Відэаэкскурсія па беларускай бібліятэцы ў Лондане

У паўночным Лондане, побач з вядомым Marian House — Домам Марыянаў, будынкам Беларускай каталіцкай місіі, месціцца Беларуская бібліятэка імя Францыска Скарыны.

Створаная паваеннымі эмігрантамі — святарамі-ўніятамі Чаславам Сіповічам, Львом Гарошкам ды Аляксандрам Надсанам з дапамогай іншых беларусаў замежжа, на сёння яна мае некалькі дзясяткаў тысяч выданняў розных часоў і краін. Ад старадрукаў і рукапісаў 15 стагоддзя да сучаснай беларускай літаратуры. У бібліятэцы сабраныя і кнігі, і перыёдыка, і мікрафільмы, і аўдыёзапісы беларускай музыкі. Ёсць тут і кнігі з серыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе». Кіруе бібліятэкай айцец Аляксандр Надсан, Апостальскі візітатар для беларусаў — грэка-каталікоў замежжа. Бібліятэку й музей часта наведваюць не толькі многія беларусы, але й брытанскія навукоўцы, і проста тыя, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай. Лонданская бібліятэка Скарыны — унікальная ўстанова па-за межамі Беларусі. Ні ў якіх іншых краінах гэткай вялікай й падрабязнай калекцыі здабыткаў беларускай гісторыі і культуры не створана. Існуе бібліятэка на ахвяраванні. Айцу Аляксандру Надсану ўжо 88 гадоў, і цяпер ён шукае сабе пераемніка ў бібліятэцы.
 
Паглядзець відэаэкскурсію па Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны можна па спасылцы.