Велікодная беларуская традыцыя ў амерыканскім горадзе

У горадзе Саўт-Рывер у штаце Нью-Джэрсі ў суботу ўвечары, 4 мая, каля праваслаўнай царквы св. Еўфрасінні Полацкай сабраліся прыхаджане і непрыхаджане на традыцыйнае асвячэнне вялікоднае ежы.

Пры сонечным надвор’і ўрачыстасць асвячэння адбылася на траўніку каля царквы. Уздоўж царкоўнага будынку людзі паставілі кошыкі, напоўненыя чырвонымі яйкамі, бабкамі, мяснымі вырабамі, слоікамі з хрэнам ды запаленымі свечкамі.

Настаяцель айцец Міхаіл, у суправаджэнні царкоўнага хору, блаславіў ежу і вернікаў.

Вялікія рэлігійныя святы служаць шмат каму добрай нагодай пабачыцца з сябрамі і знаёмымі, якія жывуць воддаль, але трымаюцца сваіх традыцыяў і захоўваюць памяць пра край паходжання.

Янка Запруднік, фота Ніка Бахара

"Наша Ніва"