Nulla dіes sіne lіnea

Пра гісторыка Валянціна Грыцкевіча ўспамінае Мікола Нікалаеў.

Адзін за другім два інсульты — і 6 снежня 2012 года, на 80-м годзе жыцця, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу апынуўся ў коме. Наступныя некалькі месяцаў я кожны дзень яго ўспамінаў, раздумваючы пра барацьбу чалавека і Бога: Гасподзь паклікаў, а чалавек з дапамогай штучнага дыхання, катэтараў, фізраствораў і іншых медыцынскіх дасягненняў не памірае, хаця ў свядомасць не прыходзіць. Калі яго мозг працаваў адэкватна, ён добра сам прааналізаваў гэты стан — Валянцін Пятровіч быў доктар па адукацыі.

Іранічны Оскар Уайлд выказаў аднойчы думку, што чалавек пасля смерці робіцца закладнікам далікатнасці і дасведчанасці сваіх біёграфаў.

Я шмат гадоў ведаю Валянціна Пятровіча Грыцкевіча, аднак не рызыкну пісаць яго біяграфію — праз сваю малую дасведчанасць і баючыся неадпаведнасцяў, якіх бы ён не дараваў. Аднак некалькімі (вельмі суб’ектыўнымі) успамінамі не магу не падзяліцца.

Пазнаёміліся мы ў Ленінградзе досыць нечакана — ён мяне «вылічыў».

Зімой 1979 г. я прыйшоў на паседжанне Геаграфічнага таварыства. Ва ўтульнай зале ў асабняку, спецыяльна пабудаваным для Таварыства яшчэ за царызмам, сабралася багата людзей — выступаў афіцыйна не прызнаны тады гісторык Леў Гумілёў. Па радах хадзіў, як прынята на навуковых паседжаннях, спіс прысутных. Раптам да мяне з задняга раду нахіліўся барадаты чалавек у акулярах і ціхенька спытаў: «Не могли бы Вы указать мне отметившегося в списке Николая Николаева?» Калі пачуў, што гэта я, спытаўся: «Не Ваша ли корреспонденция опубликована в одном из последних номеров минской газеты „Літаратура і мастацтва“?» На той час я менш за год жыў у Ленінградзе. Працуючы ў Публічнай бібліятэцы, знайшоў невядомыя каталогі прыватных беларускіх кнігазбораў і даслаў інфармацыю ў «ЛіМ». Сустрэць падпісчыка і ўважлівага чытача «ЛіМа» ў такой неардынарнай сітуацыі — сапраўды свет цесны! Мы адразу перайшлі на беларускую мову.

Валянцін Пятровіч пераехаў з Мінска ў Ленінград у 1969 годзе. Да гэтага ён паспеў скончыць Мінскі медыцынскі інстытут, атрымаць дыплом доктара і папрацаваць участковым лекарам ва Узлянах Мінскай вобласці, а потым галоўным доктарам Рэспубліканскага эндакрыналагічнага цэнтра ў Мінску. Паколькі «за саветамі» не забаранялася (а нават віталася) завочная і вячэрняя форма адукацыі, ён гэта скарыстаў — паралельна з медінстытутам скончыў завочна мінскі «ін’яз», а як вячэрнік — гістарычны факультэт БДУ. На гістфаку быў любімым вучнем прафесара Лаўрэна Абэцэдарскага.

У Ленінград ён «уцёк» пасля няўдалага першага шлюбу. Спачатку ўладкаваўся доктарам на «хуткую дапамогу», потым працаваў участковым на вул. Касцюшкі — адразу на двух участках. Аднойчы да яго на прыём прыйшла маладая выкладчыца французскай мовы Людміла Міхайлаўна — і з таго часу яны былі разам.

З пачаткам перабудовы Ленінграду вярнулі старую назву Санкт-Пецярбург, і тут узніклі некалькі беларускіх грамадскіх арганізацый: Беларуска-японскае таварыства (старшыня — капітан першага рангу Лявон Навасельскі), мастацкая суполка «Маю гонар» (стваральнік — Іван Чарнякевіч), «Беларуская абшчына Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці» (старшыня — палкоўнік Аляксандр Чарныш).

Аднак найбольш аўтарытэтным было БГКТ — Беларускае грамадска-культурнае таварыства (назву ўзялі такую ж, як і беластоцкія беларусы). Гэта першая пасля вайны грамадская беларуская арганізацыя Ленінграда была створаная ў 1989 годзе, у дзень нараджэння будучага нязменнага старшыні, Валянціна Грыцкевіча.

На арганізацыйны сход ён прынёс сваю новую кнігу «Эдуард Пякарскі. Біяграфічны нарыс» і падарыў з аўтографам будучым супольнікам БГКТ. На маім асобніку надпіс: «Міколу Нікалаеву з найлепшымі пачуццямі! В. Грыцкевіч. 30.ІV.89».

Пасля стварэння БГКТ трэба было забяспечыць працу суполкі — месца для сустрэч, падрыхтаваць выступленні.

Гэта быў клопат Валянціна Пятровіча, хаця іншыя яму дапамагалі. На адным з паседжанняў Лявон Навасельскі ўрачыста далажыў старшыні пра нашу афіцыйную рэгістрацыю ў мэрыі — іншым на гэта патрэбныя былі месяцы, а «дзядзьку Лявону» — адзін візіт (у сваёй форме капітана 1 ранга) і букет гваздзікоў (часы былі бедныя) для дзяўчат-канцылярыстак. Пачалі шукаць беларусаў — і за гэтым справа не стала. Валянцін Пятровіч распачаў працу суполкі з цыклу лекцый пра гісторыю Беларусі — прыходзілі паслухаць студэнты самых розных ВНУ, вайскоўцы, хатнія гаспадыні… Ён заўсёды быў падрыхтаваны сам, па яго даручэнні выступалі іншыя.

Афіцэр-падводнік родам з-пад Слуцка Міхась Прахорчык шмат пазней успамінаў, як няпроста яму было падрыхтаваць даклад пра спрэчную фігуру Пятра Машэрава.

Перабудова была часам знаёмства з былымі «закрытымі» тэмамі і той праўдай пра Савецкі Саюз і яго ўлады, якую шмат каму не хацелася чуць. Важнай агульнай справай першых гадоў існавання БГКТ быў помнік землякам, расстраляным у Ленінградзе ў гады сталінскіх рэпрэсій. Дзякуючы архіўным пошукам сябра суполкі Анатоля Разумава было вядома пра некалькі соцень такіх ахвяр. Наш (пастаўлены разам з літоўцамі) высокі дубовы крыж з вянком калючага дроту быў першым на Левашоўскім могільніку НКВД пад Ленінградам — пазней тут стварыліся мемарыяльныя могілкі з многімі дзясяткамі помнікаў. Склалася традыцыя прыходзіць да крыжа на Дзяды.

Супольнікі, запаліўшы свечкі і ўсклаўшы кветкі, стаялі паўколам каля крыжа, а Валянцін Пятровіч чытаў з маленькага беларускага малітоўніка малітву. Заўсёды гэта выходзіла ў яго спакойна-ўрачыста. Далей паміналі за чаркай, пры лаўках, што стаялі ўбаку.

