Сакрат Яновіч: пазамежны пісьменнік у міжкультурнай прасторы

Сёньня на філалагічным факультэце Універсітэта ў Беластоку адбываецца сімпозіум, прысвечаны творчасці і асобе памерлага летась у лютым беларуска-польскага пісьменніка Сакрата Яновіча (1936-2013).

Польская назва беластоцкай акадэмічнай сустрэчы з'яўляецца выклікам для беларускага перакладчыка: Sympozjum międzykulturowe «Sokrat Janowicz. Pisarz transgraniczny». Сімпозіум арганізавалі Інстытут польскай філалогіі, Кафедра беларускай культуры і Група рэгіянальных даследаванняў, якія дзейнічаюць на філалагічным факультэце Універсітэта ў Беластоку. «У нас ва ўніверсітэце ёсць група людзей, якія займаюцца даследаваннямі рэгіёну, перш за ўсё — літаратуры рэгіёну, — сказала "Радыё Свабода" доктар Гражына Харытанюк-Міхей, супрацоўніца Кафедры беларускай літаратуры. — Безумоўна, Сакрат Яновіч — важная постаць у нашай літаратуры. Без яго нельга гаварыць ні пра рэгіянальную літаратуру на Беласточчыне, ні пра беларускую літаратуру ў Польшчы ўвогуле. Ён уключаны ў навучальную праграму польскай філалогіі ў Беластоку, перадусім — ягоная кніга „Вялікі горад Беласток“ (Wielkie miasto Białystok). Ён — абавязковы пісьменнік для чытання студэнтамі філалогіі. А наш сімпозіум — першы супольны праект універсітэцкіх даследчыкаў у Беластоку, якія займаюцца доследамі літаратуры польска-беларускага памежжа». Сімпозіум падзелены на тры часткі. У першай выступяць даследчыкі са сваёй інтэрпрэтацыяй прозы і эсэістыкі Сакрата Яновіча; у другой будуць закранацца пытанні перакладаў пісьменніка на польскую і ангельскую мовы ды ўспрыманне ягонай творчасці за мяжою; трэцяя частка будзе прысвечаная дыскусіі вакол ідэяў Сакрата Яновіча і ягонага ўплыву на беларускае асяроддзе ў Польшчы.
«Сакрата Яновіча пры жыцьці запрашалі на сустрэчы са студэнтамі і Інстытут польскай філялёгіі, і Катэдра беларускай культуры, але сёньняшні сымпозіюм — гэта першая спроба спалучыць усе польска-беларускія зацікаўленьні асобай Сакрата Яновіча ды паказаць, што гэта важны пісьменьнік ня толькі ў беларускай літаратуры, але і ў польскай» — адзначыла Гражына Харытанюк-Міхей. Сакрат Яновіч дэбютаваў кнігай апавяданняў «Загоны», якая выйшла ў 1969 годзе ў Беластоку. Некаторыя іншыя выданні пісьменніка ў Польшчы: «Wielkie miasto Białystok» (1973), «Białoruś, Białoruś» (1987), «Доўгая смерць Крынак» (1993), «Dolina pełna losu» (1994), «Хатняе стагоддзе» (2008). У Беларусі выходзілі зборнікі прозы: «Сярэбраны яздок» (1978), «Самасей» (1992). У 2000-2010 гг. Сакрат Яновіч быў арганізатарам штогадовых «Беларускіх трыялогаў» — сустрэчаў даследчыкаў, пісьменнікаў і перакладчыкаў з Польшчы, Беларусі і Захаду, якія цікавіліся беларускімі пытаннямі. Плёнам гэтых сустрэчаў стала выданне дзесяці нумароў літаратурна-навуковага альманаху «Annus Albaruthenicus». Пад канец гэтага году ў Беластоку запланавана выданне польскамоўнай кнігі, прысвечанай творчасці Сакрата Яновіча. Адным з тэкстаў, апублікаваных у гэтай кнізе, будзе пераклад літаратурна-крытычнага эсэ нашага калегі Яна Максімюка «Сакрат Яновіч і загоны памяці».
"Радыё Свабода"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение