Якія беларускія імпрэзы пройдуць у межах віленскай кніжнай выставы?

Штогадовы кніжны кірмаш - гэта галоўнае мерапрыемства ў Вільні для аматараў літаратуры. Сёлета ён пройдзе 19 - 23 лютага ў выставачным цэнтры LitExpo. Будзе тут што рабіць і аматарам беларускай кнігі.

Выставачны комплекс знаходзіцца не ў цэнтры, а ў лясочку. Ад вакзалу датуль ідзе 16-ты тралейбус. Выходзіць трэба на прыпынку Parodų rūmai. Адрас комплексу: LITEXPO (Laisvės pr. 5, Vilnius).

На самой выставе будзе беларускі стэнд, прэзентаваны ініцыятывай Books from Belarus. Нумар стэнду 3.16.

Стэнд прадставіць кнігі беларускіх і літоўскіх выдавецтваў, а ў межах агульнай праграмы пройдуць беларускія літаратурныя імпрэзы.

Як паведамляе "Наша Ніва", на стэндзе будзе прадстаўлены каталог Books from Belarus/»Кнігі з Беларусі». Каталог, які для зручнасці замежных выдаўцоў і літаратурных агентаў выдадзены па-ангельску, прадстаўляе анатацыі твораў Васіля Быкава, Алеся Разанана, Ігара Бабкова, Алены Бравы, Адама Глобуса, Уладзіміра Арлова, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Някляева, Альгерда Бахарэвіча, Віктара Казько, Барыса Пятровіча, Уладзіміра Казлова.

– Ініцыятыва па прасоўванні беларускай літаратуры прынесла першы плён, - кажа літаратурны агент Дар’я Вашкевіч. – Кніга Ігара Бабкова «Хвілінка», прадстаўленая, сярод іншых, у апошнім каталозе Books from Belarus, атрымала прыз Вышаградскай групы як найлепшы ўсходнееўрапейскі раман і ў снежні была была выдадзеная ў перакладзе на славацкую мову.

Books from Belarus – гэта супольная ініцыятыва незалежных выдаўцоў Беларусі, сярод якіх Саюз беларускіх пісьменнікаў, 34mag.net і Літаратурны Дом «Логвінаў». Мэта кампаніі – прасоўванне айчыннай літаратуры на сусветным кніжным рынку, наладжванне сувязяў і камунікацыі з літаратурнымі агентамі ды выдаўцамі з іншых краін, фармаванне інтэлектуальнага іміджа Беларусі за мяжой. Летась праект Books from Belarus узяў удзел у Франкфурцкім, Варшаўскім і Ляйпцыгскмі кніжных кірмашах.

Расклад беларускіх імпрэзаў на Віленскай кніжнай выставе:

19 лютага. Прэзентацыя кнігі Алеся Разанава. Пачатак а 15 гадзіне. З удзелам перакладчыцы Альмы Лапінскене. Стэнд Books from Belarus.

19 лютага. Выступ беларускіх літаратараў у Саюзе пісьменнікаў Літвы (K. Sirvydo g. 6, Vilnius). Пачатак а 18 гадзіне. З удзелам Андрэя Хадановіча і Паўла Касцюкевіча.

20 лютага. Панельная дыскусія «Тры гадзіны - і ты ТАМ» пра лёс сучаснай беларускай літаратуры ў Еўропе. З удзелам Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча, Ігара Логвінава, Анатоля Івашчанкі і Дар’і Вашкевіч. Пачатак а 13 гадзіне. Стэнд Books from Belarus.

На беларускім стэндзе таксама будзе паказана міні-выстава графічных прац Адама Глобуса «Прывакзальная Вільня».

Акрамя гэтага, на выставе чакаецца шмат прэзентацыяў. Прычым не толькі літаратурных, а і музычных. Новыя альбомы прадставяць Obtest, Subtilu-Z, G&G Sindikatas, Biplan і інш. Выступіць таксама вядомы літоўскі гурт Žalvarinis.

Афіцыйны сайт выставы - http://www.vilniausknygumuge.lt/en.