У польскай сталіцы 23 сакавіка пачаліся святкаванні з нагоды 95-й гадавіны абвяшчэння БНР.
У польскай сталіцы 23 сакавіка пачаліся святкаванні з нагоды 95-й гадавіны абвяшчэння БНР.
Каля ста чалавек узялі ўдзел у шэсці па вуліцах Варшавы з нагоды 95-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
А 13-й гадзіне беларусы Варшавы сабраліся на плошчы Трох Крыжоў. Над удзельнікамі шэсця ўзвышаліся дзясяткі бел-чырвона-белых палотнішчаў, а таксама сцягі Польшчы й Еўрасаюза.
Кажа арганізатар акцыі, сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве Зміцер Бародка: «Мы — беларусы, гэта нашае нацыянальнае свята, і дзе б мы ні былі, мы павінныя гэтую дату ўшаноўваць. 95 гадоў таму нашыя продкі заклалі першы камень у падмурак нашай дзяржавы, а мы гэтую справу павінны завяршыць — адбудаваць наш беларускі дом»
Шэсце вырушыла а 13.30 па так званым Каралеўскім тракце — вуліцамі Новы Свет і Кракаўскае прадмесце ў цэнтры Варшавы.
А 14.00 на Замкавай плошчы ў Старым горадзе пачаўся мітынг.
На мітынгу выступіў старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк: «Мы цяпер у такой сітуацыі, што можам разлічваць перадусім на ўласныя сілы. Памятайма пра гэта. Няхай прыкладам нам будуць нашыя героі, якія змагаліся ў 1918 годзе, і тыя людзі, што дамагліся незалежнасці ў 1991-м».
Прамаўлялі таксама Зміцер Бародка ды Наталля Радзіна.
Прысутныя дзякавалі за салідарнсць палякам, скандуючы па-польску «Менск і Варшава — супольная справа».
Пасля мітынгу можна было пачаставацца беларускімі стравамі.