Міжнародны фестываль «Ёрдынскія гульні»

15-16 чэрвеня 2013 бураты Іркуцкай вобласці адзначалі адзін са сваіх старадаўніх святаў «Ёрдынскія гульні». Паводле старадаўняй традыцыі, прыбайкальскія бурацкія роды з'язджаліся ў сярэдзіне чэрвеня да гары Ерд, што знаходзіцца ў Альхонскім раёне, недалёка ад пасёлка Еланцы, і адзначалі гэты дзень, праводзячы спартыўныя спаборніцтвы, карагоды-ёхр, а таксама ажыццяўлялі шаманскія рытуалы.

За савецкім часам гэтая традыцыя крыху забыліся. Але вось у 2000-я гады, дзякуючы асобным бурацкім энтузіястам, а таксама падтрымцы губернатара Іркуцкай вобласці, гэтае свята адрадзілася.

А Абласная дзяржаўная ўстанова «Цэнтр захавання традыцый карэнных народаў Іркуцкай вобласці» на чале з дырэктарам гэтага Цэнтра - Амагзаевым А.А., атрымаўшы грант, зрабіла «Ёрдынскія гульні-2013» Міжнародным фестывалем.

Сярод іншых былі і нашыя фальклорныя ансамблі «Крывічы» і «Ленушка». Аднак другі наш ансамбль паехаць не змог, затое «Крывiчы», скінуўшыся на бензін, на дзвюх машынах памчаліся да Бураціі ў госці.

У першы дзень - 15 чэрвеня - наш ансамбль выступіў з вітальнай беларускай песняй у канцэртнай праграме. На наступны дзень - 16 чэрвеня - мы падчас конкурсу «Кругавога танца» паказалі сярэднявечны танец «Маразуля». Прычым правялі яго ў інтэрактыве, то бок з прыцягненнем гледачоў, што асабліва спадабалася арганізатарам гэтага мерапрыемства.

Акрамя гэтых выступленняў было шмат вольнага часу за гэтыя два дні. Можна было паглядзець бурацкія скокі, бурацкую барацьбу і многае іншае. Нашым дзяўчатам спадабалася. Ну а я пашкадаваў, што не ўзяў з сабой ноўтбук, бо не прывык столькі часу «нічога не рабіць» і проста адпачываць, хоць сама прырода - горы, Байкал - спрыялі менавіта гэтаму.

Варта яшчэ адзначыць, што на гэтае свята прыехалі і журналісты беларускага канала «БелСат». Увогуле яны ехалі да нас на Купалле, але ўжо калі падвярнулася бурацкае свята, то чаму б і не зняць пра яго рэпартаж?

Але самае галоўнае - хлопцы з Беларусі ўпершыню пабывалі на Байкале, а аператар Сяржук Кавалеў нават выкупаўся ў гэтым святым возеры. Ну а мне давялося яго падтрымаць. Добра яшчэ, што мяне падтрымала адна з «крывічанак» - Света. Так што заплыў беларусаў сібірскіх і беларускіх адбыўся. Між іншым, мясцовыя бураты на нас паглядзелі са здзіўленнем, бо вада ў Байкале яшчэ не нагрэлася, і яе тэмпература складала крыху больш за 5 градусаў.

Але нас, самаадданых беларусаў, гэта не магло спыніць!

А журналістка «Белсата» Аліна Радачынская скарала сопкі. Яна з такім задавальненнем узлазіла на стромкія схілы, быццам была народжаная сярод гор!

Вось так, калі сцісла, можна апісаць наш удзел у бурацкім свяце "Ёрдынскія гульні»!


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение