Выставу аб жыцці і творчасці Янкі Купалы пакажуць у Браціславе

У межах двухбаковага культурна-адукацыйнага праекта "Беларусь — Славакія. Дыялог культур" 15 красавіка ў экспазіцыйнай зале "Дварана" Міністэрства культуры Славакіі ў Браціславе адкрыецца выстава "Славацкія сустрэчы Янкі Купалы". Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.  У стварэнні гэтай выставы ўдзельнічала пасольства Славакіі ў Мінску. Адкрыццё выставачнага праекта наведаюць прадстаўнікі дыпламатычных місій, даследчыкі творчасці Янкі Купалы.  У экспазіцыю ўвайшлі работы беларускіх мастакоў з фондаў Купалаўскага музея, якія прысвечаны асобе класіка беларускай літаратуры і яго творам.  "Хроніка вандравання і паведамленні пра сустрэчы Янкі Купалы з культурнымі і грамадскімі дзеячамі Славакіі, сярод якіх былі Гана Грэгарава, Ян Панічан, Эла Шандар, Гейза Вамаш, Янко Алексы, захоўваецца ў фатаграфіях, успамінах, публікацыях у прэсе, а тагачаснае аблічча наведаных Купалам гарадоў адлюстроўваюць гістарычныя фотаздымкі, — гаворыцца ў паведамленні музея Купалы. — Многія з іх захоўваюцца ў фондах Літаратурнага і музычнага музея Дзяржаўнай навуковай бібліятэкі Банска-Быстрыцы і літаратурнага архіва Славацкай нацыянальнай бібліятэкі ў горадзе Марцін і прадстаўлены на выставе".  Акрамя таго, на выставе будзе прэзентавана кніга "Янка Купала ў Славакіі" беларускага даследчыка Мікалая Труса. У гэтай працы аўтар найбольш поўна прадставіў звесткі пра паездку беларускага літаратара ў Славакію ў 1935 годзе.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение