У Вільні пахавалі Рамана Вайніцкага

У Вільні 9 сакавіка пахавалі Рамана Вайніцкага, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, намесніка дырэктара Віленскай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, прэзідэнта Асацыяцыі беларускіх грамадскіх арганізацыяў Літвы, кіраўніка клуба «Сябрына», віцэ-старшыню Рады нацыянальных супольнасцяў Літвы пры Міністэрстве культуры.

Ушанаваць яго памяць прыехалі беларусы з усёй Літвы, на цырымоніі сабралася каля сотні чалавек розных нацыянальнасцяў, грамадскіх дзеячоў, палітыкаў, афіцыйных асобаў, беларускіх дыпламатаў разам з амбасадарам Беларусі ў Літве У. Дражыным. Пахаванне было арганізаванае пышна, з ганаровай вартай ля труны і з кранальнай цеплынёй: сярод мноства кветак і вянкоў стаялі развітальныя паштоўкі, зробленыя вучнямі гімназіі, са словамі падзякі і смутку.

Рамана Вайніцкага ў Вільні згадваюць як дзеяча, які не падтрымліваў ні рэжым у Беларусі, ні супраціў рэжыму, які імкнуўся аб’яднаць і прымірыць беларусаў Літвы незалежна ад іх палітычных поглядаў, як добрага і ветлівага да ўсіх чалавека.

Усе цяпер прыгадваюць ягоныя словы як напамін, што найважнейшыя не ўласныя амбіцыі, а любоў да Беларусі: «Нас шмат, але Беларусь у нас адна, так што нам няма чаго дзяліць».

Цяпер, калі на пахаванне сабраліся з усёй Літвы беларускія актывісты самых розных поглядаў, якія даўно не бачыліся і не размаўлялі адзін з адным, яны сумна паўтаралі: «Вось спадар Раман і сабраў нас усіх разам».

Паводле “Радыё Свабода”