Беларусы: што мы можам разам?

Беларусы з Польшчы, Украіны, Бельгіі, Швейцарыі, Нямеччыны і Беларусі абмяркоўвалі, дзеля чаго нам у свеце беларусамі звацца ды як быць карыснымі Радзіме, знаходзячыся па-за яе межамі. Дыскусія адбылася на канферэнцыі «Беларусы ў Беларусі і па-за яе межамі: Разам дзеля пераменаў» на выходных у Варшаве.

Пытанні, якія абмяркоўвалі на канферэнцыі, наспелі даўно. Даўно мусіруюцца пытанні "панаастаўшыхся" да "панауехаўшых", нараджаючы сумневы адзін у адным, пытанні без адказаў і песімізм адносна будучыні.

Вырашыўшы, што такая сітуацыя - неканструктыўная, і што лепей шукаць рашэнні, чым вінаватых, арганізатары сфармулявалі павестку дня як "Беларусы ў Беларусі і па-за яе межамі: Разам для Беларусі". Ініцыятарам правядзення сталася грамадзянская кампанія "Разам для Беларусі", у арганізацыі дапамагло Бюро еўрадэпутата Марэка Мігальскага, інфармацыйна падзею падтрымалі www.interpolit.net, www.racyja.com, Інфармацыйнае Бюро Салідарнасці з Беларуссю, тэлеканал Белсат. Вядоўцамі былі вядомая паэтка, мастацтвазнаўца Валярына Кустава, якая задавала вострыя пытанні, - і каардынатар "Разам для Беларусі", судырэктар Беларускага Дому ў Варшаве Зміцер Бародка.

Набалелае і недасказанае

Першы дзень быў прысвечаны тым самым "набалелым" пытанням ды пытаннечкам, якія ствараюць перашкоды для ўзаемапаразумення беларусаў па два бакі мяжы.

 - Сёння беларуская дыяспара замежжа адлюстроўвае стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі: яно разфакусаванае, поўнае ўзаемных прэтэнзій, але хоча пераменаў і гатовае гэтым пераменам спрыяць. Грамадзянская кампанія "Разам для Беларусі" вядзе працу з дыяспарай, з тымі людзьмі, якія і па-за межамі краіны хочуць называцца беларусамі, не жадаюць асімілявацца і забывацца на свае карані, імкнуцца быць карыснымі сваёй радзіме і суайчыннікам. Вось чаму лейт-матывам канферэнцыі стала абмеркаванне формаў такой дапамогі: інфармацыйнай, гуманітарнай, адукацыйнай.

З тым, што дапамога павінна быць, - ніхто не спрачаўся. У якасці ўзору згадвалі часы польскай Салідарнасці, калі польскае замежжа актыўна падтрымлівала тых, хто застаўся на акупаванай СССР тэрыторыі. А таксама сённяшнюю армянскую дыяспару, якая настолькі не забываецца пра тых, хто застаўся на радзіме, што нават адмысловае міністэрства ў Арменіі дзейнічае - Міністэрства дыяспары. Было й якім досведам абмяняцца: некалькі год як Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі дапамагае беларускім дзіцячым дамам, арганізуючы для іх канцэрты, экскурсіі і іншыя забаўкі. З Варшавы ў дзіцячыя дамы адпраўлялі лялькі, гульні ды розныя прысмакі-слодычы да Новага году. Некаторыя з іншых дыяспар лічаць вартым сваёй увагі адукацыйныя праграмы, скіраваныя на пашырэнне далягляду беларусаў: каб было куды імкнуцца, варта ведаць памылкі і дасягненні дэмакратычных дзяржаў.

Свае ды чужыя: ад сцягоў да ўласна даверу

Гарачую спрэчку выклікала пытанне, пад якім сцягам мусіць дзейнічаць беларуская дыяспара. Ці азначае сімволіка праўладная, што і згуртаванне беларусаў пад зялёна-чырвоным сцягам падзяляе погляды дыктатара? Меркаванні падзяліліся.

Цікава, што выкарыстанне зялёна-чырвоных сцягоў, паводле некаторых меркаванняў, дэманструе апалітычнасць згуртавання. У  той час як  бел-чырвона-белыя сцягі - сведчаць пра палітычную пазіцыю, "самі ведаеце якую"(с). Да адзінага рашэння дыскусія ў гэтым пытанні не прывяла.

 - Відавочна, што лепей пад якімі заўгодна сцягамі рабіць нешта, чым пад бел-чырвона-белымі не рабіць нічога,  - каментуе адзін з гасцей канферэнцыі з Варшавы. - Я, натуральна, за выкарыстанне традыцыйнай гістарычнай сімволікі. Я і ў Менску карыстаўся ёю, - і дзіўна было б не выкарыстоўваць яе па-за межамі краіны, калі табе нічога не пагражае. Іншая справа, што выкарыстанне "капусты" можа ўсцешыць афіцыйныя беларускія амбасады, але які ў гэтым сэнс?

Асобнай балючай тэмай дыскусіі сталася раз’яднанасць беларусаў незалежна ад месца жыхарства - і дэфіцыт даверу беларусаў адзін да аднаго. Прыкладам, адзіны незалежны беларускі тэлеканал "Белсат" фінансуецца шмат якімі інстытуцыямі, але ніяк не беларусамі, ды ўвесь час мае дэфіцыт сродкаў для існавання. У гэтым звязку, - чаму б не стварыць адмысловы фонд дзеля падтрымкі адзінага незалежнага тэлеканалу, - прапанаваў выйсце доктар палітычных навук Павел Усаў.

Прапанову ўспрынялі па-рознаму, але скептычныя рэакцыя грунтаваліся на немагчымасці стварыць нешта падобнае ў сённяшнім недаверы беларусаў да дзейнасці адзін аднаго. "Але калі мы не можам зрабіць нават такой простай справы разам, то які сэнс у размовах пра перамогу беларусаў над рэжымам?", - падвынікаваў дыскусію рытарычным пытаннем спадар Павел.

Перад прадстаўнікамі беларускіх грамадскіх арганізацый і беларускай дыяспары выступіў і Зянон Пазняк. У сваёй прамове ён падняў пытанне пра нацыянальную адметнасць беларусаў за мяжой, а таксама вострыя моманты сучаснай беларускай палітыкі і пагрозаў для суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Планы блізкія і далёкія

Апроч канферэнцыі"у рэале", адбылося і абмеркаванне беларускіх пытанняў у skype: далучыліся прадстаўнікі Літвы, Амерыкі і Швецыі: гутарылі пра канкрэтныя шляхі каардынацыі і правядзення супольных акцый і мерапрыемстваў.

Адзін з вынікаў дыскусіі - дамова, план супольнага і скаардынаванага правядзення акцый памяці аб 19 снежня ў розных гарадах Беларусі, Еўропы і Амерыкі. Што тычыцца доўгатэрміновых мэтаў, то галоўнае - пачаць, лічыць арганізатар канферэнцыі Зміцер Бародка:

 - Дыяспара беларусаў была заўсёды, але наша кансалідацыя стала неабходнай менавіта сёння, калі пасля трагічных падзеяў 19 снежня 2010 вялізную колькасць грамадскіх актывістаў вымусілі з’ехаць. І мы раз’ехаліся - хто куды. А жаданне дзейнічаць - засталося. Кампанія "Разам для Беларусі" стварылася год таму менавіта як адказ на патрэбу каардынацыі дзеянняў палітычных дыяспар беларусаў розных краін. На сённяшняй канферэнцыі мы мелі большую колькасць удзельнікаў, бОльшую актыўнасць гасцёў і бОльшую цікавасць да нас з боку медыяў параўнальна з мінулым годам. Гэта сведчыць ня толькі аб тым, што цягам году мы шмат чаго зрабілі, але і пра актуальнасць гэтай дзейнасці тут і зараз.

******

Удзельнікі канферэнцыі з боку дыяспар: кампанія "Разам для Беларусі", (Варшава, Зміцер Бародка); Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі (Аляксандар Сапега); Асацыяцыя за мадэрнізацыю Чэхіі (Аляксей Францкевіч); Беларускі інфармацыйны цэнтр (Бельгія, Юры Жылко); Беларускі цэнтр на Украіне (Вячаслаў Сіўчык); прадстаўнікі беларускай дыяспары з Нямеччыны; Беларускі саюз Польшчы (Яўген Вапа);Аляксей Дзікавіцкі (сябра Рады БНР, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм Belsat TV).

Удзельнікі канферэнцыі з беларускага боку: Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі; Генадзь Фядыніч, старшыня беларускага прафсаюза радыё-электроннай прамысловасці; Віктар Карняенка, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання "За справядлівыя выбары"; прадстаўнікі рэгіянальных грамадскіх арганізацый з Берасця, Гародні, Менску, Маладзечна, Салігорска, Магілёва, Рэчыцы, Гомеля.

Гасцямі канферэнцыі таксама былі беларусы з Беластока, Познані, Гданьска, Варшавы. 


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение