Еўрапейскія прыгоды Джоан і Вячкі Станкевічаў

У Амерыцы ў выдавецтве Outskirts Press выйшла кніга Джоан Айві Станкевіч «Жыццё з водарам небяспекі: Еўрапейскія прыгоды падчас падзення камунізму».

У Амерыцы ў выдавецтве Outskirts Press выйшла кніга Джоан Айві Станкевіч «Жыццё з водарам небяспекі: Еўрапейскія прыгоды падчас падзення камунізму».

У кнізе ўспамінаў апісваюцца асабістыя ўражанні аўтаркі ад падзеяў, якія суправаджалі падзенне камунізму ва Усходняй Еўропе.

Джоан расказвае, як яны разам з мужам — актыўным дзеячам беларускай дыяспары, колішнім дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода Вячкам Станкевічам — падпольна сустракаюцца з беларускімі дысідэнтамі з-за Жалезнай заслоны, удзельнічаюць у з’ездзе ў Мінску, дзе міністр замежных справаў раіць эмігрантам не патрабаваць занадта вялікіх зменаў.

Праца мужа на Радыё Свабода патрабуе пераезду з Нью-Джэрсі ў Мюнхен, а пасля ў Прагу.

«У Вашых успамінах дакладна і дэтальна адлюстраваны дух таго часу, у якім жыла і я», — кажа Яна Оўтратава, заснавальніца Пражскай міжнароднай жаночай сеткі, жонка былога чэшскага сенатара.

«Гэтая кніга — жывая гісторыя… Вас чакае незвычайнае падарожжа. Зашпіліце рамяні бяспекі», — піша ў прадмове да кнігі цяперашні дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук.

«Захапляльныя падарожжы ў далёкія краіны — мара майго дзяцінства, праведзенага на ціхаакіянскім паўночным захадзе ЗША — зрабіліся рэальнасцю, калі я выйшла замуж за Вячку Станкевіча і мы пад канец Халоднай вайны перабраліся ў Еўропу. Нашы часам небяспечныя прыгоды я і апісала ў сваёй кнізе», — кажа Джоан Станкевіч.

Радыё Свабода