Яўген Вапа пра Дзень свабоды: Гэта была кантраляваная свабода

24 гады таму ў Польшчы прайшлі першыя паўсвабодныя выбары, якія сталі кропкай адліку, што змяніла лёс краіны: Польшча станавілася дэмакратычнай. Тады ж упершыню за многія гады ў выбарах таксама бралі ўдзел беларусы, у тым ліку тагачасны старшыня Беларускага аб'яднання студэнтаў, сёння – старшыня Беларускага саюза ў Польшчы, старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа і госць нашай студыі.

РР: Ці думалі вы 24 гады таму, што гэты дзень зменіць гісторыю?

Яўген Вапа: Мы, напэўна, думалі пра тое, каб нашыя кандыдаты з беларускага выбарчага камітэта, якія пайшлі самастойна, атрымалі найлепшы вынік. Таму ўсе нашыя дзеянні апошнімі месяцамі былі гэтаму падпарадкаваныя. Так склалася, што беларусы як адзіная нацыянальная меншасць самі стварылі сваю структурную апазіцыю, якая мела свой голас, свае прапановы, каб выйсці на шлях дэмакратычнай барацьбы са сваімі канкрэтнымі жаданнямі. І гэта былі жаданні наконт нашай беларускай нацыянальнай меншасці. Першапраходцам усяго гэтага быў у арганізаванай форме ўзніклы Беларускі клуб, які яднаў і студэнтаў, і навукоўцаў, і пісьменнікаў, якія займаліся беларускай справай, які займаў сваё адметнае становішча наконт беларускага пытання і які стаў ў пэўны момант партнёрам у размове з польскімі структурамі, з грамадзянскім камітэтам «Салідарнасці», якому належыць галоўная роля ў змаганні з камуністычнай сістэмай.

Трэба сказаць, што мы мелі прадстаўнікоў ў грамадзянскім камітэце АКП пры Леху Валенсе, была камісія нацыянальных меншасцяў, у якую уваходзіў Сакрат Яновіч і я. Таксама наш голас быў чутны. А старшынём гэтай камісіі быў Яцэк Курань, які добра арыентаваўся ў справах меншасці і быў той асобай, якая ў размовах з палітыкамі ўздымала шмат пытанняў. Аднак у 1989 годзе Беларускі клуб і ягоныя лідары вялі размовы наконт таго, каб наш кандыдат таксама стартануў як прадстаўнік у выбарах са спісу АКП. Аднак беластоцкія структуры «Салідарнасці» на гэта не пагадзіліся. І тут было разыходжанне меркаванняў паміж Беластокам і Варшавай, як гэта бывае вельмі часта ў розных поглядах і розных справах. Ясна было, што мы не можам вось так абыякава пакінуць гэтыя выбары. Таму было вырашана стартануць як Беларускі выбарчы камітэт. Нашымі кандыдатамі былі Яўген Мірановіч і Сакрат Яновіч. Лічым гэта вельмі важнай падзеяй у жыцці нацыянальнай меншасці ў Польшчы з той прычыны, што амаль на 20 гадоў беларусы ўвайшлі як самастойная сіла, якая хацела заняць сваё важнае месца на палітычнай мапе Падляшскага ваяводства. Беларускі выбарчы камітэт даў важны імпульс да таго, каб гаварыць пра нас, як пра гаспадароў на сваёй зямлі, якія маюць свае прапановы, бароняць свае інтарэсы. 

РР: 4 чэрвеня – дзень выбараў. Але цяжка сказаць, што самі выбары змянілі ўвесь працэс, які папярэднічаў гэтым выбарам, паказваў, што змены ўжо надыходзяць. Вы таксама бралі ўдзел у паседжаннях адной з камісій круглага стала.

Яўген Вапа: Гэта была камісія па справах моладзі, дзе быў прадстаўлены наш погляд як Беларускага аб'яднання студэнтаў. Я там выступаў. Але самым важным для нас быў самастойны досвед і радасць выбараў. Гэта была выбарчая радасць, эйфарыя ад таго, што мы штосьці робім самі. І тое, што ўвесь Беласток і Беласточчына былі абклееныя бел-чырвона-белымі плакатамі з надпісамі «Беларусы, пра свае справы будзем гаварыць самі», было для многіх шокам. Заўсёды ад іх імя хтосьці выступаў, прапаноўваў, а тут яны самі нешта хочуць прапаноўваць. Таму гэта быў шок як для большасці, так і для саміх беларусаў. Тут нараджалася шмат пытанняў. Але выбарчая кампанія была той кампаніяй, калі мы як студэнты займаліся перадусім выбарчай прапагандай. Мы аб'ездзілі ўсю Беласточчыну, распаўсюджваючы плакаты і ўлёткі. Некаторыя сябры заездзілі машыны сваіх бацькоў. Гэта была кампанія не такая, як гэта робіцца сёння. Так, у кватэры Сакрата Яновіча ягоная жонка Таня варыла ўсе дні клей. Мы толькі пад'язджалі і загружалі вёдры з гэтым клеем, часта яшчэ гарачыя, толькі з печы. Шмат ездзілі, былі змучаныя, але радасныя, бо верылі, што менавіта наш голас, наш імпульс будзе пачутым. І гэта сапраўды было пачута, бо ў выніку тых жа выбараў узнікла палітычная партыя беларусаў – Беларускае дэмакратычнае аб'яднанне, якое некалькі гадоў займала вельмі важную ролю ў грамадскім жыцці нашай меншасці і ўсяго Падляшша. Менавіта потым, арганізуючы выбарчыя камітэты ў самакіраванне, калі выбары закончыліся вялікім поспехам для беларускіх выбарчых камітэтаў.

РР: З нагоды гэтага дня, які ў Польшчы некалькі гадоў святкуецца як Дзень свабоды, згадваюць пра тыя краіны, у якіх свабодных выбараў няма. Між іншым, згадваецца і Беларусь. Заклік правесці вольныя выбары ў Беларусі гучыць з боку дэмакратычнай апазіцыі, ужо доўгія гады да гэтага заклікаюць міжнародныя структуры. На вашу думку, ці выбары вырашаюць усё? Ці з'яўляюцца яны панацэяй? Або трэба мець план не толькі на выбары, але і на далейшае жыццё?

Яўген Вапа: Калі глянуць з перспектывы гэтых гадоў і гадавіны круглага стала першых выбараў у Польшчы, нам здавалася, што тады, у тым узросце, не ведаючы палітычнай кухні, гэта быў вялікі выйгрыш свабоды. Аднак зараз аказваецца, што гэта была кантраляваная свабода, калі дамовіліся дзве плыні, не было поўнасцю свабодных выбараў, а эфектам была тоўстая крэска, якая дазволіла камуністам перайсці ў посткамунізм, захоўваючы свае ўплывы ў бізнесе, у структурах службаў дэкамунізацыі. У Польшчы гэтага не адбылося. І з перспектывы часу, на маю думку, гэта было дрэннае рашэнне. Я лічу, што якраз гэта запаволіла дэмакратычныя працэсы ў Польшчы. Гэта мая рэфлексія з перспектывы таго часу. Тады мы верылі зусім інакш: мы проста скарысталіся нагодай стартануць у выбарах, якая выпала нам, беларусам.

Калі казаць пра Беларусь і свабодныя выбары, то даводзіцца кожны раз наступаць на тыя ж граблі. Ёсць пэўныя стандарты, якіх трэба прытрымлівацца. Зараз ёсць розныя погляды на тое, што будзе пасля таго, калі выйгрыш стане магчымым. І калі няма яснай праграмы, то нічога нельга атрымаць з гэтага, нават калі выбары пройдуць свабодна. Тут выразна трэба сказаць, што мусіць быць зроблена дэкамунізацыя, дэлукашызацыя, суддзі, якія садзілі людзей у турмы, мусяць быць прыцягнуты да адказнасці, як і тыя настаўнікі, старшыні камісій на выбарчых участках, якія фальшавалі вынікі гэтых выбараў. За крыўду грамадству, сваёй краіне, дзяржаўнасці – а гэта якраз тое, што робіцца апошнімі гадамі, – мусяць адбыцца справядлівыя суды. І пра гэта сёння апазіцыя мусіць заяўляць адным голасам.

Цалкам гутарку слухайце ў гукавым файле тут.

Гутарыў Зміцер Косцін