам апірышчам дэмакратыі пасля Беларусі, калі мы сюды пераязджалі ў 2012-м», — беларускія маладыя людзі ў Санкт-Пецярбургу распавялі, як ім жывецца ў суседняй краіне, якая вядзе вайну.

«Агрэсіўныя сталі, — маладая беларуска Люба апісвае, што адбылося вакол яе за апошні год. Люба з Бабруйска, пераехала сюды разам з мужам Аляксеем. — Раней скажаш «Беларусь», і ўсе расплываліся ва ўсмешцы. А цяпер: «О, беларусы, украінцы — гэта ўжо нешта такое падазронае».

Ідэя пагаварыць з беларусамі, якія стала жывуць у Санкт-Пецярбургу, каб зразумець, як змянілася Расія за апошні год, была не памылковай. Калі ты на два дні прыязджаеш у такі заможны, дагледжаны і вельмі еўрапейскі горад як Піцер, дзе кожны мінак гатовы табе дапамагчы і данесці валізку да метро, вуліцы чыстыя, а ў кавярнях падрабязна і ўважліва распавядаюць, што менавіта табе варта з'есці на сняданак, немагчыма зразумець, што менавіта турбуе людзей. Як бы расіец прыязджаў у Мінск, бачыў Нацыянальную бібліятэку, закупляўся таннымі шкарпэткамі і трусамі і распавядаў, што быў у Беларусі і Лукашэнка маладзец.

Расійцы распавядаюць гэта і тут:

«Я заўжды ім кажу: калі вы кажаце, што ў нас у Беларусі так чыста, прыемна, дык едзьце да нас, працуйце. Дык не, вось яны любяць туды прыехаць, там барзець, паркавацца на нашай чыстай траве, — Аляксей з Браслава, мае складаную і запатрабаваную спецыяльнасьць — інжынэр па ўсталяванні лабараторнага абсталявання для аналізу газу і нафты. Працуе ад Калінінграда да Сахаліна. У Беларусі такой добрай працы для яго не знайшлося. — Апошні год у мяне больш негатыўнае стаўленне да Расіі. За год яна змянілася проста кардынальна. Калі мы сюды пераехалі ў 2012-м — гэта было пасля Беларусі апірышча дэмакратыі. Мы прыехалі — а тут апазыцыйны бар працуе. Збірайцеся, абмяркоўвайце. Нямцоў туды прыязджаў».

Моладзевы клуб для беларусаў існуе ўжо каля трох гадоў. Раней месца для сустрэчаў не мелі. Цяпер штотыдзень збіраюцца пры касцёле Успення Дзевы Марыі на вуліцы Чырвонаармейскай у Санкт-Пецярбургу. Стала прыходзяць з дзясятак чалавек. Негалосным лідарам называюць Генадзя Агафонава. Хлапец пераехаў з Віцебску два гады таму да жонкі-расійкі. «Спачатку ў прымакі, — кажа ён. — А цяпер ужо ўзялі крэдыт, стараемся займець уласнае жытло. Жонцы давялося вывучыць беларускую мову».

Беларусаў у гэтым вялікім расійскім горадзе тысяч сорак. Дзейнічае нават Беларуская нацыянальная культурная аўтаномія Санкт-Пецярбурга. Займаюцца найперш тым, што мае грувасткую назву «грамадска-асветніцкая дзейнасць».

Але грамада пры касцёле збіраецца найперш як сяброўская. Разам ходзяць на беларускія канцэрты, перадаюць адзін аднаму беларускія выданні і пасля іх абмяркоўваюць, упарадкавалі магілу Яўхіма Карскага, адсвяткавалі супольна Каляды, гуляюць у беларускую настолку «Паўстанцы».

«Я тут размаўляю па-беларуску больш, чым у Беларусі, — смяецца Аляксей. — Я да Піцера не быў ані на канцэрце „Ляпісаў“, ані на Памідораве, ані на Н.Р.М.-е, Піта Паўлава не бачыў. А тут усіх пабачыў».

Праўда, украінцаў тут разы ў два болей, суполак у іх некалькі, і яны нашмат больш актыўныя.

Аляксей згадвае, як на навагоднія святы разам з Любай паехалі ў Львоў. Калегі па рабоце праводзілі яго туды прыблізна гэтак жа, як мае блізкія і сябры адпраўлялі мяне ў цяперашнюю камандзіроўку ў Расію:

"На працы мне кажуць: «Ты ж не вернешся! Цябе ж заб’юць! Ну, з’ездзілі мы ў гэты Львоў, вяртаемся. Пытаюцца: «Ну як?» Я кажу: «Не спадабалася». Тыя ўжо ўзрадаваліся: «А чаму?»

Я кажу: «Ну што такое? Рынку рабоў няма, дзяцей рускіх пры нас не елі, размаўлялі мы па-руску — дык нават морду нам не пабілі».

«Гэтая агрэсія была і да Крыма, — распавядае Мікола Сакалоў. Гісторык з адукацыі, а цяпер супрацоўнік расійскага „Мемарыяла“, Мікола — адзіны са сталых наведнікаў клуба, які нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Апроч расійскіх, мае беларускія і ўкраінскія карані. Абедзве мовы вывучыў самастойна — у тым ліку і слухаючы “Радыё Свабода”. —Прапаганда працавала яшчэ падчас першага Майдана 2004-га года. Пасля сцішылася, а цяпер ізноў. І ведаеце, быў бы „Крымнаш“, не было б, але настроі гэтыя існавалі».

«Цяпер вельмі адчуваецца», — пацвярджае Марына. Дзяўчына пераехала сюды з Мінска, адпрацаваўшы два гады па размеркаванні журналістам у дзяржаўных выданнях. А тут працуе на інтэрнэт-партале, які піша «пра дарогі». «Пра тое, чаго няма», — жартуе Аляксей. Марына ацэньвае змены ў грамадстве па СМІ. Цяпер на дзяржаўныя СМІ ў Расіі ніколі б не працавала.

«У мяне ўжо на працы некаторыя пыталіся: „А што там вашы беларусы думаюць пра падзеі на ўсходзе Украіны?“ Вайна тут адчуваецца больш, чым ва Украіне. У Львове мы не адчувалі вайны, — кажа Аляксей. — А тут кожнаму дзела да гэтай Украіны. Едзеш у грамадскім транспарце, то ўсе пра Украіну ці пра вайну. Украіна, сепаратысты, „Крымнаш“...»

Тыя ж Аляксеевы калегі, па ягоных словах, ганяць кепскую ўладу і дэпутатаў. «Але вось Пуцін вам пакажа! Амерыку пакараем! Такая, ведаеце, вера ў добрага цара. Усе чыноўнікі благія, а ён добры. Дык у Лукашэнкі тое ж самае. Нібыта ён адзін пра дзяржаву думае».

«А можа, ён і думае!» — пярэчыць яму жонка Люба, якая тут, як сама кажа, «стала лукашысткай». — «Ды таму што парадак! І медыцына, і адукацыя, з Мінска да Бабруйска добрую дарогу пабудавалі», — тлумачыць Люба сваю раптоўную любоў да кіраўніка Беларусі.

Але ў Расіі, калі маеш працу, жыць па-ранейшаму выгадней. Нават пасля падзення расійскага рубля плаціць за найманую кватэру маладой сям’і менш. Да таго ж можна ўзяць іпатэку пад малы працэнт і мець уласнае жытло. У Беларусі такога няма.

«І прадукты ў Беларусі даражэйшыя, — кажа Люба. — Мы з маці часта па скайпе параўноўваем. Дык тут перцы на кірмашы па 20 рублёў — гэта траціна даляра, яблыкі — па паўдаляра кіляграм. Нават калі ў гіпермаркеце ў тры разы даражэй, дык у Беларусі яшчэ ж вышэйшыя кошты».

«Калі мы ехалі ў Расію, Пуцін і Мядзведзеў здаваліся добрымі лібераламі, інтэлігентнымі, нікому не тыкаюць. Але гэты год змяніў тое, што ў параўнанні з імі ўжо і Лукашэнка не такі і дрэнны», — кажа Аляксей.

 


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение