Рада БНР патрабуе вываду расійскіх вайсковых аб'ектаў

У Нью-Ёрку ў памяшканні грамадскага цэнтра пры царкве Св. Кірылы Тураўскага прайшла XXVIII сесія Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У сваім выступе старшыня Рады Івонка Сурвілла вызначыла галоўныя мэты дзейнасці, сярод якіх – захаванне незалежнасці Беларусі, вызваленне палітвязняў, спрыянне дэмакратычным пераўтварэнням на Бацькаўшчыне. Дзеля гэтага сябры Рады будуць працягваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі парламентаў і ўрадаў сваіх краінаў. Івонка Сурвілла адзначыла як станоўчы факт, што ў апошні час зрабіліся больш шчыльнымі кантакты Рады з лідарамі палітычных і грамадскіх арганізацый на Бацькаўшчыне, што паспрыяла і прыняццю летась т. зв. Віленскага Мемарандуму.
 
Павал Шаўцоў і Зянон Пазьняк. Фота Радыё Свабода
Павал Шаўцоў і Зянон Пазьняк. Фота Радыё Свабода
На сесію ў якасці госця быў запрошаны першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц, які абгрунтаваў мэтазгоднасць прызнання ўрадам ЗША Рады БНР як адзінага легітымнага беларускага ўраду. Таксама на сесію быў запрошаны старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі-БНФ Зянон Пазьняк – у сваім выступе ён зрабіў аналіз сітуацыі ў беларускай дыяспары.
Рада БНР прыняла рэзалюцыю ў справе размяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расійскіх вайсковых базаў. «З прыходам да ўлады А. Лукашэнкі, які расплочваецца за адсутнасць эканамічных рэформаў Незалежнасцю краіны, палітыка Крамля набыла прыкметы акупацыйнай – адзначаецца ў дакуменце. – На тэрыторыі Беларусі ўжо існуюць два расійскія вайсковыя аб'екты – у Вялейцы і пад Ганцавічамі, рэгулярна праводзяцца сумесныя з Расеяй вайсковыя манеўры, падчас якіх адпрацоўваецца нанясенне ўдараў па тэрыторыі дзяржаваў Еўрапейскага Саюзу. З улікам таго, што ўлада ў Маскве знаходзіцца ў руках КДБ-ФСБ, а расійская вайсковая дактрына накіраваная супраць дэмкратычных краінаў Захаду, Беларусь робіцца закладнікам імперскіх інтарэсаў Крамля. Усё гэта ставіць пад пагрозу Незалежнасць Беларусі. Рада БНР лічыць недапушчальным размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскіх вайсковых базаў і патрабуе іх неадкладнага вываду». У склад Рады БНР былі прынятыя новыя сябры.