У Вільні хочуць аднавіць Беларускі музей

Такую ідэю ў панядзелак прадстаўнікі віленскіх уладаў абмеркавалі з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім і дырэктарам Беларускага музея імя Івана Луцкевіча Людвікай Кардзіс.

Паводле афіцыйнага паведамлення віленскай мэрыі, беларуская дыяспара прапануе правесці рэнавацыю музэю, які дзейнічаў у Вільні з 1921 да 1945 года і быў закрыты ў гады савецкай акупацыі.

«Беларускі музей у Вільні мог бы стаць тым культурным і асветніцкім асяроддзем, у якой беларусы маглі б азнаёміцца з незалежным, сучасным, еўрапейскім поглядам на гісторыю беларусаў і літоўцаў», — сказаў у часе сустрэчы мэр Вільні Артурас Зуокас.

Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што Літва заўсёды асабліва актыўна падтрымлівае культурныя ініцыятывы ў Беларусі, і адзначыў важнасць Беларускага музея ў Вільні як магчымасці аднавіць адукацыйны цэнтр у горадзе, дзе пражывае вялікая колькасць беларусаў і тысячы прыязджаюць у госці.

Цяпер у музея няма экспазіцыйных памяшканняў і дзейнічаць ён не можа. Рукапісы і кнігі з Беларускага музея цяпер знаходзяцца ў бібліятэцы Літоўскай акадэміі навук, прадметная частка экспазіцыі — у Нацыянальным гістарычным музеі.

"Радыё Свабода"