Сустрэць на чужыне і земляка, і навукоўца-гісторыка ў адной асобе для мяне было падарункам неба. Гэта была і практычная парада, і дапамога, аднак галоўнае было ў іншым: ад Валянціна Пятровіча зыходзіла нічым не перадаваная аўра спакойнай удумлівай размовы. Пасля гутаркі з ім — а тая гутарка магла працягвацца гадзінамі — твае веды набывалі сістэму, былі гатовыя для запісу на паперу. Заўсёдным «каньком» і актуальнай тэмай для яго былі крыніцазнаўства і метадалогія гісторыі. Усе размовы пачыналіся задумамі (ён не хаваў ніколі сваіх намераў і планаў, і яму плацілі тым самым), а прыходзілі да абмеркавання пытання — які найлепшы, найправільнейшы, найдакладнейшы спосаб, каб задуманае зрабіць, якія дакументы, мемуары, гістарычныя даследаванні выкарыстаць, каго з сучасных даследчыкаў крытыкаваць, чыю працу працягваць… Ён у 2000 г. нават кніжку выдаў — дапаможнік для студэнтаў «Тэорыя і гісторыя крыніцазнаўства» (у Пецярбургу, па-расійску) і ў гэтым жа годзе ў Мінску, па-беларуску, больш хлёсткую і дапасаваную да гісторыі Беларусі кнігу «Гісторыя і міфы». Змаганне за гістарычную праўду не было лёгкім. 18 студзеня 2004 Валянцін Грыцкевіч на суполцы расказваў, як «нейкі гісторык» абвінавачваў яго ў наўмысным скажэнні гісторыі, быццам бы гістарычнай праўды не бывае ўвогуле, але ўсё пра гісторыю — гэта выдумкі гісторыкаў.

Сам выдатны знаўца некалькіх замежных моваў, Грыцкевіч вучыў не баяцца іншамоўных крыніц і даследаванняў, абавязкова іх выкарыстоўваць.

Вельмі зблізіла нас і тое, што мы скончылі адзін і той самы гістфак БДУ, хаця і з розніцай большай, чым дваццаць гадоў, — некаторыя яго аднакурснікі былі маімі настаўнікамі, знайшліся людзі, якія вучылі і мяне, і яго — прафесары Леў Шнэерсон і Фёдар Нячай, напрыклад.

Навуковую творчасць Валянціна Пятровіча можна падзяліць на тры вялікія галіны: гісторыя медыцыны, падарожжы і музеязнаўства.

На гісторыка-медыцынскую тэму ён напісаў тры кнігі: «Ваенныя медыкі — кавалеры ордэна Славы трох ступеняў» (Л., 1975, сумесна з Ф. Сатрапінскім), «З факелам Гіпакрата» (Мінск, 1987), «Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая» (Мінск, 1989). Не менш значнай справай быў яго анатаваны каталог «Успаміны і дзённікі ў фондах ваенна-медыцынскага музея». Пасля выхаду «Факела Гіпакрата» мы з калегам Валерыем Антонавым надрукавалі на гэтую кнігу ў часопісе «Полымя» крытычную рэцэнзію. Не таму, што кніжка была кепская — наадварот, вельмі добрая кніга па гісторыі медыцыны Беларусі. Але крытычная рэцэнзія — найлепшы з усіх вядомых спосабаў прыцягнуць да навінкі ўвагу. Толькі нашмат пазней я зразумеў, што пераважная большасць аўтараў пакрыўдзілася б — але толькі не Грыцкевіч! Ён падзякаваў за некаторыя ўдакладненні і працягваў ставіцца да нас добразычліва-роўна. Нашы наіўныя развагі пра тое, што ён недаацаніў ролю моцных спіртных напояў, якія маглі выкарыстоўваць для медыцынскіх мэтаў беларусы, асабліва ў ХІХ стагоддзі, Валянцін Пятровіч пакінуў без каментароў.

Другая плынь яго заняткаў і зацікаўленняў — гісторыя падарожжаў — шэсць кніг: «Падарожжы нашых землякоў» (Мінск, 1989), «Дзесяць шляхоў з Вільні» (Вільня, 1979, на літоўскай мове), «Нашы славутыя землякі» (Мінск, 1984), «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна» (Мінск, 1986), «Эдуард Пякарскі» (Мінск, 1989), «Шляхі вялі праз Беларусь» (Мінск, 1980, супольна з А. Мальдзісам).

Падарожнікамі-беларусамі — даследчыкамі Сібіры і Далёкага Усходу — у пераважнай большасці былі «нядобранадзейныя» шляхцічы, удзельнікі антыцарскага падполля і паўстанняў. Вяртаючы памяць пра гэтых людзей, расказваючы пра іх велізарны ўклад у геаграфію, геалогію, палеанталогію і іншыя кірункі навукі, Грыцкевіч рабіў неацэнную справу разбурэння міфаў бальшавіцкай гістарыяграфіі. У тым, што сёння прафесар Леў Крыштаповіч са сваім адмаўленнем ролі шляхты ў культурнай эвалюцыі беларускага народа з’яўляецца «белай варонай» і фігурай хутчэй смешнай, чым сур’ёзнай, — неацэнная заслуга кніг Валянціна Грыцкевіча.

Нягледзячы на вялікі даробак, Валянцін Пятровіч доўга не мог абараніць доктарскую дысертацыю. Справа была ў патрабаваннях Вышэйшай атэстацыйнай камісіі: ён быў кандыдат медыцынскіх навук, і з доктарскай па гісторыі яго «не прапускалі».

Калі ж уведзеная была новая спецыяльнасць — культуралогія, — Валянцін Грыцкевіч стаў адным з першых у Расіі, хто атрымаў ступень «доктар культуралогіі». Для гэтага ён не перарабляў раней напісаныя кнігі, а практычна з нуля распрацаваў новы кірунак — гісторыю музейнай справы, напісаўшы ў 2001—2009 гг. чатыры манаграфіі на гэтую тэму і ў дадатак «Гісторыю турызму ў старажытнасці» (СПб., 2005). Першым апанентам на яго абароне выступаў дырэктар Эрмітажа Барыс Піятроўскі, ён і першы высока ацаніў плён гэтых даследаванняў.

Шырокія знаёмствы меў Валянцін Грыцкевіч з нацыянальнай элітай (сам, безумоўна, да яе належачы). Ён ведаў віленскага Лявона Антонавіча Луцкевіча, праз якога далучыў да суполкі пецярбургскіх Луцкевічанак — Марыю Чапялёву і Маргарыту Пярову, ён сябраваў з дачкой акадэміка Галінай Максімаўнай Гарэцкай, якая па іроніі лёсу жыла ў Ленінградзе на праспекце Бальшавікоў, што расстралялі бацьку, ён ліставаўся з маскоўскім выдаўцом беларускіх летапісаў Мікалаем Улашчыкам.

Сябраваў з Міхасём Ткачовым і Алегам Трусавым. Да мінскай навуковай эліты належыць і родны брат Валянціна — гісторык Анатоль Пятровіч Грыцкевіч. Кантакты гэтых двух чалавек дзівосныя сваёй паслядоўнасцю: шмат дзесяцігоддзяў запар яны рэгулярна ліставаліся, пасылаючы адзін другому сямейныя, а таксама гістарычныя і літаратурныя навіны. Сабраная ў шматлікія папкі, гэта перапіска пераехала разам з Валянцінам Пятровічам з кватэры на Благадатнай у кватэру на Маёрава, потым у кватэру на Луначарскага, потым на Петраградку, займаючы ўсё больш і больш месца…

Калі я паспрабаваў вылучыць найбольш важныя рысы Валянціна Пятровіча, выйшла такая паслядоўнасць:

1. Быў энцыклапедыстам і не саромеўся няведання.

2. Калі з’яўляліся доказы няслушнасці, не саромеўся адмовіцца ад таго, на чым грунтаваўся (праява шчырасці). Так сталася з ацэнкай пазіцый Лаўрэна Абэцэдарскага — В. Грыцкевіч вучыўся ў яго, але, стаўшы самастойным гісторыкам, адышоў ад пастулатаў свайго прафесара.

3. Адказнасць за справу і за народ. Ён стварыў суполку і падтрымліваў яе сваёй працай дваццаць гадоў — ад 1989 да 2009, пакуль амаль не страціў слых.

