Памёр Сакрат Яновіч

Стала вядома, што ў нядзелю, 17 лютага, на 77 годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр сябра МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Сакрат Яновіч.

Стала вядома, што ў нядзелю, 17 лютага, на 77 годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр сябра МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Сакрат Яновіч. Ён быў вядомы беларускім літаратарам, публіцыстам, грамадскім дзеячам, інтэлектуалам, перакладчыкам. Удзельнічаў у кіраванні Беларускім літаратурным аб’яднаннем “Белавежа”, быў старшынёй згуртавання Villa Sokrates і адным са стваральнікаў аднайменнага фонду, якому ён перадаў свой дом. Сакрат Яновіч з’яўляўся ініцыятарам і арганізатарам міжнароднага літаратурна-навуковага мерыпрыемства “Трыялог” у Крынках. Ён напісаў больш за 30 кніг, у ліку якіх - "Terra incognita: Беларусь", “Самасей” і “Сцяна”. Творы Сакрата Яновіча перакладаліся на ангельскую, нямецкую, італьянскую мовы. Апошнія гады жыцця Сакрат Яновіч вёў дзённікі, дзе натаваў падзеі, што адбываліся вакол, каб захаваць жыццёвыя факты для нашчадкаў.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні ўсім блізкім і родным Сакрата Яновіча, усім, хто яго ведаў і шанаваў. Вечная яму памяць!

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Фота: "Радыё Свабода"