У Празе прайшоў Дзень беларускай Вікіпедыі

20 красавіка беларусы Чэхіі пісалі артыкулы на беларускай мове ў сусветную інтэрнэт-энцыклапедыю.

Аднак спачатку арганізатары расказалі ўдзельнікам пра ідэю Вікіпедыі, чаму варта яе стварыць і развіваць. Быў закрануты таксама тэхнічны бок дадавання ў энцыклапедыю артыкулаў. Пасля гэтага беларусы з дапамогай інструктараў пачалі папаўняць беларускую Вікіпедыю.

У выніку самым прадуктыўным удзельнікам  мерапрыемства быў прызнаны дактарант Карлавага ўніверсітэту ў Празе Павел Котаў. Ён, як і іншыя ўдзельнікі сустрэчы, атрымаў у падарунак кнігі з артыкуламі Вікіпедыі пра выбітных асобаў.

Анатоль Міхнавец з “Беларускай Нацыянальнай Памяці” і Томаш Бладынец у сваю чаргу за арганізацыю мерапрыемства атрымалі ад грамадскага аб’яднання беларусаў Чэхіі “Пагоня” медалі.

“Беларуская Нацыянальная Памяць” плануе працягваць арганізацыю мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай Вікіпедыі.

Нагадаем, што Дзень беларускай Вікіпедыі раней ужо прайшоў у Варшаве. Тады самым актыўным аўтарам стаў беларускі палітык Алесь Лагвінец.

euroradio.fm