4. Шмат ведаў, больш, чым хто вакол. Тры вышэйшыя адукацыі і неверагодная начытанасць гэта забяспечвалі. Ён умеў слухаць і ўспрымаў новую інфармацыю з зацікаўленасцю і ўдзячнасцю. Цікавіўся ўсім: як доктар — біялогіяй (хіміяй, фармацэўтыкай), як гісторык — акрамя Беларусі Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Каўказам, Літвой, Сібір’ю і Афрыкай (мне, які пад словам «азербайджанец» меў вобраз гандляра садавіной з Камароўкі, ён мог нечакана расказаць, якія перасяленцы з Азербайджана жывуць у БССР і чаму яны ворагі клану партыйнага лідара Гейдара Аліева). Ён ведаў пра чырвоных кхмераў не менш, чым пра Чэ Гевару, ведаў, чым адрозніваюцца маскоўскія беларускія суполкі адна ад другой, ведаў пра палонных у вайне 1905 японцаў, якія аселі (і асіміляваліся) у беларускіх вёсках пад Мінскам…

5. Пазбягаў фанатызму, не спяшаўся, не «гнаў» у выданні навуковай прадукцыі.

6. Быў чалавекам надзвычай працавітым — nulla dіes sіne lіnea. Аднойчы ён паказаў вялікую скрынку з паштовымі цэтлікамі — іх сотні! Гэта былі «ганарарныя» квіткі з раённых і абласных газет усяго СССР. Валянцін Пятровіч не саромеўся пісаць папулярныя тэксты для газет, а веданне гісторыі падарожжаў давала магчымасць пісаць той самы тэкст у два месцы: на радзіму падарожніка (звычайна гэта нейкая беларуская «раёнка») і на месца, якое зямляк-падарожнік даследаваў (тут геаграфія самая шырокая). Для беднага савецкага інтэлігента, які не ездзіў траляваць лес на Байкал альбо будаваць нафтаправоды, гэта быў добры заробак.

7. Талерантнасць. Пасля адмены ваяўнічага атэізму паўстала праблема звароту да традыцыйнай царквы. У пачатку 1990-х пецярбургскія беларусы ў колькасці пятнаццаці чалавек прыйшлі на прыём да мітрапаліта Іаана (Снычава) прасіць дабраславення на стварэнне ў горадзе беларускага прыходу. Уладыка — чалавек вельмі праніклівы — заўважыў: «Але сярод вас ёсць людзі неўцаркоўленыя». Мы ўсе былі адукаваныя пры ваяўніча-атэістычных «саветах» і неўцаркоўленыя — у найлепшым выпадку таемна ахрышчаныя. Адна дама з прысутных устала і сказаўшы: «Чаму гэта ўсе паглядзелі на мяне?» — выйшла. Астатнія, на чале з Валянцінам Пятровічам, працягвалі размову з мітрапалітам і атрымалі дабраславенне.

8. Смеласць. Мы баяліся, што нас назавуць нацыяналістамі (з адпаведнымі аргвысновамі). Валянцін Пятровіч не баяўся. Пры тым асуджаў некаторых, хто, падбухтораны недалёкімі палітыкамі, пасмейваўся з «трасянкі» кіраўнікоў БССР (а потым і незалежнай Беларусі) — як у ваду глядзеў. Калі ва ўладу прыйшоў харызматычны Лукашэнка, ён гэтыя «прыколы» лёгка скіраваў у адваротны бок, стварыўшы ў свядомасці большасці грамадзян вобраз ворага Рэспублікі Беларусь, шарагоўца «пятай калоны», якога можна лёгка апазнаць па карыстанні беларускай мовай. Спалоханыя абываталі (асабліва чыноўнікі) пачалі трактаваць родную мову сваіх бацькоў і дзядоў прыкладна так, як чорт трактуе ладан. Выступаць у абарону стала нялёгкай задачай, аднак В.Грыцкевіч працэс наўмыснага знішчэння беларускай мовы смела і шчыра назваў вельмі непрыемным, але адпаведным тэрмінам — лінгвацыд. Ён занадта добра ведаў наступствы такой палітыкі, каб маўчаць.

9. Таямніца Грыцкевіча — пераклады. Толькі аднойчы ён чытаў свае пераклады паэзіі (з рускай Цютчава, з англійскай Кіплінга, калі я не пераблытаў) на суполцы. Не ведаю, ці надрукаваныя гэтыя вершы, але ўражанне яны зрабілі моцнае.

10. Валянцін Пятровіч пачціва ставіўся да нацыянальнай сімволікі: герб «Пагоня» быў выразаны на пячатцы БГКТ, на ўрачыстых зборах суполкі ён разгортваў бел-чырвона-белы сцяг. Мы разам вывучалі геральдыку ў семінары намесніка дырэктара Эрмітажа Георгія Вілінбахава (цяпер Галоўны геральдмайстар Расіі). Сам семінар і Георгія Вадзімавіча «знайшоў» Валянцін Пятровіч. Пры гэтым ён не асуджаў фантазійных «сцягоў з нацыянальнай сімволікай», калі ў сярэдзіне бел-чырвона-белага сцяга намаляваная Пагоня, хаця ведаў, што яны маюць такое ж дачыненне да геральдыкі, як сцэнічныя касцюмы «Песняроў» — да нацыянальнага беларускага адзення.

Валянцін Грыцкевіч не быў аблашчаны ўладамі, але быў сябрам Вялікай Рады Згуртавання «Бацькаўшчына», сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы, Міжнароднага ПЭН-Цэнтра, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам Расійскага геаграфічнага таварыства, Пецярбургскага таварыства гісторыкаў медыцыны, замежным сябрам Беларускага таварыства гісторыкаў медыцыны.

Ён памёр 5 сакавіка 2013, у адзін дзень з кампазітарам Сяргеем Пракоф’евым, генсекам Іосіфам Сталіным і прэзідэнтам Венесуэлы Уга Чавэсам.

Адпявалі 11 сакавіка аб 11-й раніцы ў храме Дзяржаўнай іконы Божай Маці, што на праспекце Культуры. Святар і два пеўчыя сваю справу выконвалі сумленна, здзіўлення свайго не выказвалі, хаця дзівіцца было на што. Спачатку ў царкве быў заўважаны каталіцкі ксёндз.

Ксёндз быў у сутане з белай стулай (епітрахіллю), вышытай чырвонымі крыжамі. Пакуль людзі збіраліся, ён засяроджана маліўся да іконы Багародзіцы. Гэта быў ксёндз Міхал Яноха, выдатны знаўца і выкладчык гісторыі мастацтва, аўтар кніг пра праваслаўныя іконы, мастацкія артэфакты часоў Рэчы Паспалітай у зборах Ватыкана. Калі пачалося адпяванне, да пеўчых далучыліся яшчэ два галасы: Лявон Габрусёнак, саліст пецярбургскага тэатра «Пяро Паўліна», і выпускнік варшаўскай праваслаўнай духоўнай семінарыі Віталій Міхальчук. Яны не толькі ведалі канон, але і далікатна ўпісалі свае больш моцныя галасы ў агульнае гучанне. Пасля адпявання ксёндз Міхал голасна прачытаў малітву па-польску і сказаў некалькі словаў па-руску: прыпомніў, як ён аднойчы, гасцюючы ў Пецярбургу, заначаваў у рабочым кабінеце Грыцкевіча, пранікаючыся мудрасцю кніг і энергетыкай рукапісаў. Успомніў, як яны падарожнічалі па Польшчы, гісторыю якой нябожчык-беларус ведаў глыбей, чым ён, карэнны паляк… Потым паўтарыў тую ж думку, што хвілінай раней прамовіў праваслаўны святар: пасля зямнога жыцця душа памерлага чуе нашыя малітвы, і таму мы заўсёды будзем прасіць Бога за Валянціна Пятровіча. Гэта было сапраўды экуменічнае служэнне — кожны шчыра памаліўся паводле свайго звычаю. Калі пакрывалі труну, Лявон Габрусёнак па-беларуску чытаў «Ойча наш».

Мікола Нікалаеў, Пецярбург

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение