На Майдане быў забіты беларус Міхаіл Жызнеўскі

Міхаіл Жызнеўскі быў забіты ў Кіеве ў сутычках са спецназам раніцай 22 студзеня. Яго апазналі сябры і паплечнікі. Міхаіл прыехаў з Беларусі ў 2005 годзе. Паплечнікі распавядаюць, што на радзіме хлопцу пагражаў крымінальны пераслед.

 Саша Панчанка, паплечнік Міхаіла, расказвае Радыё Свабода: — Мы пазнаёміліся, калі пачаўся Майдан. Пасля падзеяў 1 снежня мы сустрэліся, і вось бачыліся цягам месяца да яго трагічнай гібелі. Што да сям’і, то не ведаю. Здаецца, у яго дзядзька, мажліва з Мінска, ці таксама з Гомеля, займае нейкую пасаду чыноўніка. Ён проста распавядаў, што праз палітычны пераслед яго моцна шукалі, і ён шмат чаго не распавядаў. Я яго па фота пазнаў. Нам ён казаў, што яго завуць Аляксей. Але бальшыня яго ведала пад псеўданімам Локі. Больш пра імя не ведаю нічога. Здаецца, ён прыехаў з сябрам. Але дзе цяпер сябра — не ведаю. — Чаму ён прыехаў на Майдан? — Прыехаў ён на Майдан, таму што быў удзельнікам арганізацыі УНА-УНСО, і гэта агульнае распараджэнне — сабрацца ўсёй арганізацыі ў Кіеве, і таму ён прыехаў. — Якія ў яго былі захапленні, зацікаўленні? — Звычайныя. Цікавіўся вайсковай справай. Да таго як вымушаны быў выехаць, навучаўся ў вайсковым ліцэі. Падрыхтоўку праходзіў. Ён казаў, што быў вымушаны з'ехаць, бо займаўся палітычнай дзейнасцю перад выбарамі. Яны праводзілі ўсялякія расследаванні, выйшлі на яго след і сказалі, што яму лепш выехаць, інакш засудзяць. Да турмы і сур’ёзнай адказнасці. Пэўны час жыў у Данецку. Потым перабраўся ў Крывы Рог, потым у Белую Царкву, потым у Кіеў. І гэта быў яго апошні пункт. Звязаўся з УНА-УНСО. Займаўся страйкболам, і вайсковая справа яго цікавіла. — У яго быў палітычны прытулак? — Яму палітычнага прытулку не далі. Як яго пачалі лавіць, яму далі некалькі гадзін на зборы. І знаходзіўся тут пад іншымі дакументамі. Ён быў у спецвышуку, яго некалькі разоў затрымлівалі, але ў яго былі нейкія добрыя знаёмыя, то ён практычна заўжды выходзіў, яго выпускалі. Афіцыйнага прытулку не давалі. Арганізацыя дапамагала пазней, калі ён ужо пражыў некалькі гадоў. — Ці кантактаваў з беларусамі? — Рабіў фатаграфіі, быў актыўны. У яго быў украінскі дзяржаўны сцяг. З хлопцам фатаграфаваліся, і ён прасіў кожнага з якога-небудзь Данецку, Кіева, Харкава, і кожны, хто фатаграфаваўся з ім — падпісваўся на сцягу. Сцяг — з подпісамі практычна з усіх гарадоў ад самых розных людзей. Таксама фатаграфаваўся з беларускімі сцягамі, і заўжды з беларусамі сустракаўся. Абменьваўся кантактамі і гаварыў па-беларуску. — Якім чынам яго падстрэлілі? — Я не быў, калі яго падстрэлілі. Толькі раніцай праз некалькі гадзін даведаўся, што такое адбылося. І пра дэталі не меў часу даведацца.
 
Светлая памяць Міхаілу Жызнеўскаму і тым, хто загінуў у барацьбе за свабоду.