Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Кіеве

У Кіеве адбылася акцыя салідарнасці з палітычнымі вязнямі Украіны і Беларусі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Камітэт вызвалення палітвязняў і Рух Салідарнасці "Разам", актывісты якога прыехалі ў Кіеў з Беларусі. На Майдане Незалежнасці прайшоў пікет у падтрымку  украінскіх і беларускіх палітвязняў. Пасля заканчэння акцыі ўдзельнікі адправяць паштоўкі палітвязням, адзначыў Вячаслаў Сіўчык.

- Вельмі шмат было ўкраінскай прэсы. Быў Белсат, таму я спадзяюся, што гэтую акцыю пабачаць таксама беларусы. Па заканчэнню акцыі ў беларускія турмы будуць адпраўленыя паштоўкі палітвязням. Пасля будзе круглы стол пра парушэнні правоў чалавека на постсавецкай прасторы.  

Па словах Вячаслава Сіўчыка, рух Салідарнасці Разам акрамя агульнапрынятага спісу з 9 палітвязняў лічыць палітвязнямі таксама ксяндза Уладзіслава Лазара, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, а таксама актывіста беларускай апазіцыі Васіля Парфянкова, які знаходзіцца ў ЛТП.