Магілы выбітных беларусаў у Празе — пад апекай «Скарыны»

Ад сёння магілы прэзідэнтаў Рады БНР Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі, а таксама спевака Міхася Забэйды-Суміцкага на Альшанскіх могілках у Празе ўзятыя пад апеку суполкі «Скарына».

У Празе на Альшанскіх могілках пахаваныя прэзідэнты Рады БНР Пётра Крачэўскі (1879-1928) і Васіль Захарка (1877-1943), а таксама выбітны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі (1900-1982). У апошнія гады, з пэўных прычынаў, вакол пахаванняў склалася няпростая юрыдычная сытуацыя.

Паводле чэшскага заканадаўства, магіла захоўваецца на працягу тэрміну, на які ўнесеныя грошы. Пасля гэтага арэнду месца на могілках можна працягнуць на наступныя дзесяць гадоў. Калі ж гэтага не здараецца, адміністрацыя могілак дае год, на працягу якога ўладальнік можа ўнесці плату. Калі і цягам гэтага тэрміну плата ня ўнесеная, уладальнікам пахавання робіцца адміністрацыя могілак. Далей магчымыя два варыянты: магіла можа быць прададзеная, і новы ўладальнік можа знесці помнік і зрабіць новае пахаванне, альбо — можа быць узятая пад апеку (адопцыю) нейкай асобай ці арганізацыяй, якая бярэ на сябе абавязкі ў справе яе дагляду. У апошнім выпадку магіла не можа быць прададзеная, новае пахаванне таксама немагчымае.

У справе з беларускімі пахаваннямі сітуацыя разгортвалася такім чынам, што іх уладальнікам стала адміністрацыя могілак. Гэтак здарылася таму, што асобы, якія былі ўпаўнаважныя даглядаць за магіламі, памянялі месца жыхарства і з'ехалі з Чэхіі, не паведаміўшы свой новы адрас адміністрацыі могілак, не праінфармаваўшы Раду БНР і не перадаўшы нікому справы.

Паводле чэшскага заканадаўства, імёны ўладальнікаў магілаў захоўваюцца ў сакрэце, і доўгі час немагчыма было высветліць іх статус. Аплата перастала паступаць, і летась магілы перайшлі ў чэшскую ўласнасць.

Далей сітуацыя магла разгортвацца не самым спрыяльным чынам. Магілы трэба было выкупляць паводле экспертнай ацэнкі іх кошту, які мог дасягаць пяцізначнай лічбы ў далярах. Яшчэ горш, што магілы маглі набыць людзі (ці арганізацыі), для якіх імёны выбітных беларусаў нічога не гавораць — альбо, наадварот, гавораць вельмі шмат — г.зн. дастаткова, каб наўмысна гэтыя магілы знесці.

Адміністрацыя Альшанскіх могілак з разуменнем паставілася да звароту актывістаў суполкі «Скарына». Быў прапанаваны варыянт апекі, пры якім патрабавалася ўнесці меншую плату, чым гэта было б у выпадку набыцця ва ўласнасць. У снежні 2013 года былі падпісаныя дамовы адносна магілаў Пётры Крачэўскага і Міхася Забэйды-Суміцкага, а 10 верасня 2014 года — Васіля Захаркі (пахаваны разам з жонкай). Тэрмін апекі — 10 гадоў, ён можа быць працягнуты. Цягам гэтага часу магілы не могуць быць прададзеныя, зруйнаваныя, у іх не могуць быць пахаваныя іншыя асобы. Тэрмін апекі аплачаны Радай БНР і ахвяраваннямі на «Дар Сакавіка» супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі "Радыё Свабода".

Магілы выбітных беларусаў у Празе штогод на Дзень Волі 25 Сакавіка і на Дзяды ўшаноўваюцца мясцовымі беларусамі, чэшскімі прыяцелямі і гасцямі з Беларусі.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение