Літаратурнае аб'яднанне “Белавежа” святкуе 55 гадоў свайго існавання

Як кажа старшыня аб’яднання Ян Чыквін, каб быць сапраўдным “белавежцам”, трэба мець унутраную свабоду і пісаць па-беларуску. Напярэдадні юбілейных урачыстасцяў з ім пагутарыла Яна Запольская:

Радыё Рацыя: Каб захаваць пэўную лагічнасць развіцця падзей, вернемся на гэтыя 55 гадоў таму і прыгадаем тыя абставіны і асобаў, якія спрычыніліся да паўстання літаратурнага аб'яднання, а таксама прыгадаем ідэі, з якімі людзі прыйшлі да стварэння такога аб'яднання.

Ян Чыквін: Ну, так. 55 гадоў – перыяд усё ж такі значны. І калі зазірнуць у той дзень, 8 чэрвеня 1958 года, то ніхто тады не мог падумаць, што вось гэты дзень адкрывае значную падзею даўжынёю ў 55 гадоў. Людзі розных пакаленняў былі ўжо тады, бо, з аднаго боку, былі асобы, якім было пад 50, і былі асобы, якія мелі 17-18 гадоў. Напрыклад, Валодзя Гайдук і я былі зусім маладыя, Сакрат Яновіч, Восіп Малеша, пра якога цяпер менш згадваецца. Вядома, быў і асноўны ініцыятар паклікання да жыцця такога аб'яднання Георгі Валкавыцкі, быў Віктар Швед, Яша Бурш, Мацей Канапацкі і Вінцук Склубоўскі, Мар'ян Пецюкевіч, Пётр Ластаўка. Таму, як бачыце, гэта была вельмі цікавая група, якую склікаў Георгі Валкавыцкі ў той час. Палітычная, грамадская і культурная сітуацыя, і ўсе мы раптам пасля перыяду нейкага холаду, зімы аказаліся ў вясновым перыядзе. Адчувалася, што ёсць магчымасці арганізоўвацца. Беларускае насельніцтва, якое жыло кампактна тут, на Беласточчыне, не магло ў такі спрыяльны перыяд, у такім клімаце, уздыме не адгукнуцца творчасцю. Бо творчасць – гэта тая дзялянка, дзе чалавек найпаўней можа рэалізаваць сваю свабоду. І я думаю, што Валкавыцкі геніальна ўлавіў гэты дух часу.

РР: Ёсць такая прымаўка: як карабель назавеш – так ён і паплыве. Наколькі гэта можна аднесці да назвы «Белавежа»? Увогуле, чыя была ідэя так назваць літаратурнае аб'яднанне? Ці яна ўзнікла супольна? 

Ян Чыквін: Назва «Белавежа» з'явілася ў 1960 годзе, двума гадамі пазней за ўзнікненне аб'яднання. Я помню гэты час, нашую сустрэчу, калі мы разважалі над назваю. Хіба гэта была прапанова Алеся Барскага. І назва была прынятая. Яна падабалася ўсім, бо недзе гэта была і пашана да Валкавыцкага, які з'яўляецца белавежцам у прамым сэнсе, паводле нараджэння. «Белавежа» – гэта і назва пушчы, гэта і Белая вежа. Ёсць і гарызантальныя сэнсы нейкія, і вертыкальныя. Адным словам, схопліваецца ў гэтай метафары «Белавежа» нешта вельмі рэальнае, канкрэтнае, нашае і нешта метафізічнае. І ў «Белавежы» ёсць паняцце прырода, лес, магутнасць, непрамінальнасць і ёсць шмат кіслароду. Усе разам гэта існуе ў патэнцыі самой назвы «Белавежа».

РР: Калі прыгадвалі самыя пачаткі «Белавежы», то казалі, што сабраліся людзі розных узростаў. Калі глянуць на цяперашніх сябраў, цяперашніх «белавежцаў», то можна сказаць тое самае. Ці вы пазнаяце тую ж самую атмасферу ў «Белавежы» цяпер?

Ян Чыквін: І так, і не. Ёсць нібы рэха той самай «белавежскай» атмасферы з 50-х гадоў, але ёсць і нешта іншае. І гэта таксама натуральна. Адчуваецца, што нажніцы паміж старэйшым пакаленнем і маладзейшым адкрываюцца штораз мацней. Усё ж такі старэйшае пакаленне: Віктар Швед, Дзмітры Шатыловіч, Васіль Петручук, Алесь Барскі – гэта людзі, якія ў значным узросце. І я вельмі рады, што яны маюць у сабе нейкую рысу гётэўскую: у 80 гадоў і звыш 80-ці яны аказваюцца творчымі. І гэта рэдкая сітуацыя, калі людзі ў такіх гадах, а ім хочацца пісаць. І пішуць з душэўнага парыву, а не з-за таго, што жывуць за кошт творчасці. І ў гэтым яны перамагаюць малодшых, якія – я, магчыма, памыляюся, – разлічваюць на тое, што, калі будуць пісаць па-беларуску, будуць мець нейкія матэрыяльныя карысці. Ёсць у мяне нейкае такое адчуванне. А гэта памылковы падыход.

РР: Давайце паспрабуем глянуць трошкі ў будучыню і яе перспектывы.

Ян Чыквін: Сам не ведаю, як я гляджу ў будучыню – з песімізмам ці аптымізмам. І не хочацца нават паглыбляцца ў гэтую перспектыву. У 1958 годзе мы не думалі пра перспектыву ніякім чынам. Я думаю, што спакайней на душы, калі не думаць і не разважаць пра тое, што будзе, калі не стане таго і таго. Не, давайце не будзем заглядаць. 55 гадоў «Белавежы» паказваюць, што яе існаванне апраўдала сама гісторыя.

29 чэрвеня, у суботу, літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” арганізуе юбілейныя ўрачыстасці. На іх збяруцца не толькі чальцы аб’яднання, але і шматлікія госці, у тым ліку з Беларусі.

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" шчыра віншуе ўсіх сяброў аб'яднання "Белавежа" і зычыць нязгаснага натхнення, добрага настрою і плёну ў творчай працы!