Янка Запруднік: З добрым настроем лягчэй жыць

Студыю Беларускага Радыё Рацыя наведаў гісторык, журналіст, публіцыст, актывіст беларускай грамады ў ЗША Янка Запруднік. Ён распавёў найперш пра тое, як арганізаванае беларускае жыццё ў Злучаных Штатах. Сам госць жыве ў штаце Нью-Джэрсі.

РР: У якіх асяродках перш за ўсё гуртуюцца беларусы за акіянам, ці можна палічыць колькі іх, як яны жывуць?

Янка ЗапруднікЯ паходжу з беларускага асяродка ў штаце Нью-Джэрсі, дзе, я думаю, колькасна беларусаў найбольш. Жывем мы недалёка ад гарадка Саўс Рівер, дзе знаходзіцца беларуская праваслаўная царква імя святой Ефрасінні Полацкай і Беларускі грамадскі цэнтр. Мы з жонкай Надзяй належым да царкоўнага прыходу, спяваем у хоры. У Нью-Джэрсі наогул вялікая грамада беларусаў. Я прыехаў сюды з новавыдадзенай кніжкай пра беларускія фестывалі і выстаўкі ў штаце Нью-Джэрсі ў перыядзе паміж 1948 і 2010 годзе. Кніжка на дзвюх мовах, там шмат здымкаў, ілюстацыяў і апісанне нашага жыцця і дзейнасці. Кніжка мае падзагаловак «Палітычная інфармацыя моваю мастацтва». Мава пра тое, што калі мы прыехалі ў Амерыку (мы – гэта значыць беларуская пасляваенная эміграцыя), мовы ангельскай не ведалі, але ведалі як спяваць беларускія песні. Прывезлі з сабою розныя артэфакты: народнае мастацтва, вопратку, малюнкі і так далей, праводзілі фестывалі і выставы, а пры гэтай нагодзе сустракаліся з палітыкамі і гаварылі ім, чаго мы хочам.

Наогул беларусы ў ЗША разкіданыя па розных штатах, найбольш іх менавіта ў штаце Нью-Джерсі, Нью-Ёрк, Іліноіс, дзе горад Чыкага, у Агаё, там дзе горад Кліўленд, у Каліфорніі і іншых.

РР: Вітольд Кіпель у сваёй кнізе налічыў сотні тысяч беларусаў па паходжанні, але так здарылася, што яны неяк разплываліся сярод мацнейшых суседзяў. Фактычна найбольш устойлівыя інстытуты стварыла пасля вайны вашае пакаленне ці крыху старэйшыя за вас, але ўжо пасляваенная эміграцыя.

Янка ЗапруднікУ Амерыцы, якую называюць катлом пераваркі розных нацыянальнасцяў, гэтае пераварванне ў амерыканскую нацыю аблягчаецца ў вялікай ступені тым, што ты можаш захоўваць сваю самабытнасць. Мы туды прыехалі пасля вайны з DP лагераў (лагеры для тых перасяленцаў з Усходняй Еўропы якія не маглі вярнуцца да сябе на Бацькаўчшыну, якія былі фактычна без грамадзянства). У лагерах у заходняй Нямеччыне жылі кампактна. Вайна скончылася ў 1945 годзе, а эміграцыя з еўрапейскіх краінаў пачалася недзе пад канец 40-х гадоў. У гэты час інэрцыя нацыянальнага энтічнага існавання прывяла да арганізацыі сваіх хораў, тэатральных гурткоў і так далей і ўсё гэта перабралася ў вялікай меры ў Амерыку і там былі магчымасці захоўвання сваіх традыцыяў. Мы прыехалі туды з запасам культурнага патэнцыялу і гэты культурны патэнцыял існуе і да сённяшняга часу. У вялікай меры дапамагае рэлігія, большасць беларускіх эмігрантаў у Амерыцы гэта былі праваслаўныя, якія заснавалі цэркві, свае арганізацыі, ў тым ліку выдавецкія, Беларускі інстытут навукі і мастацтва, які існуе і да сённяшняга дня. Выдаем кніжкі, зборнікі навуковых артыкулаў. Безумоўна, маладое пакаленне асімілюецца, гэта з'ява з якой змагацца немагчыма. Што б мы не рабілі, маладое пакаленне вырастае ў новых абставінах. Тым не менш рэлігія аказалася вельмі важнай для захоўвання культурнай самасведамасці. Да сённяшняга для амерыканцы беларускага паходжання ўсведамляюць місію дзядоў і бацькоў і пераймаюць пэўныя палітычныя, культурныя функцыі, каб працягваць гэтую справу.

РР: На сённяшні дзень даволі вялікая эміграцыя з Беларусі асабліва маладых, актыўных, адукаваных людзей. Ва ўсіх большых еўрапейскіх гарадах такія калоніі эмігрантаў ёсць. А як у Амерыцы? Ці прыязджаюць і ўключаюцца новыя мігранты ў жыццё беларускай грамады?

Янка ЗапруднікАмерыка заўсёды прыцягвала выхадцаў з Беларусі і сёння таксама. Напрыклад, у Нью-Ёрку ў Катэдральным саборы святога Кірылы Тураўскага царква знаходзіцца на другім паверсе, а ўнізе вялікая заля і там адбываюцца сходкі, прыходзяць маладыя людзі, якія прыбылі ў Амерыку апошнімі гадамі. Рэлігійнага выхавання яны не прайшлі, рэлігійнае адчуванне ў іх самае рознае або ніякае. Яны зацікаўленыя беларускай справай, яны зацікаўленыя палітычнымі падзеямі ў Беларусі. Там збіраецца іх чалавек 40-50 на дыскусіі, яны дэбатуюць пра нашыя нацыянальныя праблемы. Пройдуць дзесяцігоддзі, шмат хто з іх застанецца там і гэтая этнічная прысутнасць у Амерыцы будзе забяспечаная гэтымі маладымі беларусамі.

РР: Вы ўсё свае дарослае жыццё пражылі практычна па-за межамі Беларусі. Але ўвесь час глядзелі ва ўсходні бок, увесь час жылі справамі далёкай Бацькаўшчыны. Як вы цяпер ацэньваеце тое, што адбываецца ў Беларусі? Ці тут яшчэ можна захоўваць надзею? Бо некаторыя яе ўжо губляюць. Я маю на ўвазе перш за ўсё дэнацыяналізацыю.

Янка ЗапруднікЯ выехаў з Беларусі, калі мне было 17 гадоў, а ўвесь час жыў можна сказаць з Беларуссю. Мы едзем туды з жонкаю пасля 4-хгадовай адсутнасці. Напэўна там адбываюцца змены. Я ў Беласток прыехаў і бачу вялікія змены, дарэчы змыне на лепшае. Уражанне ад Беластока вельмі прыемнае, таму што бачыш змены да лепшага. Ці я падачу змены да лепшага ў Беларусі цяпер мне цяжка сказаць, але я спадзяюся на лепшае. Чалавек жыве надзеяй і мусіць жыць таксама з дозай аптымізму і гэта аблягчае жыццё. Я спадзяюся на лепшае. Праблемы нашага існавання вельмі вялікія і часта цяжкія для сэрца, калі бачыш, што тое, чым ты жыў, гіне або змагаецца без вялікага поспеху. Але я думаю, што ў сучасным глабалізаваным свеце, дзе камінікацыя інтэнсіфікуецца, дзякуючы тэхналогіі, навуцы шанцы нашага выжывання мацнеюць, таму што тэхналогія дае магчымасць быць разам, нават калі вы знаходзіцеся на розных кантынентах, быць разам, нават калі паміж табою і тым, хто думае аднолькава для дабра Беларусі, нейкая мяжа, перашкода, візаў не даюць і гд. У мяне настрой праз цэлае жыццё быў бадзёры, я камфартабельней адчуваю сябе з добрым настроем.

РР: Цяпер я разумею, чаму вы ў анкеце Радыё Свабода адзін з галоўных дэвізаў сваіх назвалі «Не падаць духам».

Янка ЗапруднікДакладана, не падаць духам. Уся гісторыя чалавецтва, уся гісторыя нацыянальнага будаўніцтва паказвае, што калі ў цябе ёсць дух, калі ты маеш духовую энергію, яна дае плён. У мяне заўсёды быў добры настрой і лягчэй жыць, і лягчэй працаваць з ім. Не падай духам, трымайся і справы пойдуць на лепшае. У гісторыі чалавецтва і ў гісторыі паасобных людзей бываюць неспадзяваныя павароты на лепшае. Шмат хто шкадуе распаду Савецкага Саюза, а шмат хто кажа, нарэшце мы свабодныя людзі, мы можам цяпер далучыцца да рэшты свету, у кантакце са светам лягчэй існавать у гэтым свеце.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя