Вітаўт Кіпель: «Амерыканская крытыка падкрэслівае, што Быкаў увёў беларускасць у літаратуру»

Пра Васіля Быкава піша Дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель.

«Перад тым як гаварыць пра спадчыну Васіля Быкава ў Амерыцы, варта напомніць, як Васіль Быкаў прыйшоў у Амерыку да амерыканскага чытача і, безумоўна, да амерыканца-беларуса.

Вітаўт Кіпель. Фота Радыё Свабода

Вітаўт Кіпель. Фота Радыё Свабода

Прыход Васіля Быкава ў Амерыку адбыўся на пачатку 60-х гадоў. Тады з’явіліся першыя англамоўныя ягоныя творы: „Альпійская балада“, „Трэцяя ракета“. І на гэтыя творы з’явілася крытыка, прычым крытыка адразу была досыць шырокая як у англамоўных літаратурных часопісах, гэтак і ў іншамоўных, у тым ліку ўкраінскім і беларускім. І крытыка адразу звярнула ўвагу на Васіля Быкава, што ён асвятляе падзеі Другой усясветнай вайны ў дэталях, якіх да гэтага часу не было. Але асноўнае, што крытыка заўважыла, — што ён аналізуе псіхалагічнага ўдзельніка гэтай вайны, чаго да тога часу, як зазначалі крытыкі, у савецкай літаратуры не было.

Дарэчы, у 67 годзе мы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва, дапамаглі выдаць „Мёртвым не баліць“, якой асобнай кнігай да таго часу не было.

Я мушу зазначыць, што ў Калумбійскім унівэрсітэце ў Гарымэнаўскім інстытуце стаць вялікі прыгожы бронзавы бюст Васіля Быкава, які зрабіў і падарыў гэтаму інстытуту Алесь Шатэрнік. Інстытут Гарымана спецыялізуецца якраз у літаратуры міжнацыянальных дачыненняў у рэгіёне былога Савецкага Саюзу.

У каледжах багатая літаратура пра Васіля Быкава і досыць багата перакладаў ягоных твораў. Тут глядзяць на Быкава як на вельмі таленавітага пісьменніка, які закрануў псіхалагічныя аспекты ваеннага часу, бо сам быў удзельнікам вайны, гэтаксама закрануў сталіншчыну, раскулачванне, гэтым самым увёў беларускасць у літаратуру, бо ён аналізуе беларусаў, іхнія паводзіны. І амерыканская крытыка якраз на гэта і звяртае ўвагу і падкрэслівае, што гэта пісьменнік, які разглядаў і ваенны час, і той час, які папярэднічаў ваенным падзеям. І гэта вялікая справа для нас, беларусаў».


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение