Новая беларуская чытанка для дзяцей разыходзіцца як гарачыя булачкі

Педагог Зося Кустава прадставіла выдатна ілюстраваную дзіцячую кнігу "Лучынка".

 

Сямейства добрых беларускіх кніжак для дзетак папоўнілася яшчэ адным выдатным зборнікам. Багата ілюстраваная кніга “Лучынка”, складзеная педагогам Зосяй Куставай, ужо з'явілася на паліцах кнігарняў. На прэзентацыі кніжкі ў Варшаве пабываў Аляксандар Папко.

“Лучынка” – гэта зборнік апавяданьняў, казак, вершаў сучасных беларускіх аўтараў і класікаў беларускай літаратуры. Таксама ў кніжцы можна знайсці пераклады твораў сусветнавядомых літаратараў на беларускую мову, беларускія прыказкі й прымаўкі. Усім жадаючым набыць чытанку раім паспяшацца. Кніга выйшла накладам усяго ў 2,5 тысячы асобнікаўі разыходзіцца як гарачыя булачкі. Большая частка накладу была прададзена за некалькі дзён. “Лучынка” – гэта кніжка для сямейнага чытання, кажа яе складальнік Зося Кустава.

/
З . Кустава: Мне хацелася скласці такую кніжку, якую будзе чытаць сям’я. У ёй ёсць раздзелы, якія будуць чытаць і дарослыя, і маленькія. “Лучынка” спатрэбіцца на ўроках беларускай мовы й літаратуры. У ёй шмат цытатаў, фразеалагізмаў, прыказак і прымавак, шмат народных параўнанняў і ўсяго таго, што тычыцца беларускай мовы.

“Лучынка” была складзеная паводле арыгінальнай методыкі, якую распрацавалі Зося Кустава й яе маці, вядомы метадыст Валянціна Салаўёва.

З . Кустава: У свой час, выхоўваючы сваё дзіця, я стварала свае, нетрадыцыйныя, методыкі. Шмат ведаў патрабуе дзіця, якое падрастае. Часта яно задае пытанні, на якія адказ можа даць толькі энцыклапедыя. Я змайстравала кнігу такім чынам, каб дапамагчы знайсці адказы. Ідэя стварыць гэтую кнігу належыць маёй маці, Валянціне Салаўёвай. У свой час яна была вельмі вядомым метадыстам. Але й цяпер такія методыкі не стварае ніхто, бо яны патрабуюць вялікай напрацоўкі й досведу. “Лучынка” – гэта кніга, створаная пакаленнямі.

Зборнік “Лучынка” быў выдатна аформлены маладой мастачкай Маяй Пракаповіч. Сваімі ілюстрацыямі яна звязала і ўзмоцніла творы, сабраныя ў кнізе.

З . Кустава: Сучасная дзіцячая кніга патрабуе новага падыходу да афармлення. Я шукала мастака, які мог бы знайсці новы падыход і пры гэтым не сапсаваць, а ўзмацніць тыя тэксты, якія мае гэтая кніжка. Маладая мастачка Мая Пракаповіч непарыўна звязала кожную старонку кнігі агеньчыкам лучынкі. Калі гартаеш кнігу, бачыш светлую энергетыку, якой яна напоўнена. Гэты агеньчык павінен асвяціць наш час, наш шлях на нашай беларускай зямлі.

“Лучынка” – гэта ўжо трэцяя кніга з сэрыі чытанак для дзяцей, якія стварае Валянціна Салаўёва, Зося Кустава й яе дачка, паэтка Валярына Куствава.

/
 

В . Кустава: Першая кніжка з гэтай серыі называецца “Маладзічок”. Яна прызначаная для зусім малых дзетак, якія яшчэ не ходзяць у школу. Наступная кніга з гэтай серыі называецца “Азбукоўнік і лічылка”. Яе могуць чытаць дзеці, якія ўжо вучацца ў школе, умоўна кажучы, з 1 па 6 клас. А “Лучынка” – гэта ўжо сямейная чытанка. Яна скіраваная не столькі на дзяцей, колькі на вывучэнне мовы й літаратуры ў сям’і.

Беларускія кніжкі для дзяцей выдатна раскупаюцца, а прэзентацыі праходзяць на “ўра”. Папярэдняя кніга Зосі Куставай “Азбукоўнік і лічылка” увайшла ў ТОП-5 папулярных кніжак мінулага году паводле Еўрарадыё. “Лучынку” ўжо сустрэў не меншы поспех – кажа Валярына Кустава.

В . Кустава: Хоць “Азбукоўнік і лічылка” была абсалютна дзіцячай кніжкай, яна ўвайшла ў лік самых папулярных кніг мінулага году. І дзеці, і дарослыя рэагуюць на яе вельмі пазітыўна. Дзецям цікава, а бацькі раяць адзін аднаму яе купіць. Я бачыла, з якой радасцю на мінулай прэзентацыі дзеткі цытавалі вершы з “Азбукоўніка і лічылкі”. Думаю, “Лучынка” таксама знойдзе свайго чытача.

Варшаўская беларуска Марта Майсеенка набыла кніжку, каб вучыць беларускай мове дачку Міхаліну.

/
М. Майсеенка: Цяжка спалучыць выхаванне дзяцей па-беларуску з польскамоўнай рэальнасьцю. Файна было б мець такую кніжку. Думаю, што знайду ў ёй шмат цікавага. Набуду яе абавязкова!

Пасля кароткай прэзентацыі чытанкі зала Беларускага дому ў Варшаве была аддадзеная самым галоўным гасцям – маленькім беларусам. Іх чакалі конкурсы й пачастункі.

Прэзентацыя кнігі “Лучынка” завяршылася вясельнымі песнямі й калыханкамі ў выкананні гарадзенскіх музыкаў Таццяны й Паўла Салаўёвых. Беларусы Варшавы й іх дзеткі набылі кніжкі з подпісам яе складальніцы Зосі Куставай. Тым, хто жадае набыць сямейную чытанку “Лучынка” ў Беларусі, раім як мага хутчэй звярнуцца ў крамы “Белкнігі”.

Аляксандар Папко

/