Дыскусія аб будучыні Беларусі

20 сакавіка 2014 года AJC “Амерыканскі габрэйскі камітэт” сумесна з арганізацыяй “Беларусы ў выгнанні” правялі дыскусію “Будучыня Беларусі: між Еўропай і Расіяй. Ці карысны ўкраінскі досвед?”, у якой узялі ўдзел Андрэй Саннікаў, Валер Кавалеўскі, Алесь Міхалевіч, Юрась Зянковіч, Сэм Крыгер, Юрый Магаршак, Марына Кавалеўская.

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, кандыдат на выбарах прэзідэнта РБ 2010 года, палітвязень, падкрэсліў прынцыповае значэнне падзей ва Украіне для будучыні не толькі Беларусі, але і ўсёй Усходняй Еўропы, неабходнасць будаваць палітыку Захаду зыходзячы з каштоўнасцяў, а не імгненных тактычных, часцяком ілюзорных абставінаў, што неабходна для бяспекі і стабільнасці ўсёй Еўропы, прадухілення распаўсюджвання зброі масавага паражэння, забеспячэння ўстойлівага развіцця і бяспекі як мінімум кантынента, а магчыма і ўсяго свету. На пытанне ўдзельнікаў пра тое, якія меры і крокі Захаду маглі б быць эфектыўнымі ў гэтай сітуацыі, ён адказаў, што сам ёсць жывым прыкладам палітыкі санкцый, але санкцый рэальных, паслядоўных, прынцыповых, не толькі накіраваных на асяроддзе дыктатара, але і тых, якія абмяжоўваюць доступ аўтарытарных рэжымаў да рэсурсаў, перш за ўсё фінансавых, без якіх іх устойлівае існаванне немагчымае.

Марына Кавалеўская, якая атрымала магістарскую ступень на юрыдычным факультэце ўніверсітэта Гарварда, у мінулым - адвакат беларускіх палітыкаў Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча, адзначыла, што пытанне палітычных зняволеных - гэта вяршыня айсберга. Сістэма, выбудаваная за апошнія 20 гадоў у Беларусі, прывяла да поўнага знішчэння вяршэнства права - адсутнасці незалежнай і бесстаронняй судовай сістэмы, пракуратуры і незалежнай адвакатуры. Метады ціску на палітычных зняволеных у сучаснай Беларусі ідэнтычныя самым заўзятым практыкам савецкага КДБ. Выказаная паслом Ізраіля ў Беларусі І.Шагалам пазіцыя аб тым, што палітычныя зняволеныя ў Беларусі з'яўляюцца крымінальнікамі, выклікае глыбокае расчараванне. Асабліва ў святле становішча Ізраіля як адзінай дэмакратыі на Блізкім Усходзе і трагічнай гісторыі ізраільскага народа. Ігнараванне ўладамі рашэнняў Камітэту ААН па правах чалавека прывяло да поўнай адсутнасці доступу да правасуддзя для беларусаў.

Свой выступ Алесь Міхалевіч, лідар “Асацыяцыі за мадэрнізацыю”, прысвяціў катаванням, якія сталі неад'емным інструментам і штодзённай рэальнасцю “праваахоўнай” сістэмы Беларусі і прымяняюцца не толькі да палітычных праціўнікаў рэжыму, пабудаванага Лукашэнкам, але і да звычайных грамадзянаў РБ.

Дырэктар Цэнтра ініцыятываў па Беларусі (Вашынгтон) Валер Кавалеўскі зрабіў паведамленне пра асаблівасці знешняй палітыкі Беларусі рэжыму Лукашэнкі і пра перспектывы развіцця сітуацыі ў сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Знешняя палітыка Лукашэнкі арыентаваная не на забеспячэнне нацыянальных інтарэсаў Беларусі, а на ўтрыманне яго асабістай улады. Гэтая неадпаведнасць паміж тым, якімі мэтамі павінен кіравацца прэзідэнт і тым, чым на самай справе заклапочаны рэжым Лукашэнкі, прывяла да фактычнай міжнароднай самаізаляцыі і значнага паслаблення суверэнітэту Беларусі. Гэта асабліва востра адчуваецца ва ўмовах агрэсіі Расіі супраць Украіны. Лукашэнка карыстаецца мінімальнай самастойнасцю ў сваім знешнепалітычным выбары і можа быць вымушаны больш актыўна падтрымаць агрэсіўныя дзеянні Пуціна супраць украінскага народа. У гэтай сувязі Кавалеўскі выказаў меркаванне, што канфлікт вакол Украіны павінен пакласці канец неафіцыйнаму прызнанню Захадам сферы прывілеяваных інтарэсаў Расіі ў краінах былога Савецкага Саюза.

Юрась Зянковіч, ньюёркскі адвакат беларускага паходжання, сярод іншага звярнуў увагу прысутных на тое, што некалькі дзён таму свет змяніўся, і цяпер Беларусь існуе ў абсалютна новых геапалітычных рэаліях. “Пасляваенная ялцінскі сістэма бяспекі ў Еўропе пачалася ў Крыме і, падобна, у Крыме і скончылася. Няма больш Ялцінскай сістэмы, няма Хельскінскага акту аб бяспецы ў Еўропе, няма Будапешцкіх гарантый для Беларусі і Украіны”, - падкрэсліў Юрась Зянковіч. На яго думку, беларусы павінныя пераасэнсаваць новыя рэаліі, зрабіць пераацэнку пагрозаў, якія сыходзяць для незалежнасці Беларусі, і зрабіць адпаведныя высновы. “Яшчэ месяц таму, калі хтосьці казаў, што Захад павінен падтрымаць дзеянні беларускіх уладаў у яе канфлікце з Расіяй, я казаў, што гэта пралукашэнкаўская прапаганда. Сёння я ўжо не ўпэўнены, што гэта правільная ацэнка. Калі, не дай Бог, здарыцца канфлікт паміж лукашэнкаўскім рэжымам і расійскім фашызмам, то я асабіста буду падтрымліваць сваю краіну”, - скончыў свой ​​выступ Юрась Зянковіч.

У абмеркаванні выступілі некалькі прадстаўнікоў палітычных і грамадскіх арганізацый, лідар беларускай арганізацыі “Пагоня” Віталь Зайка, сябры БАЗА Ала Орса-Рамана, былы дырэктар беларускай рэдакцыі “Радыё Свабода” Вячка Станкевіч, прадстаўнікі амерыканскай, расійскай і беларускай грамадскасці. Удзельнікі дыскусіі прыйшлі да агульнай высновы, што ўся прававая сістэма Рэспублікі Беларусь па сутнасці - імітацыя такой: фармальна прысутнічаюць усе элементы, але яны не выконваюць сваёй ролі ў агульнапрынятым разуменні, з'яўляючыся не больш чым неабходнымі для прадстаўлення міжнароднай супольнасці “вітрынамі” для дасягнення іміджавых мэтаў, але ва ўнутранай палітыцы выконваючы ролю інструментаў падаўлення і застрашвання насельніцтва краіны.

Прэс-служба арганізацыі "Беларусы ў выгнанні"

Фота Дзмітрыя Шчыгельскага


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение