У Канберы прайшла цырымонія адкрыцця пасольства Беларусі ў Аўстраліі

У Канберы 24 лютага прайшла афіцыйная цырымонія адкрыцця пасольства Рэспублікі Беларусь у Аўстралійскім Саюзе.  Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, над будынкам пасольства быў узняты дзяржаўны сцяг Беларусі. На цырымоніі прысутнічалі намеснікі міністраў замежных спраў дзвюх краін Валянцін Рыбакоў і Рык Уэлс, прадстаўнікі аўстралійскіх дзяржаўных устаноў і дыпламатычнага корпуса Канберы.  Беларусь, паводле звестак МЗС, падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 174 дзяржавамі і на сёння прадстаўленая замежнымі ўстановамі ў 56 краінах. У 2014 годзе былі адкрытыя пасольствы Беларусі ў Аўстраліі, Катары, Манголіі, Пакістане, Эквадоры і генеральнае консульства ў Мілане (Італія).  У сваю чаргу ў Беларусі замежныя дзяржавы маюць 45 пасольстваў, 4 аддзяленні пасольстваў, 2 гандлёвыя прадстаўніцтвы, 35 консульскіх устаноў (уключаючы ганаровых консулаў); міжнародныя арганізацыі — 15 прадстаўніцтваў. Па сумяшчальніцтве ў Беларусі акрэдытаваныя 88 замежных дыппрадстаўніцтваў.

 
Андрэй Серада, БелаПАН