Беларусы Масквы распачалі серыю мерапрыемстваў па ўшанаванні Алеся Адамовіча

У нядзелю, 26 студзеня, споўнілася роўна дваццаць год, як памёр Алесь Адамовіч, вялікі беларускі пісьменнік ХХ стагоддзя.

Актывісты некалькіх беларускіх арганізацый Масквы сёння ўсклалі кветкі да памятнае шыльды ў ягоны гонар. У аўторак плануецца прысвяціць Адамовічу занятак маскоўскай «Мовы ці кавы», таксама плануецца правесці вечар ягонае памяці.

Акрамя таго, што ён быў выбітным літаратарам, Адамовіч актыўна выступаў з крытыкай таталітарнага савецкага рэжыму, раскрываў праўду пра Чарнобыль.

Уласна, ягоная актыўная дзейнасць вакол Чарнобыля і выклікала ціск на Адамовіча з боку ўладаў БССР, у выніку якога ён вымушаны быў з'ехаць у Маскву.

Здабыўшы славу пісьменніка, Адамовіч выкарыстоўваў свой аўтарытэт для таго, каб падымаць важныя для грамадства тэмы.

Жывучы ў Маскве, Адамовіч захоўваў сувязі з Беларусьсю, быў сярод кіраўнікоў Маскоўскага Таварыства Беларускай Культуры імя Ф. Скарыны, падтрымліваў кантакты з Беларускім Народным Фронтам, падпісаў ліст з прапановай зрабіць «Ваяцкі марш» дзяржаўным гімнам Беларусі.

Пры гэтым ён не стараніўся і маскоўскага грамадска-палітычнага жыцця: быў народным дэпутатам СССР, актыўна падтрымліваў дэмантаж камуністычнага рэжыму ў 1991 годзе, выступаў у абарону дэмакратыі падчас маскоўскіх беспарадкаў у 1993 годзе.

Адамовіч злучаў Беларусь і Расію, быў мостам паміж нашымі краінамі — пры гэтым будучы нацыянальна свядомым беларусам і не будучы сталіністам або славянафільскім шавіністам. Гэта вельмі рэдкае спалучэнне якасьцяў — нагэтулькі рэдкае, наколькі і неабходнае нам для будаўніцтва нармальных, раўнапраўных і канструктаўных беларуска-расійскіх дачыненняў.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение