Ірэна Катвіцкая прадставіць Беларусь на форуме сучаснай сусветнай музыкі ў Маскве

Спявачка Ірэна Катвіцкая прадставіць Беларусь на VIII Міжнародным фестывалі "Збіраем сяброў", які пройдзе 2-28 жніўня ў Маскве.

Форум прэзентуе самыя цікавыя праекты сучаснай сусветнай музыкі. Сярод яго ўдзельнікаў - артысты з Вялікабрытаніі, Ізраіля, Ірана, Арменіі, Кітая, Італіі, Літвы, Партугаліі, ЗША, Турцыі, Японіі і Расіі. Арганізатарамі выступаюць Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя імя П. І. Чайкоўскага і навукова-творчы цэнтр "Музычныя культуры свету".

"З Маскоўскай кансерваторыяй мяне звязваюць даўнія творчыя ўзаемаадносіны і ўдзел у канцэртах, навуковых канферэнцыях, майстар-класах і радыёпраграмах. Для мяне гэта заўсёды цудоўная магчымасць паказаць і традыцыйную культуру, і сучасныя тэндэнцыі ў беларускай музыцы", - гаворыць выканаўца.

Ірэна Катвіцкая - спявачка, кампазітар, выкладчык. Нарадзілася ў Мінску, дзе атрымала прафесійную музычную адукацыю ад музычнай школы да аспірантуры НАН Беларусі як этнамузыколаг і этнічная спявачка. У 2013 годзе выйшаў яе дэбютны сольны альбом "Этна-фантазія". Пласцінка была адзначана вядомым расійскім музычным парталам як найбольш цікавы дыск года. У Маскве беларуская ўдзельніца выступіць з праграмай, у якой прадставіць песні са свайго альбома.

Фота:euroradio.fm