Беларусы Таронта супраць хакейнага чэмпіянату ў Мінску

19 снежня ў канадскім Таронта, каля Музея хакейнай славы прайшоў пікет супраць правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміла Валянціна Шаўчэнка, старшыня Згуртавання беларусаў Канады. Пікет быў арганізаваны Згуртаваннем беларусаў Канады і прымеркаваны да трэцяй гадавіны разгону Плошчы ў Мінску. Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў Мінску з 11 па 25 траўня 2014 года. Палітыкі шэрагу краінаў, сярод якіх Фінляндыя, Швецыя, Польшча неаднаразова выступалі з прапановай байкатаваць гэтае спартовае мерапрыемства ў Мінску з-за наяўнасці ў краіне палітычных вязняў і смяротнага пакарання. А на сайце www.change.org ужо сабрана каля 20 000 подпісаў пад электроннай петыцыяй, якая заклікае не дапусціць правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі.